Зранку 19 лютага ў межах Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Святлана Ціханоўская выступіла на дыскусіі на тэму таго, як зрабіць дэмакратыі мацнейшымі. Спікерамі сталі жанчыны-палітыкі – акрамя Ціханоўскай там выступіла прэм'ер-міністарка Эстоніі Кая Калас, прэзідэнтка Косава В'ёса Асмані. У сваёй прамове беларуская лідарка пералічыла неабходныя фактары ў барацьбе з дыктатурамі: 1) на першае месца ставіць людзей – вырашаць павінны яны; 2) заставацца адзінымі, не даваць сябе раскалоць; 3) не спрабаваць перавыхаваць ці ўлагодзіць дыктатара; 4) шукаць расколіны ў сістэме; 5) паўмеры толькі шкодзяць, як у выпадку з санкцыямі па Беларусі.
Потым Святлана Ціханоўская выступіла на панэльнай дыскусіі па беларускай культуры – разам з пісьменнікам Сашам Філіпенкам і міністаркай культуры і медыя Германіі Клаўдыяй Рот. Ціханоўская адзначыла важнасць культуры і салідарнасці для фармавання самадастатковай грамадзянскай супольнасці, падзякавала Беларускай Радзе культуры і ўсім ініцыятывам, якія працуюць у гэтай сферы. Яна адзначыла, што культура – адзін з галоўных рухавікоў нашай барацьбы за перамены.
У кулуарах Мюнхенскай канферэнцыі ў яе адбылася кароткая гутарка са спікеркай Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пеласі, адной з самых уплывовых жанчын Амерыкі і свету. Ціханоўская расказала пра сітуацыю ў Беларусі, Пеласі перадала пажаданні ўдачы і мужнасці ўсім беларусам.
Потым у беларускай лідаркі адбылася працяглая гутарка з высокапастаўленымі сенатарамі ЗША – Джын Шэйхін, Робам Портманам, Крысам Кунсам, Дэнам Саліванам, Рычардам Дурбінам, Крысам Ван Холенам, Бэнам Сасам, Джоні Эрнст, Ліндсі Грэмам, Шэлданам Вайтхаўсам. Многія з іх узначальваюць камітэты і падкамітэты Сената і часам адыгрываюць вырашальную ролю ў амерыканскай палітыцы. Напрыклад, прэзідэнту ЗША неабходная згода Сената па большасці пытанняў. Ціханоўская адзначыла, што неабходна не толькі не прызнаваць Лукашэнку, але і знайсці механізм, каб зрабіць усе яго рашэнні і ўгоды незаконнымі. Яна таксама папрасіла дапамогі ў прыцягненні вінаватых у злачынствах да адказнасці праз міжнародныя суды.
Упершыню беларуская лідарка сустрэлася з мэрам Стамбула. Экрэм Імамаглу знаходзіцца ў апазіцыі да кіруючай у Турцыі партыі Рэджэпа Эрдагана і вядомы на ўсю краіну. Ціханоўская запрасіла Імамаглу наведаць Мінск – як толькі гэта стане магчымым. Таксама яны абмеркавалі магчымасці супрацоўніцтва ў новай Беларусі, міграцыйны крызіс, турызм з Беларусі і ўкраінска-расійскі канфлікт.
Потым Ціханоўская прыняла ўдзел у дыскусіі па Украіне, да якой далучыліся міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба, дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны, шэраг міністраў і чыноўнікаў. Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў і сказала, што «лёс Беларусі залежыць ад лёсу Украіны, і наадварот». Ціханоўская падкрэсліла, што Лукашэнка наўмысна спрабуе пасварыць беларусаў і ўкраінцаў.
Падчас сустрэчы з міністаркай замежных спраў Балгарыі Тэадорай Генчоўска абмеркавалі магчымасць рэабілітацыі для сем'яў палітвязняў, і тых, хто выходзіць на волю пасля заканчэння тэрмінаў зняволення, а таксама 6-ты пакет санкцый, які будзе разгледжаны ў панядзелак у Бруселі.
У размове з выканаўчым дырэктарам уплывовага Амерыканскага габрэйскага камітэта Дэвідам Харысам Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу на пастаянныя антысеміцкія заявы Лукашэнкі і адзначыла, што беларусы да гэтага не маюць дачынення. Яна таксама звярнула ўвагу на сітуацыю з габрэйскімі арганізацыямі ў Беларусі, якія штораз аказваюцца пад ціскам з боку рэжыму.
19 лютага Ціханоўская правяла сустрэчу і з прэм'ер-міністрам Косава Альбінам Курці. Яна падзякавала за апошні пакет санкцый, які мае важнае сімвалічнае значэнне, паказваючы адзінства Еўропы і павагу да дэмакратычных каштоўнасцяў.
У размове з міністаркай замежных справаў Швецыі Ан Ліндэ Ціханоўская ўзняла пытанне пра шведскую дапамогу для Беларусі, якая раней аказвалася праз дзяржустановы, але цяпер замарожаная. Беларуская лідарка падкрэсліла, што СМІ, праваабаронцы і валанцёры працягваюць сваю штодзённую бясстрашную працу і маюць патрэбу ў падтрымцы, якую магла б даць Швецыя.
Падчас афіцыйнага выступу на Мюнхенскай канферэнцыі (які адбыўся адразу пасля выступу Зяленскага) Ціханоўская звярнула ўвагу на несамастойнасць рэжыму ў прыняцці рашэнняў – і паставіла пытанне пра тое, што час перастаць яго прызнаваць, весці з ім бізнес або палітыку. Пры гэтым важна прыцягваць беларусаў, бізнесы, кампаніі і чыноўнікаў, якія хочуць пераменаў. «Рэжым крохкі, але ніхто не можа прадказаць, як будзе развівацца сітуацыя. Нашая галоўная задача – шукаць аднадумцаў, у тым ліку сярод людзей рэжыму», – заявіла Ціханоўская. Яна папрасіла звярнуць увагу на дату 20 лютага – вырашальны дзень, калі мы даведаемся, ці пачнецца вывад расійскіх войскаў з Беларусі.
З міністрам замежных спраў Даніі Епэ Кофадам Святлана Ціханоўская абмеркавала санкцыі, міжнародную платформу для збору доказаў злачынстваў рэжыму. Данія актыўна падтрымлівае Беларусь у міжнародных арганізацыях, супрацоўнічае з шэрагам ініцыятыў, а таксама з беларускай дыяспарай.
Міністарка замежных спраў Нарвегіі Анікен Хюітфельд запрасіла Ціханоўскую ў Осла, яны абмеркавалі пытанне Yara (кампаніі, якая купляла прадукцыю Беларуськалія), дапамогу праваабаронцам, а таксама магчымасць арганізацыі слуханняў у Радзе Бяспекі ААН (Нарвегія з'яўляецца непастаянным чальцом Рады).
У межах Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Ціханоўская таксама сустрэлася з фінансавым дырэктарам кампаніі BMW і кіраўніцтвам фонду BMW.
Асобна Ціханоўская паразмаўляла з міністаркай замежных спраў Канады Мелані Джалі, гэта іх першая сустрэча. Канада была адной з самых рашучых краінаў у непрызнанні Лукашэнкі, санкцыях і дапамозе грамадзянскай супольнасці. Канада падтрымлівае жаночыя ініцыятывы, даследчыкаў, беларускія медыі. Ціханоўская расказала пра сітуацыю з палітвязнямі на фоне рэгіянальнага крызісу. Яны абмеркавалі магчымасці супрацоўніцтва і сумесных дзеянняў у міжнародных арганізацыях.