Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных формаў ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.
Спампаваць дайджэст можна па спасылцы.
- МІЖНАРОДНЫЯ МАГЧЫМАСЦІ
Дарагія чытачы! Звяртаем вашу ўвагу, што ў асобным дадатку Падтрымка 2023 прадстаўлены агляд пастаянных формаў міжнароднай дапамогі і падтрымкі для беларускіх студэнтаў, выкладчыкаў і навукоўцаў. Агляд не дублюе магчымасці, уключаныя ў гэты выпуск.
– Новыя магчымасці
Офіс па адукацыі для новай Беларусі прымае заяўкі на кампенсацыю выдаткаў ад былых палітвязняў беларускіх студэнтаў і студэнтак, вучняў і вучаніц, якія маюць патрэбу ў фінансавай дапамозе. Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праграмы Orange Scholarships Каралеўства Нідэрландаў. Максімальная сума падтрымкі складае 3000 €.
Еўрасаюз у межах праграмы EU4Belarus – SALT II (Support for Advanced Learning and Training) абвяшчае прыём заявак на атрыманне стыпендый на навучанне ў ВНУ Літвы, Латвіі, Чэхіі і Польшчы. Удзел адкрыты для беларускіх абітурыентаў і студэнтаў, якія пераследуюцца праз сваю грамадска-палітычную пазіцыю ці дзейнасць, а таксама ўжо падвергліся рэпрэсіям (альбо рэпрэсіі мелі месца ў адносінах да бацькоў ці законных прадстаўнікоў заяўнікаў), пачынаючы з 2020 года. Праграма прапануе штомесячную стыпендыю ў памеры 450 эўра. Прыём заявак – да 30 чэрвеня 2023 года.
Гейдэльбергскі ўніверсітэт абвесціў конкурс на атрыманне стыпендыі Hans-Peter Wild Talent на зімовы семестр 2023/2024 на атрыманне ступені бакалаўра або магістра ў сферы MINT (матэматыка, інфарматыка, прыродазнаўчыя навукі, тэхналогіі). Прыём заявак – да 15 ліпеня 2023 года.
Фонд імя Конрада Адэнаўэра адкрыў стыпендыяльную праграму Sur-Place для студэнтаў усіх універсітэцкіх праграм, якія маюць беларускае грамадзянства і навучаюцца ў Літве. Удзел у праграме патрабуе добрага ведання англійскай і/ці нямецкай мовы. Базавая ступень разлічана на 12 месяцаў з магчымасцю працягу і ўключае ў сябе семінары ды асабістыя кансультацыі. Памер стыпендыі складае 150 эўра на месяц. Прыём заявак ад суіскальнікаў – да 1 жніўня 2023 года.
– Працягваецца прыём заявак
Праграма стыпендый International Excellence Scholarship Program (IES) дае магчымасць матываваным студэнтам не старэйшым за 28 гадоў усіх сфераў ведаў з Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі з адзнакамі вышэй за сярэдні ўзровень правесці семестр за мяжой у Берліне. Гэта праграма дае студэнтам магчымасць паглыбіць свае веды ў найлепшых нямецкіх універсітэтах (HU Berlin, FU Berlin, HWR Berlin, University of Potsdam). На працягу 6-месячнага знаходжання стыпендыяты актыўна ўдзельнічаюць у жыцці асацыяцыі. У межах праграмы арганізацыя Copernicus Berlin e.V. прапануе розныя формы фінансавання. Тэрмін падачы заяўкі на наступны летні семестр – да 30 чэрвеня 2023 года.
Дэпартамент Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта праводзіць конкурс на найлепшую дысертацыю ў сферы гуманітарных і сацыяльных навук, прысвечаную праблеме межаў у ХХ стагоддзі паміж Польшчай і сумежнымі краінамі. Удзел у конкурсе адкрыты для дактарантаў з розных краін, уключна з Беларуссю, пры ўмове прадстаўлення дысертацыі, абароненай у польскім універсітэце не раней, чым за 3 гады да абвяшчэння конкурсу. Адбор удзельнікаў ажыццяўляецца ў тры этапы, вынікі конкурсу будуць аб'яўлены 1 верасня. Пераможцу чакае першы прыз у памеры 25 000 злотых, а таксама магчымасць апублікаваць сваю працу. Поўны пералік умоў і патрабаванняў для ўдзелу можна знайсці тут. Прыём заявак – да 30 чэрвеня 2023 года.
Еўрасаюз у межах праграмы «EU4Belarus» рэалізуе грантавую праграму падтрымкі павышэння кваліфікацыі і навучання SALT (Support for Advanced Learning and Training) для беларускіх навукоўцаў, беларускіх выкладчыкаў, вучоных і аспірантаў у вышэйшых навучальных установах і даследчых установах ЕС. Мінімальная сума гранта – 5 855 еўра (3 месяцы), максімальная – 11 435 еўра (6 месяцаў). Праграма таксама прапануе: штомесячную стыпендыю ў памеры 1860 еўра на працягу максімум 6 месяцаў для пакрыцця расходаў на пражыванне ў прымаючай краіне, а таксама кампенсуе кошт праезду ў памеры не больш за 275 еўра для зваротнай міжнароднай паездкі ў/з краіны пражывання і краіны прымаючай установы. Прыём заявак – да 30 чэрвеня 2023 года.
Фонд імя Конрада Адэнаўэра прапануе стыпендыі для навучання па праграмах магістратуры і PhD. Фонд дае магчымасць атрымаць штомесячную стыпендыю для студэнтаў магістрантаў у памеры 861 еўра, для аспірантаў – 1200 еўра, а таксама кампенсацыю затрат на медыцынскую страхоўку, сямейную і дзіцячую дапамогу. Тэрмін падачы заяўкі – да 15 ліпеня 2023 года.
Цэнтр Іэна Рэмзі па навуцы і рэлігіі Універсітэта Оксфарда, факультэт філасофіі Варшаўскага ўніверсітэта і факультэт філасофіі Заграбскага ўніверсітэта запрашаюць падаваць заяўкі на праграму Абмену даследчымі праектамі Новага пакалення. Праграма абмену прадаставіць маладым вучоным (студэнтамі магістратуры, якія знаходзяцца на перадапошнім курсе, або студэнтамі першага года аспірантуры) з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія працуюць на скрыжаванні навукі, тэалогіі і філасофіі, магчымасць прыняць удзел у трох майстар-класах, якія цалкам фінансуюцца, якія адбудуцца ў Варшаўскім універсітэце, Заграбскім універсітэце і Універсітэце Оксфарда. Праграма пакрывае ўсе выдаткі, звязаныя з удзелам у майстар-класах. Тэрмін падачы заяўкі на наступны летні семестр – 28 ліпеня 2023 года.
Цэнтр перспектыўных даследаванняў у Сафіі (CAS Sofia) абвесціў пра прыём заявак на стыпендыі 2023-2024 гг. ад фонду Герды Хенкель для правядзення грунтоўных даследаванняў у сферы сацыяльных і гуманітарных навук. Працягласць стыпендыяльнай праграмы – 5 месяцаў. Кандыдатам будзе прапанавана штомесячная стыпендыя ў памеры 850 еўра (абкладаецца падаткам у памеры 10 адсоткаў) для пакрыцця расходаў на пражыванне. Таксама прадугледжана магчымасць пакрыць выдаткі на праезд з краіны пражывання ў Сафію і назад, выдаткі на візу і страхоўку (да 800 еўра); выдаткі на навуковую паездку за мяжу ў перыяд стажыроўкі – да 1200 еўра (аднаразовая дапамога) і выдаткі на правядзенне даследавання (100 еўра на месяц). Для ўдзелу ў праграме неабходна мець ступень кандыдата навук і валодаць англійскай мовай. Апошні тэрмін падачы заяўкі на летні семестр – 31 ліпеня 2023 года.
Helmut-Schmidt-Programme прапануе стыпендыі на навучанне па праграме магістратуры ў сферы публічнай палітыкі і эфектыўнага кіравання. Студэнты будуць атрымліваць штомесячную стыпендыю ў памеры 934 еўра на месяц, таксама пакрываюцца выдаткі на медыцынскую страхоўку, на праезд да месца навучання, выдаткі на праходжанне курсаў нямецкай мовы. Тэрмін падачы заяўкі – 31 ліпеня 2023 года.
Урад Славацкай Рэспублікі ў межах Нацыянальнай стыпендыяльнай праграмы для замежных студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў універсітэтаў, даследчыкаў і мастакоў працягвае прыём заявак на праходжанне стажыроўкі ў навучальных установах Славакіі. Тэрмін падачы заяўкі на наступны летні семестр – 30 кастрычніка 2023 года.
Еўрапейскі Саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT-II» (Support for Advanced learning and training) абвяшчае прыём заявак на атрыманне фінансавай падтрымкі ў памеры да 1450 еўра на вывучэнне адной з еўрапейскіх моў (на выбар суіскальніка) і здачы па ім іспыту. Праграма прызначана для беларускіх студэнтаў-палітвязняў. Больш падрабязна па крытэрах адбору ўдзельнікаў і ўмовах праграмы – на сайце арганізатара.
- ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ І АДУКАЦЫЯ
Як змянілася Віленская гімназія імя Францішка Скарыны пасля 2020 года? Вучняў стала амаль у два разы больш. Дзяцей у адзіную беларускамоўную школу ў Літве аддаюць не толькі беларусы, якія пераехалі сюды пасля пратэстаў, але і замежнікі, не звязаныя з нашай краінай. Настаўніца беларускай мовы Скарынаўскай гімназіі Алена Базюк распавяла пра прычыны папулярнасці ўстановы і дала рэкамендацыі беларускім эмігрантам, якія шукаюць месца навучання для сваіх дзяцей.
Адкрыты прыём заявак на ўдзел у канферэнцыі «Дэкаланізацыя адукацыі і навуковых даследаванняў у Беларусі і Украіне: тэарэтычныя выклікі і практычныя задачы«. Канферэнцыю арганізуюць сумесна Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, Украінскі каталіцкі ўніверсітэт і Карлаў універсітэт. Мерапрыемства адбудзецца ў Вільні 28-30 верасня. На канферэнцыі будуць абмяркоўвацца такія пытанні, як вынікі і ўрокі посткаланіяльных даследаванняў у Беларусі і Украіне, вопыт дэкаланізацыі ў адукацыі і навуцы Украіны, а таксама тэмы звязаныя з дэкамунізацыяй, дэсаветызацыяй, дэкаланізацыяй, міжрэгіянальным супрацоўніцтвам і перспектывамі беларускіх і ўкраінскіх даследаванняў у глабальным кантэксце. Больш падрабязная інфармацыя па умовах удзелу і магчымасцях грантавай падтрымкі апублікавана тут. Прыём заявак – да 15 ліпеня 2023 года.
Адбылася двухдзённая канферэнцыя «Адукацыя для ўстойлівага развіцця ў Беларусі: ад сучаснасці да будучыні», арганізаваная ініцыятывай «Зялёная Беларусь» і Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам (Вільня). Мерапрыемства, якое праходзіла 9 і 10 чэрвеня, сабрала ўдзельнікаў сістэмы адукацыі ўстойлівага развіцця (АУР) у Беларусі і Еўропе, уключна з экспертамі па адукацыйнай палітыцы, міжнароднымі экспертамі і патэнцыйнымі спажыўцамі адукацыйных прадуктаў для беларускай аўдыторыі як у краіне, так і за яе межамі. Галоўнай мэтай канферэнцыі было вызначэнне існуючых і перспектыўных напрамкаў развіцця АУР у Беларусі. Вынікі Канферэнцыі будуць скарыстаны для падрыхтоўкі Канцэпцыі Нацыянальнай стратэгіі адукацыі для ўстойлівага развіцця ў Беларусі.
Беларуская нацыянальная рада моладзі «РАДА» прадставіла аналіз становішча беларускай моладзі ў 2019-2022. Гэта вынікі даследавання, якое аўтары справаздачы правялі з выкарыстаннем даступных на сёння метадаў. Мэта даследавання – выяўленне інтарэсаў, праблем і магчымасцей моладзі Беларусі як сацыяльнай групы і як часткі грамадства, якая актыўна ўдзельнічае ў грамадскай і грамадска-палітычнай дзейнасці. Падрабязную справаздачу з графікамі, дыяграмамі і каментарамі можна знайсці тут.
І яшчэ адно даследаванне прадставіла даследчая група Моладзевага блока. Другая хваля сацыялагічных даследаванняў заклікана высветліць, што ўяўляе сабой пакаленне, якое пражыло ўсё ці амаль усё сваё свядомае жыццё пры праўленні Лукашэнкі. Перыяд апытання закранае красавік-травень 2023 года, у выбарцы прадстаўлена беларуская моладзь ва ўзросце 18-35 гадоў. Якія асноўныя тэндэнцыі ў грамадскай думцы беларускай моладзі выявілі арганізатары даследавання – чытайце тут.
