«Паважаныя госці,
Дарагія сябры,
Прадстаўнікі Фонду Фрыдрыха Наўмана,
Сёння я буду казаць пра тое, што для мне вельмі дарагое, – пра свабоду. Барацьбу за свабоду часта рамантызуюць.
Мы ўсе памятаем прыгожыя фотаздымкі з масавых пратэстаў у Беларусі, калі на вуліцы выйшлі сотні тысячаў людзей. Мы памятаем бясстрашных жанчынаў на перадавой на шляху да перамогі.
Аднак ёсць і іншы, больш цёмны бок гэтай барацьбы: шлях да свабоды выбрукаваны болем, слязамі і пакутамі.
Цяжка захоўваць аптымізм, ведаючы, што ў гэты самы момант вашага сябра катуюць у КДБ, а іншага могуць пакараць смерцю за супрацьстаянне дыктатуры.
Цяжка захоўваць аптымізм, калі вашыя сябры вымушаныя бегчы з краіны, якую любяць.
І цяжка захоўваць аптымізм, калі даводзіцца тлумачыць дзецям, што іх тату асудзілі да 19 гадоў турмы толькі таму, што ён адважыўся кінуць выклік дыктатару.
Так, гэта цяжка. Але гэты боль і цяжкасці не спыняць нас, бо нашая справа правільная. Гэтыя цяжкасці сталі часткай маёй матывацыі. Прачынаючыся кожную раніцу, я думаю пра тых, хто знаходзіцца ў турмах, і пытаюся ў сябе: што я магу зрабіць сёння, каб дапамагчы вызваліць іх?
Беларускі праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі справядліва заўважыў: «Так атрымліваецца, што людзі, якія найбольш цэняць свабоду, часта яе пазбаўленыя».
Алесь – жывы прыклад гэтага. Ён тры дзесяцігоддзі змагаўся за дэмакратычныя змены ў Беларусі. За гэтую гераічную працу месяц таму яго асудзілі да 10 гадоў турэмнага зняволення.
Алесь ведае, што ў дыктатурах свабода ніколі не даецца проста так, яе можна атрымаць, толькі перамогшы ў барацьбе. І свабода не гарантаваная назаўжды. Яе могуць скрасці ў адно імгненне.
Беларусы былі пазбаўленыя волі настолькі доўга, што амаль забыліся, як гэта – быць вольным.
Тут, у Берліне, горадзе ажыўленай палітыкі, ведаюць, наколькі далікатная свабода. У гэтым горадзе бачылі найлепшае і найгоршае ў чалавечай гісторыі. Берлін заспеў пакуты і разбурэнні. Але ён паўстаў зноў, пераасэнсаваўшы сябе ў сваёй барацьбе за справядлівасць, прагрэс і свабоду.
Я памятаю свой першы раз у Берліне – я адразу пайшла да Берлінскай сцяны. Туды, дзе воля людзей разбурыла сцены турмы. Туды, дзе дабро атрымала перамогу над злом.
Памяць пра тыя падзеі дае мне надзею, што дабро перамагае і ў Беларусі і мы таксама разбурым сваю сцяну.
Дарагія сябры,
Можа здацца, што шлях, які прывёў мяне сюды, – прыдумка, але я запэўніваю вас: гэта праўда. Да 2020 года маё жыццё было такім жа, як у многіх беларусаў. Я была звычайным чалавекам, любімай маці і добрай жонкай.
Жывучы на поўдні краіны, недалёка ад Украіны, дзе асабліва адчуваліся наступствы Чарнобыля, я разам з іншымі дзецьмі атрымала запрашэнне ад дабрачыннай арганізацыі ў Ірландыю. Мяне цёпла прыняла адна выдатная сям'я. Сябры гэтай сям'і адкрылі свае сэрцы і паказалі нам, беларускім дзецям, што такое свабода.
Пазней, стаўшы маці і даведаўшыся, што мой сын нарадзіўся са слабым слыхам, я сышла з працы і стала хатняй гаспадыняй. Я спрабавала дапамагчы яму. Я рабіла тое, што робяць мільёны маці, клапоцячыся пра сваіх блізкіх.
У мяне было звычайнае жыццё – але ў незвычайнай краіне. Ёю ўжо амаль 30 гадоў кіруе жорсткі дыктатар Лукашэнка. Спачатку ён змяніў канстытуцыю, потым распусціў парламент, паступова захапіў кантроль над СМІ і задушыў усе праявы незадаволенасці ў грамадстве.
Я не ўяўляла, у якой краіне жыла. Я не бачыла, як звужаюцца сцены і нашая краіна ператвараецца ў адну вялікую турму, дзе, проста прашаптаўшы слова «свабода», можна патрапіць за краты.
У 2020 годзе мой муж Сяргей кінуў выклік Лукашэнку: ён вырашыў змагацца за пасаду прэзідэнта. На загад Лукашэнкі сілавікі затрымалі і яго, і іншых палітычных апанентаў. Але – не ўпершыню для рэжыму – яны прапусцілі важную дэталь: у Сяргея была жонка. (Жанчынаў часта не заўважаюць).
Каб дапамагчы свайму мужу, я пайшла ў прэзідэнты замест яго. Вырашыўшы паздзекавацца, мяне зарэгістравалі кандыдаткай. Дыктатар не ўяўляў, што ў жанчыны будзе шанец.
Аднак, на яго няшчасце, я выйграла. Мы выйгралі. На кароткі час мы адчулі поўную радасць і свабоду. І, як вы ведаеце, дыктатар не змог прыняць паразу.
На некалькі дзён людзі запоўнілі вуліцы Мінска і іншых гарадоў. Сотні тысячаў людзей выходзілі на мітынгі, каб паказаць нязгоду з вынікам скрадзеных выбараў. Гэта быў паваротны момант. Нехта прынёс з сабой на мітынг плакат з надпісам: «Мы нарадзіліся». Мы адрадзіліся як нацыя, як народ.
Так пачаўся надзвычай мірны пратэст звычайных людзей. Мы выбралі свабоду замест тыраніі, праўду замест хлусні і святло замест цемры.
Я ніколі не забудуся тых выдатных жанчынаў з кветкамі, якія непахісна стаяць перад узброенымі бандытамі, якія хаваюцца за сваімі чорнымі балаклавамі.
Я ніколі не забудуся адзінокую жанчыну, Ніну Багінскую, якая дзёрзка размахвае сваім сцягам перад міліцыянтамі, якія і не ведалі, што з ёй рабіць. Яе – 73-гадовую жанчыну – кожны дзень затрымлівалі і канфіскоўвалі яе сцяг, але ўжо на наступны дзень, бясстрашная і смелая, яна размахвала перад імі новым сцягам.
Але пазней пачаўся жах – бязлітасны гвалт. Былі затрыманыя тысячы людзей. У турмах іх катавалі, збівалі, зневажалі і гвалтавалі. Людзей трымалі без ежы, вады і медыцынскай дапамогі на працягу некалькіх дзён. Іх бясконца дапытвалі.
Людзі з пераламанымі нагамі і кулявымі раненнямі малілі пра літасць. Але паплечнікі рэжыму смяяліся з іх: «Ціханоўская вам ужо не дапаможа».
Гэты жах у сэрцы Еўропы працягваецца дагэтуль.
Сотні тысячаў беларусаў вымушаныя былі ўцякаць ад рэпрэсій. Як людзі гераічна ўцяклі з Усходняга Берліна, так і беларусы рызыкуюць жыццём, каб выратавацца. Праз рэкі, балоты, лясы – ці кантрольна-прапускныя пункты, людзі гатовыя заплаціць любую цану за шанец на свабоду.
Яны пакідаюць сваю краіну не па сваёй волі. Тое, што я тут, – таксама не мой выбар. У невялікім пакоі ў доме ўраду – мне пагражаў супрацоўнік КДБ. Мне загадалі з'язджаць, інакш я б больш ніколі не ўбачыла сваіх дзяцей. Праз некалькі гадзінаў мяне даставілі да літоўскай мяжы. Літва прыняла мяне, стаўшы маім другім домам.
Рэжым спадзяваўся пазбавіцца ад мяне. Але я працягваю сваю барацьбу ў выгнанні. Я прадстаўляю Беларусь на міжнароднай арэне, імкнучыся дапамагчы ўсім тым, хто працягвае барацьбу.
Сотні НДА і СМІ, выгнаных рэжымам з краіны, працягваюць працу за мяжой. Але мы ўсе падзяляем адну мару: вярнуцца дадому, у нашую любімую Беларусь.
Збоку можа здацца, што дыктатар перамог. Відавочна, на вуліцах ужо няма прыгожых пратэстаў. Пратэставаць стала занадта небяспечна. За любую праяву непадпарадкавання можна патрапіць у турму на 10, 15 ці 20 гадоў. Пратэст перайшоў цалкам у падполле, і людзі працягваюць трымаць рэжым у напружанні.
Узровень рэпрэсіяў – сведчанне ўразлівасці рэжыму. Ён не змог перагарнуць старонку і ўзяць сітуацыю пад кантроль. Даводзіцца ўзмацняць рэпрэсіі, бо відавочна: калі рэпрэсіі спыняцца, тысячы людзей зноў выйдуць на вуліцы.
Прызнаюся: часам у мяне таксама бываюць моманты, калі я застываю ў страху і расчараванні. У гэтыя моманты я ўзгадваю пра майго мужа і тысячы палітычных зняволеных. Яны за калючым дротам. Але ў глыбіні сваіх душаў яны, беларусы, вольныя.
Для мяне велізарная крыніца натхнення – Марыя Калеснікава. Вы, мусіць, памятаеце яе бясконцы аптымізм і чырвоную памаду, з якой яна была на кожным мітынгу. Сёння ёй спаўняецца 41 год, гэта яе трэці дзень нараджэння за кратамі. Яе асудзілі на 11 гадоў. Але турма не зламала яе. Яна ўсё яшчэ ўсміхаецца і носіць сваю чырвоную памаду. Гэта яе асабісты пратэст супраць жорсткасці рэжыму. Яна мацнейшая за любога міліцыянта. Ім напэўна непрыемна гэта ўсведамляць.
Мы ўсе спадзяваліся, што нашая перамога настане хутчэй. Цяпер мы разумеем, што нашая барацьба за свабоду – не спрынт, а марафон. І нам трэба быць цярплівымі, але паслядоўнымі. Бо людзі за кратамі спадзяюцца на нас.
Мой муж Сяргей аднойчы даслаў мне верш з турмы. Ён звернуты да тых, хто губляе надзею:
Я недавно узнал,
Что есть те, кто устал
Мне представить легко,
Как же вам тяжело!
Если кажется, что
Лишены вы всего,
Посмотрите в окно –
Посмотрите в окно…
Посмотрите на нас,
Тех, кто в тюрьмах сейчас
За решеткой окно –
Не видать ничего.
Пакуль у турмах пакутуюць людзі, мы ніколі не перастанем змагацца за Беларусь, за нашыя мары і надзеі. І за вызваленне ўсіх нашых змагароў за свабоду.
Паважаныя госці,
Тыранія падобная на рак. Калі яе не знішчыць канчаткова, яна вернецца яшчэ больш агрэсіўнай, чым раней.
Сфальсіфікаваўшы выбары і разгарнуўшы тэрор супраць беларусаў, Лукашэнка ўсё больш развязваў сабе рукі. Убачыўшы асцярожныя рэакцыі з боку Захаду, ён захапіў самалёт, чым паставіў пад пагрозу бяспеку ў Еўропе. Потым ён арганізаваў мігранцкі крызіс на мяжы з Польшчай і Літвой. А зараз ён дазволіў Пуціну ўварвацца ва Украіну.
Лукашэнка спадзяваўся, што вайна паміж Расіяй і Украінай адцягне ўвагу ад унутранай сітуацыі ў Беларусі. Тады ён мог бы застацца ва ўладзе назаўжды. Ён разумее, што без Пуціна ён не выжыве ніводнага дня. Таму ён дазволіў расійскім войскам увайсці ў Беларусь і цалкам падтрымаў пуцінскую вайну.
24 лютага мінулага года мы прачнуліся ў новай рэальнасці. Насуперак волі народа, Беларусь зрабілі плацдармам для расійскіх танкаў і ракетаў. На працягу 8 месяцаў запар кожны тыдзень з нашай тэрыторыі запускаліся расійскія ракеты, якія забівалі нявінных украінцаў.
Пуцін хацеў зрабіць Украіну такой жа, як сённяшнюю Беларусь: цалкам падкантрольнай марыянеткавай дзяржавай са слабым і падпарадкаваным урадам. Але ў адрозненне ад Лукашэнкі, які скарыўся Пуціну, украінскі ўрад і народ сталі на абарону сваёй краіны. Рашучасць украінцаў у іх барацьбе натхняе ўвесь свет.
Месяц таму два дыктатары заявілі, што размесцяць у Беларусі ядзерную зброю. Калі гэта адбудзецца, дык закладнікамі двух злачынных рэжымаў стануць 9 мільёнаў беларусаў. З'явіцца крыніца сталай пагрозы для Украіны, Еўропы і іншых краінаў.
Але самае страшнае – гэта тое, што Расія на многія гады замацуе кантроль над Беларуссю. Гэтага не павінна адбыцца.
У 2020 годзе мы змагаліся за свабодныя і сумленныя выбары. Цяпер мы змагаемся за нашу суверэннасць і існаванне Беларусі.
Будучыня Беларусі і Украіны пераплеценая. Не будзе свабоднай Беларусі без свабоднай Украіны, а без свабоднай Беларусі Украіна не зможа адчуваць сябе ў бяспецы.
Кожны дзень украінцы змагаюцца за сваю свабоду, і я ганаруся тым, што беларусы змагаюцца побач з імі. Сотні беларускіх добраахвотнікаў змагаюцца ў Бахмуце і іншых украінскіх гарадах. Яны змагаюцца і паміраюць, абараняючы Украіну і свабоду як каштоўнасць. Яны ведаюць, што вызваляючы Украіну, яны таксама вызваляюць Беларусь.
Але барацьба працягваецца і ў Беларусі. Многія актывісты далучаюцца да партызанскага руху. Беларускія партызаны працягваюць дыверсіі на чыгуначных шляхах і запавольваюць рух расійскіх войскаў – каб расійская армія ніколі не адчувала сябе камфортна на нашай зямлі.
Беларусы таксама стварылі валанцёрскую структуру, каб назіраць за перамяшчэннем войскаў і паведамляць пра гэта ўкраінскай арміі.
Кожны месяц, нягледзячы на жорсткае прыгнечанне, беларусы дэманструюць сваю непакорлівасць і смеласць. Яны плацяць за гэта вельмі высокую цану. У сярэднім 17 чалавек затрымліваюць кожны дзень за праявы антываеннай пазіцыі і нязгоды з рэжымам.
Аднаго чалавека асудзілі да 5 гадоў за ахвяраванне 20 еўра для беларускіх добраахвотнікаў-байцоў ва Украіне. Яго дапытвалі ў КДБ і катавалі.
Дануту Пярэдню, маладую і таленавітую студэнтку, асудзілі да 6,5 гадоў за паведамленні з крытыкай вайны Пуціна супраць Украіны. Яна магла атрымліваць асалоду ад маладосці, але вымушаная пакутаваць у турме.
