«Я пачала свой удзел у саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне з сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Перадала яму словы салідарнасці і падтрымкі ад беларусаў. Мы стаім на баку Украіны і ўкраінскага народа. Сёння як ніколі важна ўзмацніць падтрымку Украіны, каб спыніць расійскую агрэсію і дасягнуць справядлівага і трывалага міру.
Лёсы Беларусі і Украіны непарыўна звязаныя. Ад выніку гэтай вайны залежыць і будучыня нашай краіны. Мір павінен быць на ўмовах Украіны, з надзейнымі гарантыямі бяспекі, якія не дазволяць Расіі напасці зноў.
Беларускае пытанне павінна стаць часткай перамоваў пра трывалы мір. Нельга дапусціць, каб Беларусь засталася пад кантролем Расіі або стала суцяшальным прызам для Пуціна. Неабходна вывесці расійскія войскі з Беларусі і аднавіць сапраўдную незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны. Без гэтага не будзе трывалай бяспекі ні для Украіны, ні для ўсяго рэгіёна.
Мы абмеркавалі ролю рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі і важнасць недапушчэння ўцягвання беларускай арміі ў вайну. Рэжым Лукашэнкі нясе поўную адказнасць за свае злачынствы і падтрымку расійскай агрэсіі. Таму міжнародны ціск на рэжым, у тым ліку санкцыйны, павінен працягвацца.
Таксама абмеркавалі падтрымку беларусаў ва Украіне, у тым ліку вырашэнне праблем з дакументамі і легалізацыяй.
Мы хочам бачыць Украіну моцнай, незалежнай і мірнай, а Беларусь — свабоднай і дэмакратычнай. Нашы народы заслугоўваюць бяспечнай еўрапейскай будучыні».