- РЭПРЭСІІ
Трое выкладчыкаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта звольненыя «па дамове бакоў» пасля таго, як раней былі затрыманыя па адміністрацыйных «палітычных» артыкулах. Гэта дацэнт кафедры гісторыі і турызму Віктар Чараўко, дацэнт кафедры канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіравання Сяргей Глазырын і дацэнт кафедры гісторыі і турызму Юрый Кеж. Крыніца, якая пажадала застацца невядомай, паведаміла СМІ, што 13 чэрвеня шэсць дэканаў факультэтаў ПДУ падалі заявы аб пераводзе на пастаянную выкладчыцкую працу. Нагадаем, што 23 траўня ва ўніверсітэце прайшла серыя затрыманняў супрацоўнікаў, большасць з якіх былі арыштаваныя, як мінімум адзін – аштрафаваны.
Кіраўніцу ліквідаванага ў лістападзе 2021 года «Таварыства беларускай мовы» і экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алену Анісім звольнілі з Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук. Гэта адбылося за час, пакуль яна была пад арыштам. Анісім затрымалі 17 траўня на працоўным месцы і прысудзілі 12 сутак за «дробнае хуліганства» – нібыта яна агрэсіўна паводзіла сябе ў РУУС Першамайскага раёна Менска і не рэагавала на просьбы супакоіцца.
2 чэрвеня вольны прафсаюз БДУпаведаміў у сваім тэлеграм-канале пра звальненне двух выкладчыкаў з гістарычнага факультэта. Імёны звольненых выкладчыкаў вядомыя камандзе прафсаюза, аднак падрабязнасці, у тым ліку прычыны звальнення, пакуль застаюцца невядомымі.
6 чэрвеня стала вядома, што кіраўніцу Народнай студэнцкай харавой капэлы БДУ Вольгу Мінянкову затрымалі за адмову выступіць на Данбасе. Праўладны тэлеграм-канал выпусціў відэа з магістрам мастацтваў, у якім яна распавядае пра тое, што «адправіла тых, хто запрашае ўслед за рускім караблём».
18-гадовую студэнтку Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта прысудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» за «абразлівы каментар» у адрас Лукашэнкі (арт.368 Крымінальнага кодэкса РБ). Па ініцыятыве пракуратуры Брэсцкай вобласці, паседжанне суда адбылося ў самой ВНУ, а пасля вынясення прысуду дзяржабвінаваўца выступіў перад студэнтамі з тлумачэннем адказнасці за «дзеянні экстрэмісцкага характару».
Настаўніцу гісторыі затрымалі і запісалі «пакаяльнае« відэа за аватарку з сімвалам «Пагоні» ў чаце для вучняў 10-11 класаў. Імя настаўніцы і канкрэтныя абвінавачанні пакуль невядомыя, але мяркуецца, што яе могуць прыцягнуць да адказнасці за ўдзел у пратэстах. Паводле паведамлення на канале, блізкім да сілавых структур, інфармацыю пра чат і настаўніцу «прадставіў» нехта з бацькоў вучняў.
- ПАЛIТЫКА РЭЖЫМУ
Віктар Хрэнін, міністр абароны Беларусі, аб'явіў пра ўвядзенне абавязковай ваеннай падрыхтоўкі для ўсіх студэнтаў з наступнага навучальнага года. Адпаведны дакумент ужо прыняты сумесна з Міністэрствам адукацыі і выдзелены акадэмічны гадзіннік для спецкурса. Пра новаўвядзенне чыноўнік паведаміў у межах прадстаўлення ў парламенце законапраекта аб народным апалчэнні. Мэтай заяўлена навучанне ўсіх беларусаў валоданню зброяй, без абмежаванняў па ўзросце і гендары.
Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт прапанаваў сваім студэнтам другога і трэцяга курса адправіцца на навучанне ў Белгарадскі дзяржаўны нацыянальны даследчы ўніверсітэт. У межах праграмы было заяўлена бясплатнае навучанне ў расійскім універсітэце, аднак выдаткі на транспарт, харчаванне і пражыванне ўдзельнікі павінны аплаціць самастойна. Нагадаем, што Белгарад знаходзіцца за 40 кіламетраў ад мяжы з Украінай і падвяргаецца рэгулярным абстрэлам.
