• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • «Я чую і бачу абсалютнае адзінства і рашучасць». Ціханоўская сустрэлася з беларусамі і украінцамі ў Нарвегіі

    05 мая, 2022

    «Добры дзень, дарагія беларусы і шаноўныя украінцы!

    Дзякуй, што сёння мы можам сустрэцца вось так разам. Ведаеце, беларусы па ўсім свеце ужо два гады праводзяць у акцыі за свабодную Беларусь. Але пасля 24 лютага, калі пачалася вайна, усе нашыя акцыі – таксама і за Украіну.

    Лёсы нашых народаў узаемазвязаныя. Мы, беларусы, выдатна разумеем, што Украіна змагаецца не толькі за сваю незалежнасць, але і за нашую свабоду. Таму для нашых народаў зараз крытычна важна трымацца адно за аднога.

    Я радая, што свабодны свет аб’яднаўся. Яшчэ два гады ён пазіраў на Беларусь няўпэўнена, нават насцярожана, маўляў, а што скажа Расія. Але цяпер я чую і бачу абсалютнае адзінства і рашучасць. Калі ў мяне пытаюццца, як дапамагчы, я заўжды кажу, што трэба падтрымаць Украіну, але і не забывацца на Беларусь.

    Безумоўна, многае залежыць і ад нас саміх. Лукашэнка сам уладу не здасць, а Пуцін – не адступіць. Для дыктатараў, магчыма, гэта фінальны бой. Для іх гэта пытанне палітычнага выжывання. Але дыктатары таксама робяць памылкі. У 2020 годзе Лукашэнка недаацаніў сілу беларускага народа, а ў 2022 – Пуцін недаацаніў мужнасць украінцаў.

    Апошнія два гады многім з нас давялося навучыцца шмат чаму новаму. Хтосьці рыхтуе ці знаходзіць бронекамізэлькі для вайскоўцаў. Хтосьці даведаўся, як працуюць перадачы ў турму, ці нават сам пабываў у зняволенні. Многім давялося навучыцца ладзіць пікеты, працаваць з мясцовымі ўладамі, збіраць сродкі ці прымаць уцекачоў.

    Я не згодная, калі кажуць, што беларусы мала робяць. У нас з’явіўся Антываенны Рух. Беларусы праводзяць акцыі сабатажу. Беларускія кіберпартызаны дапамагаюць выводзіць са строю інфраструктуру, якая дапамагае ваеннай агрэсіі супраць Украіны. У інтэрнэце з’явіўся праект «Беларускі Гаюн», куды людзі ананімна дасылаюць фотаздымкі расійскай ваеннай тэхнікі і ідэнтыфікуюць асобы расійскіх захопнікаў. Шэраг ініцыятываў шукаюць прытулак для ўкраінцаў, якія ратуюць сваіх дзяцей ад вайны. У рэшце рэшт, многія запісваюцца ў добраахвотнікі і бароняць гонар нашых народаў.

    Усё гэта нашыя людзі робяць, нягледзячы на рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі, які ўжо амаль два гады арыштоўвае і катуе людзей у турмах за тое, што яны захацелі, каб Беларусь была вольнай. Два гады таму мой муж пайшоў у кандыдаты ў прэзідэнты, і два гады ні я, ні нашыя дзеці, ні ягоныя паплечнікі не бачылі яго. Сяргей Ціханоўскі за кратамі, як тысячы бязвінных беларусаў. І таму ў нас ёсць тысячы прычынаў, чаму мы павінны перамагчы двух дыктатараў.

    Мы добра разумеем, што будучыня Беларусі і Украіны вельмі звязаныя. Бо без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі. І без вольнай Беларусі Украіна не будзе ў бяспецы. Напрыканцы я хачу пажадаць усім нам вярнуцца дадому. У мірную незалежную Украіну, і ў свабодную Беларусь.

    Слава Украіні! Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны