• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • «Наладжвайце кантакты з прадстаўнікамі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэмакратычных партыяў і грамадзянскай супольнасцю». Выступ Святланы Ціханоўскай у польскім Сейме

    25 студзеня, 2023

    Ад беларускага боку ўзялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага КабінетаКаардынацыйнай Рады, дэмакратычных палітычных партыяў, грамадзянскай супольнасці і медыяў. Ад польскага боку ўдзел бралі чальцы Камітэта па замежных справах, а таксама прадстаўнікі арганізацыяў і інстытуцыяў Польшчы, якія працуюць з Беларуссю.

    • Тэкст выступу Святланы Ціханоўскай:

    «Шаноўныя польскія дэпутаты,
    Дарагія беларусы,

    Вялікі дзякуй за запрашэнне выступіць сёння перад вамі ад імя беларускага народа.

    Шаноўны дэпутат Радаслаў Фогель, дзякуй за арганізацыю гэтых слуханняў з удзелам шырокага прадстаўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці. Я радая нашаму з вамі знаёмству. Беларусь у вашай асобе мае моцнага сябра.

    Я ўдзячная спадарыні маршалку Эльжбэце Вітэк за словы падтрымкі, якія пачула сёння, і яе гатовасць трымаць беларускае пытанне ў Сейме высока на парадку дня.

    Паважаны дэпутат Робэрт Тышкевіч, вялікі дзякуй вам за дэпутацкую групу Сяброў Дэмакратычнай Беларусі! Сваёй працай вы ўзмацняеце польска-беларускае сяброўства. Ведаю, што вы дапамаглі беларусам Беласточчыны з адкрыццём беларускамоўнага класу. Дапамагаеце нашым уцекачам. Мне здаецца, кожны беларус Польшчы ведае дэпутата Тышкевіча. Прыміце гэта як камплімент і ўдзячнасць.

    Сябры, 

    Народы Польшчы і Беларусі звязаны супольнай гісторыяй. Нас аб’ядноўвае Тадэвуш Касцюшка і Кастусь Каліноўскі, Адам Міцкевіч і Уладзіслаў Сыракомля, якому сёлета спаўняецца 200 год. 

    Нас аб’ядноўваюць тры гераічныя паўстанні: паўстанне 1794 году, паўстанне 1830 году і паўстанне 1863. Нашы народы поплеч змагаліся за сваю свабоду.

    У панядзелак я ўдзельнічала у адзначэнні 160-годдзя ад пачатку студзеньскага паўстання, якое беларусы называюць паўстаннем Кастуся Каліноўскага. І я ўдзячная прэзідэнту Дуду за важныя словы падтрымкі ў адрас беларускага народа. 

    Барацьба супраць расейскай імперыі аб’яднала палякаў, беларусаў, літоўцаў і украінцаў. Гэтая барацьба аб’ядноўвае нас і цяпер. Як і 160 гадоў таму, мы працягваем змагацца за незалежнасць. Як і 160 гадоў таму, мы змагаемся за сваю культуру, за сваю мову, за сваё права быць еўрапейскай нацыяй. А нашыя сцягі – сцягі Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны – ізноў лунаюць побач. 

    Будучыня Еўропы сёння вызначаецца ў нашым рэгіёне. Яна вырашаецца ў баях за Украіну. Але яна вырашаецца супрацівам вольных беларусаў. Не можа быць свабоднай і бяспечнай Еўропы без незалежных Украіны і Беларусі.

    Беларусы сёння апынуліся ў складанай сітуацыі. Нашая краіна і наш народ узяты ў закладнікі рэжымі Лукашэнкі і Пуціна. Нашу краіну спрабуюць уцягнуць у ганебную вайну супраць Украіны. На тэрыторыі нашай краіны сёння знаходзяцца 12,000 расейскіх салдатаў. Іх задача: расцягнуць украінскія сілы ад лініі фронту, але таксама трымаць у страху беларускі народ і задушыць, калі трэба, беларускі супраціў.

    Бо беларусы супраць гэтай вайны. Больш за 86% беларусаў не падтрымліваюць удзел беларускіх войск у вайне супраць Украіны. 

    Адразу пасля пачатку вайны дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на вуліцы супраць расейскай агрэсіі. Нягледзячы на тэрор, які разгарнуў Лукашэнка, беларусы працягваюць супраціў. 

    Беларускія партызаны правялі больш за 80 актаў сабатажу на чыгунцы. Беларускія кібер-партызаны праводзяць акцыі ў кіберпрасторы. Больш за 30 тысяч валанцёраў збіраюць інфармацыю пра перамяшчэнні расейскіх войск. 

    Сотні беларусаў запісаліся ў добраахвотнікі і ваююць за Ўкраіну са зброяй у руках. Беларускія добраахвотнікі бяруць удзел у самых жорсткі баях, праяўляюць надзвычайную мужнасць і ахвярнасць. 

    У той жа час рэжым Лукашэнкі робіць усё, каб падтрымаць Пуціна. Вядзецца масіраваная антыўкраінская і антызаходняя інфармацыйная кампанія. Беларусаў спрабуюць пераканаць, што нас акружаюць ворагі. 

    Працягваюцца масавыя беспрэцдэнтныя рэпрэсіі сталінскага маштабу. Кожны дзень затрымліваюць у сярэднім каля 17 чалавек. Толькі ў 2022 годзе узбуджана больш за 5000 крымінальных справаў, збольшага за антываенны супраціў. 

    Чалавека, які ахвяраваў 20 еўра на полк Каліноўскага – асудзілі на 5 год турмы. Іншага, які зрабіў графіці «НЕ – вайне» – асудзілі на 1,5 гады турмы. Дар’ю Лосік пасадзілі на 2 гады за тое, што дала інтэрв'ю Белсату

    Рэжым памыляецца, калі думае, што рэпрэсіі дапамогуць спыніць народны супраціў. Мы ўжо прайшлі досыць доўгі шлях, каб спыніцца на паўдарозе. Мы не спынімся, пакуль не даб’емся вываду расейскіх войск, пакуль не вернем у Беларусь свабоду, і пакуль не вызвалім усіх закладнікаў з турмаў. 

    Шаноўныя дэпутаты,

    Я прашу вас працягваць палітыку непрызнання нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі. Ён злачынца, і нельга з ім мець справы. Ён захапіў уладу, і не прадстаўляе беларускі народ.

    Давайце будаваць адносіны паміж Польшчай і дэмакратычнай Беларуссю. Наладжвайце кантакты з прадстаўнікамі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэмакратычных палітычных партыяў і беларускай грамадзянскай супольнасцю. 

    Я прашу польскі Сейм прыняць Рэзалюцыю па Беларусі, якая б замацавала нашыя сяброўскія адносіны. Пакажыце, што раздзяляеце беларускі народ і крымінальны рэжым. Абазначце патрабаванне вываду расійскіх войскаў з беларускай тэрыторыі. Прыміце рашэнне аб прызнанні рэжыму Лукашэнкі спонсарам тэрарызму. 

    Падтрымлівайце беларусаў, якія жывуць у Польшчы. Каб беларусы, якія сюды пераехалі, маглі атрымаць неабходныя дакументы, уладкавацца на працу, адкрыць бізнес, аднавіць свае арганізацыі.

    Працягвайце падтрымліваць тэлеканал Белсат, Радыё Рацыя, праграму Каліноўскага, Вольны беларускі ўніверсітэт, беларускія незалежныя ініцыятывы і арганізацыі, такія як Беларускі дом, Цэнтр Беларускай салідарнасці, Беларускі Моладзевы хаб, Медыяпорт, Free Belarus center

    Заклікаю вас далучацца да дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь». Важна, каб у гэтай групе былі прадстаўнікі ўсіх фракцыяў Сейму. Ведаю, што многія з вас ужо сталі хроснымі бацькамі для беларускіх палітвязняў. Гэта дае ім сілы трымацца. Дзякуй вялікі вам за гэта. 

    Мы рыхтуем шэраг рэформаў для Новай Беларусі, і будзем удзячныя за вашую экспертызу і парады. Беларусы шмат чаму могуць вучыцца ў Польшчы. Разглядзіце магчымасць стажыроўкі для маладых беларусаў у парламенце. Гэты досвед дапаможа беларусам будаваць і ствараць устойлівыя дэмакратычныя інстытуты.

    Падтрымлівайце Беларусь у міжнародных арганізацыях: у Еўрапарламенце, ПАРЭ, парламенцкай асамблеі АБСЕ і інш. Ініцыюйце слуханні па Беларусі ў гэтых арганізацыях. Мы прапануем запрасіць прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных партыяў да ўдзелу у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы са статусам назіральнікаў. 

    Шаноўныя сябры, 

    Дазвольце яшчэ раз падзякаваць вам за арганізацыю гэтых слуханняў і за падтрымку беларускага дэмакратычнага руху. 

    Я веру, што дэмакратычная Беларусь стане найлепшай дапамогай для перамогі Украіны, і наймацнейшай санкцыяй для Пуцінскай Расеі.

    Мы зараз праходзім складаны шлях да Свабоды, але я радая, што ў нас ёсць такія саюзнікі на гэтым шляху як вы.

    Dziękuję! 
    Niech Zyje Polska!
    Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны