• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Трэція суткі пасля захопу самалёта – прэс-брыфінг Святланы Ціханоўскай

    25 мая, 2021

    «Пайшлі трэція суткі з захопу самалёта з Раманам Пратасевічам і яго дзяўчынай Сафіяй Сапега. Раман знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, Сафія – на Акрэсціна. Адваката да яе не пускаюць. Думаю, шмат хто ўжо паглядзеў відэа з Раманам, знятае ў засценках турмы. Ён кажа, што з ім нармальна абыходзяцца, але ён відавочна збіты і падаўлены. Мы не сумняемся, што яго могуць катаваць. Яго ўзялі ў закладнікі – як і 421 палітвязня, як і тысячы людзей, якія яшчэ не прызнаныя вязнямі сумлення, але знаходзяцца ў турме. Яго ўзялі ў закладнікі, як і 9 мільёнаў беларусаў.

    Але ў небяспецы не толькі грамадзяне Беларусі, і ўвесь свет гэта зразумеў. Многія краіны ўжо далі вызначэнне дзеянням рэжыму – гэта дзяржаўны тэрарызм. І мы бачым рашучую рэакцыю іншых дзяржаў і грамадзянскай авіяцыі. Авіякампаніі адна за адной спыняюць палёты над Беларуссю, краіны – закрываюць свае межы для самалётаў Белавія. Украіна цалкам закрывае авіязносіны з Беларуссю, ЕС разгледзіць такую   магчымасць. Але прыпыненне ўсіх палётаў з Беларусі не вырашае першапачатковай праблемы. Праблема – у тэрарыстычным рэжыме, які парушае Канстытуцыю, міжнародныя законы і фальсіфікуе выбары. Масавыя санкцыі супраць рэжыму і падтрымка грамадзянскай супольнасці, а таксама дыялог пра новыя выбары – вось што нам трэба.

    Мая каманда працягвае заставацца на сувязі з бацькамі Рамана. Не магу ўявіць, што адчулі яго маці і бацька, калі ўбачылі ролік з закатаваным у турме сынам. Але я ведаю, што яны працягваюць змагацца за яго свабоду.

    Мы каардынуем працу з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл, пастаянна застаемся на сувязі з Паўлам Латушкам. Учора я правяла тэлефанаванне з Вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазепам Барэлем. Ён паведаміў нам, што ЕС плануе прыняць 4-ты пакет санкцый і абмяркуе сітуацыю ў Беларусі на Радзе Еўропы.

    Таксама мы правялі тэлефанаванне з міністрам замежных спраў Польшчы Збігневам Раў. Ён запэўніў, што Польшча зробіць усё для расследавання па факце захопу борта.

    На тэлефанаванні з міністрам замежных спраў Францыі Жан-Івам Ле Дрыянам я падкрэсліла, што ўсё тое, што адбылося ў Беларусі – і гібель Вітольда Ашурка, і знішчэнне TUT.by, захоп самалёта – гэта ўсё вынік беспакаранасці рэжыму і адсутнасці рэакцыі на яго дзеянні. Таму рэакцыя павінна быць усёабдымная, уключаючы санкцыі і палітычную ізаляцыю рэжыму. Толькі што мы даведаліся, што палітыку Паўлу Севярынцу прысудзілі 7 гадоў турмы, актывісту Яўгену Афнагелю – 7 гадоў, Паўлу Юхневічу і Максіму Вінярскаму – па 5 гадоў, Ірыне Шчаснай – 4 гады. І гэта яшчэ адно пацверджанне, што трэба дзейнічаць.

    Таксама ўчора ўвечары ў нас было тэлефанаванне з дарадцам Байдэна па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам. На ім я заклікала ЗША запусціць расследаванне па факце захопу самалёта, падтрымаць прыпыненне сяброўства Беларусі ў Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі і Інтэрполе і абмеркаваць вырашэнне крызісу на саміце Вялікай сямёркі ў Лондане з удзелам беларускіх дэмакратычных сіл. Неўзабаве пасля гэтага тэлефанавання прэзідэнт ЗША Джо Байдэн зрабіў заяву па Беларусі. Ён запатрабаваў вызваліць Рамана Пратасевіча і пачаць расследаванне, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

    Па сканчэнні гэтых трох дзён мы бачым, што Лукашэнка дамогся таго, што рэжым незваротна стаў ізгоем. І мы працягнем працу, каб вызваліць Беларусь ад яго згубнага ўплыву і выратаваць усіх нявінна пацярпелых людзей».

    Апошнія навіны