• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • «Беларусь заўсёды будзе часткай вялізнай Eўрапейскай эканомікі». Выступ Святланы Ціханоўскай на панэльнай дыскусіі па Беларусі на Сусветным Эканамічным Форуме ў Давосе, 2023

    19 студзеня, 2023

    Панэльная дыскусія: Беларускі бізнэс цяпер і эканамічнае адраджэнне ў дэмакратычнай Беларусі

    «Паважаныя госці, паважаныя спікеры,

    Шаноўныя сябры, я радая бачыць вас тут.

    Гэта гістарычная падзея – самае першае беларускае мерапрыемства на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе. І я хачу падзякаваць прадстаўнікам Польскага дома, хоста гэтага памятнага мерапрыемства, які ветліва прапанаваў сваё памяшканне і дапамог у яго арганізацыі. Дзякуй Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой за суарганізацыю гэтай сустрэчы.

    Беларусь – гэта частка Еўропы. І гэта тычыцца не толькі геаграфіі. Мы падзяляем еўрапейскія каштоўнасці. Мы – частка еўрапейскай гісторыі і частка еўрапейскага бачання. Я кажу і пра геапалітычнае, і пра эканамічнае бачанне.

    Тут, у Давосе, я хацела б агучыць вам вельмі выразны мэсадж: Беларусь заўсёды будзе часткай вялізнай еўрапейскай эканомікі. Калі ў маёй краіне адбудуцца дэмакратычныя змены, краіны Еўрапейскай эканамічнай зоны будуць нашымі галоўнымі партнёрамі ў гандлі і інвестыцыях.

    Мая эканамічная каманда працуе над вельмі неабходнымі эканамічнымі рэформамі для будучай Беларусі. Эканоміка Беларусі будзе будавацца на моцным інавацыйным прыватным сектары. Бізнесах, якія будуць ствараць працоўныя месцы, плаціць падаткі і спрыяць фармаванню моцнага сярэдняга класа.

    Мы пабудуем эканоміку заўтрашняга дня, дзе і беларускім, і замежным інвестарам будзе нашмат прасцей запускаць і весці бізнес. Мы абавязкова прымем на ўвагу найлепшыя прыклады эканамічных рэформаў, у тым ліку ў Польшчы, Эстоніі, Ізраілі, Сінгапуры і іншых краінах. Але нам давядзецца прайсці яшчэ большы шлях, каб зрабіць у Беларусі адзін з самых прывабных бізнес-кліматаў у Еўропе і свеце.

    Мы не баімся эканамічных выклікаў, з якімі сутыкнецца новая Беларусь. Мы ўжо ведаем, што рабіць, каб іх пераадолець:

    • Па-першае, нам трэба будзе шмат папрацаваць, каб зняць санкцыі з Беларусі.
    • Па-другое, мы пачнем глыбокія рэформы па лібералізацыі для стымулявання развіцця прыватнага сектара і нізкавугляроднай зялёнай эканомікі, прыцягнення замежных інвестараў.
    • Па-трэцяе, мы будзем імкнуцца да лібералізацыі знешняга гандлю шляхам падпісання пагадненняў аб зоне свабоднага гандлю з нашымі ключавымі гандлёвымі партнёрамі, у тым ліку з Еўрапейскім саюзам.
    • Па-чацвёртае, дзяржаўныя прадпрыемствы будуць ацэненыя, і большасць з іх будуць прыватызаваныя, у той час як на некаторых адбудуцца сур'ёзныя змены ў кіраванні.
    • Нарэшце, з самага першага дня пераходу мы пачнем глыбокія інстытуцыянальныя рэформы, уключаючы рэформу судовай сістэмы, рэформу адукацыі і рэформу дзяржаўнага кіравання.

    Еўрапейскі саюз гатовы надаць пакет эканамічнай падтрымкі для запуску гэтых рэформаў. Еўракамісія ўжо гарантавала будучай дэмакратычнай Беларусі 3 мільярды еўра падтрымкі. Іншыя дэмакратычныя краіны, такія як ЗША, Канада і Вялікабрытанія, а таксама міжнародныя арганізацыі таксама акажуць сваю фінансавую падтрымку, каб гарантаваць, што рэформы будуць глыбокімі і ўсёабдымнымі.

    Многія таленавітыя беларусы вернуцца на радзіму ў якасці кіраўнікоў прадпрыемстваў, прыватных інвестараў і бізнесоўцаў. У новай Беларусі кожны бізнес будзе належным чынам улічвацца і паважацца дзяржавай. І гэтыя бізнесы не толькі прынясуць дабрабыт краіне, але і абароняць нас ад дыктатуры.

    Але гэта ў будучыні. Будучыні, за якую сёння змагаюцца беларусы.

    Сёння ж узровень тэрору ў Беларусі толькі пагаршаецца. Толькі за мінулы год было заведзена каля 5000 палітычна матываваных крымінальных справаў. Кожны дзень у спісах затрыманых з'яўляецца каля 17 новых імёнаў. 