Або возьмем гісторыю Віталя Мельніка, бацькі маленькага дзіцяці. Віталя асудзілі на 13 гадоў за пашкоджанне сістэмы чыгуначнай сігналізацыі. Ён зрабіў гэта, каб расійскія салдаты не змаглі забіваць украінцаў. За гэта беларускія сілавікі прастрэлілі яму калена і звезлі яго далей ад сям'і.
Беларусы відавочна прадэманстравалі, што яны падтрымліваюць Украіну і не ўхваляюць вайну. Таму важна разумець: гэта рэжым Лукашэнкі, а не народ Беларусі падтрымлівае вайну Расіі, накіраваную на генацыд украінцаў.
Я ведаю, што ў Германіі шмат абмяркоўваюць, як трэба дапамагаць Украіне. Усё проста.
Я лічу, што трэба даць Украіне ўсё, што ёй трэба, каб выйграць гэтую вайну.
Свабодная Беларусь сапраўды дапаможа Украіне і стане наймацнейшай санкцыяй супраць Пуціна.
Паважаныя госці,
Мяне вельмі турбуе пытанне: як мы прыйшлі да такой сітуацыі – і як мы можам яе змяніць?
Як мы маглі дапусціць такую тыранію ў 21 стагоддзі? Бо гэта павінна быць эра эканамічнага росквіту, лічбавай дэмакратыі і свабоднага гандлю.
Як мы маглі дапусціць, каб тыран на вачах ва ўсяго свету незаконна захапіў уладу і тэрарызаваў сваіх суседзяў і ўвесь кантынент?
Як мы маглі быць такімі слабымі, каб дазволіць яму лёгка забраць сабе частку іншай краіны?
Я паспрабую адказаць на гэтыя пытанні. Я думаю, мы не зрабілі ўрокі з мінулага. Мы не вывучылі ўрокі, якія нам дала гісторыя Берліна.
Мы не навучыліся аддзяляць дабро ад зла. Мы занадта засяродзіліся на вырашэнні ўнутраных праблемаў, пакуль у суседняй краіне рос рак тыраніі.
Арыентацыя на каштоўнасці ў палітыцы заходніх дэмакратыяў стала змяняцца арыентацыяй на выгаду. У гонцы за кароткатэрміновай выгадай мы забыліся пра тыя важныя рэчы, што звязвалі нас.
Мы забыліся, што ўсё ў гэтым свеце ўзаемазвязана. Так працуе эфект матылька: калі мы дазваляем маленькаму злу перамагчы, яно ператвараецца ў нашмат большае зло.
Барацьба за свабоду глабальная. Мы не можам выйграць яе ў адзіночку. Дэмакратыя перамагае, калі мы ўсе разам супрацьстаім тыраніі. Незалежна ад таго, дзе і калі яна з’яўляецца.
Калі мы пойдзем на саступкі дыктатарам і дазволім ім тэрарызаваць свой народ, яны стануць пагражаць сваім суседзям, а потым усяму свету. Менавіта гэта адбылося ў Беларусі.
Палітыкі часта спрабуюць заплюшчыць вочы на праблему, а не вырашыць яе. Так на потым адкладаецца катастрофа, якую можна папярэдзіць.
Трэба памятаць, што тыранічным рэжымам нельга саступаць. Іх нельга перавыхоўваць. У спробах дамовіцца яны бачаць слабасць. Дэмакратыям трэба паказваць свае зубы.
Трэба стала і без перапынкаў змагацца за свабоду. Нельга змагацца за яе толькі па выходных або паміж «сур'ёзнымі справамі».
Свабоду нельга прымаць як належнае. Яе трэба ўмацоўваць, заахвочваючы грамадзянскую супольнасць і далучаючы да палітыкі звычайных грамадзянаў. Таму нам трэба ўзмацняць дэмакратычныя інстытуты і ствараць працоўныя механізмы, якія не дазволяць нікому злоўжываць уладай і забіраць у нас свабоды.
