• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Сусветныя палітыкі павіншавалі беларусак з Міжнародным жаночым днём

    08 сакавіка, 2021

    Сёння шмат хто з палітыкаў і актывістаў усяго свету публікуюць у сацыяльных сетках віншаванні беларускам, якія са жніўня 2020 года ўразілі ўвесь свет сваёй адвагай, сілай і годнасцю ў мірнай барацьбе за свабоду беларускага народа ад дыктатуры, гвалту і беззаконня.

    Санна Марын, прэм'ер-міністарка Фінляндыі:
    «Сёння я асабліва думаю пра жанчын Беларусі – дэмакратычных актывістак, палітыкаў, журналістак, жанчынаў, якія мірна змагаюцца з рэпрэсіямі. Гендарная роўнасць і ўсе правы чалавека павінны стаць рэальнасцю для жанчын ва ўсім свеце».

    Эдгарс Рынкевічс, міністр замежных спраў Латвіі:
    «У сувязі са святкаваннем Міжнароднага жаночага дня я асабліва захапляюся і падтрымліваю смелых жанчын Беларусі, якія змагаюцца за дэмакратыю, свабоду, правы чалавека, і яны перамогуць».

    Нікола Бір, віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента:
    «Сёння, у Міжнародны жаночы дзень, я думаю пра моцных жанчын Беларусі і іх бясстрашную барацьбу за дэмакратычную Беларусь». Палітык заклікала прыняць удзел у дэманстрацыі ў падтрымку Беларусі ў Брусэлі, на якой выступіла па тэме правоў жанчын.

    Вера Юрава, намесніца кіраўніка Еўракамісіі па каштоўнасцях і празрыстасці:
    «Хачу яшчэ раз заявіць аб сваёй поўнай падтрымцы і салідарнасці з беларускімі жанчынамі, асабліва сёння, у Міжнародны жаночы дзень. І ўсім тым, хто мужна змагаецца за правы, свабоду і годнасць народа Беларусі. Вы не самотныя ў гэтай справядлівай барацьбе».

    Біл Кіцінг, кіраўнік падкамітэту Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША:
    «У верасні я далучыўся да сваіх калег з Кангрэсу і трансатлантычных краін, каб заклікаць да неадкладнага вызвалення лідаркі беларускай апазіцыі Марыі Калеснікавай. Я рады бачыць, што дзяржсакратар Блінкен высока шануе яе мужнасць перад асобай санкцыянаванага дзяржавай гвалту ў Беларусі».

    Лінас Лінкявічус, міністр замежных спраў Літвы ў 2012-2020:
    «Сёння свет захапляецца жанчынамі Беларусі, якія даказалі, што не зброя і гвалт, а цвёрдая вера і любоў да сваёй краіны з'яўляюцца сапраўднай стваральнай сілай, і толькі ў гэтай сілы ёсць будучыня».

    Занда Калніня-Лукашэвіца, парламенцкая сакратарка МЗС Латвіі:
    «Жанчыны ў Беларусі ўзначальваюць барацьбу за дэмакратыю, правы чалавека, свабоду і годнасць. Мы будзем працягваць падтрымліваць вас! Вы не адны».

    Віншаванні і словы салідарнасці таксама выказалі прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманітэ, пасол Нарвегіі ў Літве і Беларусі Оле Тэр'е Хорпестад, амерыканскі дыпламат і былы дарадца Барака Абамы Майкл Макфол, былы прэм'ер-міністр Швецыі Карл Більт, прадстаўнікі літоўскага МЗС, прадстаўніцтва Польшчы ў ЕС, Канады ў ЕС і Літвы ў НАТА.

    Шэраг еўрадэпутатаў падтрымалі акцыю салідарнасці з беларускімі жанчынамі ў Брусэлі. Сярод іх – Петрас Аўштравічус, Віола фон Краман, Майкл Галер, Хільдэгард Бентэле, Раса Юкнявічэне і іншыя.


    Фото: @hildebentele
    Апошнія навіны