    Сёння ў Беларусі няма такіх людзей, якія б маглі адчуваць сябе ў бяспецы. А тыя, хто яшчэ кіруе сваім бізнесам – кожны дзень сутыкаюцца з рызыкай быць затрыманымі па абсурдных абвінавачаннях і страціць яго. Узяць у закладнікі бізнесоўцаў і топ-менеджараў толькі дзеля таго, каб яны заплацілі дзяржаве выкуп – звычайная практыка для рэжыму.

    З-за рэпрэсій пасля жніўня 2020 года краіну мусілі пакінуць больш за дзвесце тысячаў беларусаў. Для большасці з іх гэта быў не іх выбар, а неабходнасць не трапіць у турму. Гэтыя людзі былі дастаткова смелыя, каб пратэставаць у Беларусі ў 2020 годзе, і яны застаюцца смелымі ў эміграцыі, каб працягваць сваю справу.

    Яны могуць стаць каштоўнымі партнёрамі і добрымі падаткаплатнікамі для дэмакратычных краінаў. Яны могуць прынесці не толькі фінансавыя дывідэнды, не толькі стварыць новыя працоўныя месцы, але і падзяліцца вопытам у бізнес-супольнасцях. Менавіта з імі важна будаваць партнёрскія адносіны. Не з рэжымам.

    Мы ведаем, што Лукашэнку пакуль што ўдаецца абыходзіць санкцыі. Некаторыя прадпрыемствы па-ранейшаму супрацоўнічаюць і гандлююць з лаяльнымі да Лукашэнкі бізнесамі. Гэта толькі адкладае мэту беларусаў пабудаваць свабодную, паспяховую дэмакратычную дзяржаву. І я хачу сказаць: дэмакратыя ў Беларусі выгадная не толькі беларусам, яна выгадная ўсім нашым суседзям, усяму дэмакратычнаму свету.

    Таму я заклікаю вас спыніць любыя сувязі з бізнесамі і людзьмі, блізкімі да Лукашэнкі, і наладжваць сувязі з сумленным бізнесам дэмакратычнай Беларусі.

    Калі мы не дапаможам ім, мы страцім столькі таленавітых прадпрымальнікаў. Яны будуць вымушаныя задаволіцца нізкааплатнай працай для выжывання, замест таго, каб займацца тым, у чым яны лепшыя – задавальняць патрэбы кліентаў з дапамогай самых інавацыйных рашэнняў. Прыцягваць інвестыцыі і ствараць новыя працоўныя месцы.

    Беларускія бізнесоўцы не звыклі звяртацца па дапамогу. Яны развівалі свой бізнес у неспрыяльных умовах. Ніколі не чакалі падтрымкі, але заўсёды баяліся перашкодаў з боку дзяржаўных уладаў.

    Мы маглі б змяніць гэтыя ўмовы для іх тут, у эміграцыі, калі б стварылі сістэму падтрымкі і з боку мясцовых уладаў, і праз спецыяльныя праграмы дапамогі. Poland Business Harbor – выдатны прыклад такой праграмы. Але трэба, каб іншыя краіны запускалі падобныя праграмы. І нам неабходна больш сістэмнае міжнароднае супрацоўніцтва ў гэтым плане.

    Я заклікаю ўлады іншых краінаў прыняць беларускіх бізнесоўцаў. Я заклікаю міжнародныя кампаніі браць на працу беларусаў і беларусак. Я заклікаю міжнародныя арганізацыі і палітычных дзеячаў дапамагчы нам у вырашэнні ключавых праблемаў беларускага бізнесу.

    Тры асноўныя праблемы на сёння: i) рост попыту на візы для пераезду працадаўцаў, супрацоўнікаў і іх сем'яў; ii) складанасці пры адкрыцці і вядзенні банкаўскіх рахункаў; iii) абмежаваны доступ да фінансавання і інвестыцый з-за адсутнасці крэдытнай гісторыі.

    Ліквідацыя гэтых праблемаў дазволіць нашым сумленным прадпрымальнікам застацца ў бізнесе і быць гатовымі працягваць працу ў новай дэмакратычнай Беларусі. Можна толькі ўявіць, чаго яны даб'юцца, калі ў Беларусі створацца спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу і не будзе страху ўсё страціць.

    Я ганаруся беларускім бізнесам. І я зраблю ўсё магчымае, каб і беларускія бізнесы па ўсім свеце маглі ганарыцца сабой і сваёй краінай.

    Я ўдзячная тым, хто ўжо дапамагае нам. Разам мы робім гісторыю Беларусі і Еўропы. І я з нецярпеннем чакаю сустрэчы з вамі ў новай Беларусі, якую, як мы верым, мы пабудуем вельмі хутка.

    Дзякуй».

    Апошнія навіны