Вадзім Гігін прызначаны дырэктарам беларускай Нацыянальнай бібліятэкі. Ён зменіць на гэтай пасадзе Аксану Кніжнікаву, якая займала пасаду кіраўніка бібліятэкі з чэрвеня 2021 года. Гігін неаднаразова выказваў падтрымку Расіі ў вайне з Украінай, а таксама пагражаў апанентам рэжыму Лукашэнкі забойствамі.
10 чэрвеня ў Магілёве адбыўся канцэрт для выпускнікоў школ і іх бацькоў, дзе выступалі расейскія Z-артысты. У іх ліку Вольга Бузава, якая наведала акупаваную Данецкую вобласць Украіны восенню 2022 года, групы «Прапаганда« і «Стрэлкі», якія падтрымалі вайну. Таксама ў канцэрце прынялі ўдзел і беларускія артысты, у т.л. фіналістка ўкраінскіх праектаў «Х-фактар» і «Голас краіны» Ганна Трубяцкая.
2 чэрвеня ў Маскве адбылося пленарнае паседжанне Першага расейска-беларускага форума гісторыкаў, якое сабрала прадстаўнікоў навуковых арганізацый і ВНУ абедзвюх краін. Кіраўнік Службы знешняй разведкі і старшыня Расійскага гістарычнага таварыства Сяргей Нарышкін у сваім выступленні заявіў, што ў Расіі і Беларусі непарыўны «гістарычны лёс». Таксама зварот да ўдзельнікаў форуму накіравалі кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка і кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў. Сяргеенка падкрэсліў «неабходнасць захавання гістарычнай праўды аб гераічным мінулым двух брацкіх народаў», а Сяргей Лаўроў зноў згадаў спробы «калектыўнага Захаду» пасварыць «братэрскія народы», а таксама заклікаў да стварэння манаграфіі па гісторыі Саюзнай дзяржавы.
Будынкі двух мінскіх ліцэяў, якія ліквідуюцца, перададуць іншым установам адукацыі ў сталіцы. ДУА «Сярэдняя школа № 165 Мінска» зойме будынак ліцэя № 1, а Мінскі гарадскі педагагічны каледж будзе размешчаны ў будынку ліцэя № 2. Настаўнікаў, якія працавалі ў ліцэях, паабяцалі працаўладкаваць. Пра закрыццё навучальных устаноў стала вядома ў канцы 2021 года пасля ўступлення ў сілу змен у Кодэксе аб адукацыі. Гэты навучальны год стаў апошнім для ліцэяў, нягледзячы на надзеі бацькоў і педагогаў захаваць установы.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец расказаў пра вынікі нарады ў Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях уступнай кампаніі ў ВНУ, якая адбылася 6 чэрвеня. Па словах міністра, сёлета ўся кампанія пройдзе па зацверджаных у 2022 годзе правілах. Сярод новаўвядзенняў года – цэнтралізаваны іспыт і адмысловы парадак паступлення для мэтавікоў. Іванец адзначыў, што важна ўдзяляць увагу не толькі якаснай падрыхтоўцы спецыялістаў, але і патрыятычнаму выхаванню ва ўсіх установах адукацыі, ад школ да ўніверсітэтаў.
Першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Бахановіч заявіў, што ў Беларусі прапрацоўваецца пытанне па наладжванні супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з акупаванымі рэгіёнамі Украіны – Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцямі. Паводле яго слоў, неабходна аднаўляць сувязі паміж адукацыйнымі ўстановамі, праводзіць сумесныя канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы. Бахановіч таксама дапоўніў, што супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы паміж Масквой і Мінскам «умацоўваецца з кожным днём».
Выхаванцы ваенна-патрыятычнага цэнтра спецыяльнай падрыхтоўкі «Скіф» і абласнога ваенна-патрыятычнага клуба «Доблесць» ваеннай часці 3310 наведалі рэзідэнцыю Лукашэнкі. Дзяржаўныя тэлеграм-каналы апублікавалі фотасправаздачу з мерапрыемства. Яе можна ўбачыць тут. Нагадаем, што клуб «Доблесць» створаны па ініцыятыве Мікалая Карпенкова. Таксама стала вядома, што дзеці з Полацкага раёна Беларусі прынялі ўдзел у чэмпіянаце па практычнай стральбе на Кубак губернатара Пскоўскай вобласці.