Тое, што мы бачым сёння, – гэта не проста барацьба паміж дабром і злом. Гэта таксама барацьба паміж мінулым і будучыняй.
Злое мінулае спрабуе вярнуць нас у часы Халоднай вайны, гонкі ўзбраенняў, геапалітычных канфліктаў. Часы, калі мы былі занятыя вялікімі справамі, а не людзьмі. Мы ніколі не павінны забывацца, што людзі і іх жыцці заўсёды важней за ўсё.
Дарагія сябры,
Тут я адчуваю сябе сярод сяброў. І я хачу, каб вы ўсе сёння сталі сябрамі свабоднай Беларусі.
Я разумею, што ніхто не зменіць сітуацыю ў нашай краіне за нас. Гэта нашая задача. Але з вашай дапамогай нам будзе лягчэй, мы зможам зрабіць гэта хутчэй.
Я заклікаю вас працягваць падтрымліваць барацьбу Беларусі і Украіны за свабоду. Гэта абарона будучыні Еўропы.
Дапамагайце змагарам за свабоду Беларусі, якія знаходзяцца на перадавой і ў падполлі. Падтрымлівайце ўсіх, хто працуе на дэмакратычныя змены ў Беларусі. Няхай гэта будзе вашым унёскам у бяспеку і дэмакратыю ў Еўропе.
Адчыняйце дзверы для беларусаў, якія ўцякаюць ад рэпрэсій. Людзі павінны ведаць, што ў іх тут ёсць сябры і бяспечнае месца, каб уцячы ад тэрору.
Выказвайце сваю салідарнасць. Нават проста словы падтрымкі і ўвага даюць людзям сілы працягваць барацьбу за свабоду. Вы можаце напісаць ліст палітычнаму вязню ці вывесіць на вакне беларускі сцяг. Кожнае дзеянне мае значэнне.
Дапамагайце нам прыцягваць рэжым да адказнасці за гвалт. Трэба паказаць, што кожнае злачынства дакументуецца, а злачынцы будуць пакараныя.
Трэба дамагацца трыбуналу не толькі над Пуціным, але і над ягонай марыянеткай Лукашэнкам. Трэба спыніць беспакаранасць. Мы імкнемся да правасуддзя, а не да помсты.
Вы разбурылі сцяну ў Берліне. Я ўпэўненая: мы разбурым тыя сцены, за якімі зараз мой муж і многія іншыя людзі.
Сцены будуюцца, каб мы не маглі свабодна перамяшчацца. Але яны не абмяжоўваюць наш розум і нашае жаданне свабоды. Беларускі спартовец Аляксей Кудзін, нядаўна вызвалены з турмы, казаў пра сваё зняволенне:
«Я стаў толькі мацнейшым і багацейшым духоўна. Яны думаюць, што пасадзілі мяне і абмежавалі ў свабодзе – а на самой справе толькі ўмацавалі маю веру, дух і сілу волі да дасягнення новых вяршыняў!»
Я шчыра веру, што гісторыя Беларусі стане гісторыяй поспеху, прэцэдэнтам, прыкладам для іншых краінаў. Не дастаткова абараняць дэмакратыю. Трэба папулярызаваць дэмакратыю. Трэба жыць дэмакратыяй. Наступнаму пакаленню мы павінны перадаць натхняльны расповед пра поспех Еўропы. Еўропы, свабоднай ад тыраніі і прыгнёту.
Я пачала прамову цытатай Алеса Бяляцкага. Скончыць хацела б гэтак жа:
«Я веру, таму што ведаю, што ноч заканчваецца, а пасля прыходзіць раніца і святло. Я ведаю, што тое, што нястомна рухае нас наперад, гэта надзея і мара».
Дзякуй!»