26 кастрычніка суд кантона Санкт-Гален абвясціў рашэнне па апеляцыі на апраўдальны прысуд былому байцу СОБРа Юрыю Гараўскаму, які ў 2019 годзе публічна заявіў пра ўдзел у выкраданнях Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага ў 1999 годзе.
Суд прызнаў Гараўскага вінаватым у выкраданні прадпрымальніка Анатоля Красоўскага і прызначыў яму два гады пазбаўлення волі ўмоўна. Па эпізодзе Юрыя Захаранкі суд пакінуў апраўдальны прысуд у сіле. Апраўданне па эпізодзе Віктара Ганчара таксама засталося без зменаў: паколькі заяўніцы не з’яўляюцца яго блізкімі сваячкамі, апеляцыя не закранала гэтага эпізоду.
Рэжым Лукашэнкі за ўсе гэтыя гады не правёў належнага расследавання, і лёс Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі і Анатоля Красоўскага афіцыйна так і не высветлены. Дзякуем Алене Захаранцы і Валерыі Красоўскай, а таксама TRIAL International, FIDH і Праваабарончаму цэнтру «Вясна» за шматгадовую працу над гэтай грамадска значнай справай. Рашэнне яшчэ можа быць абскарджанае.
Каментар Леаніда Марозава, дарадцы Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях:
«Гэта важны дзень для сем’яў зніклых і для ўсіх беларусаў, якія чакаюць справядлівасці. Праз 27 гадоў суд прызнаў былога байца СОБРа вінаватым у выкраданні Анатоля Красоўскага. Гэта першы абвінаваўчы прысуд па злачынствах рэжыму Лукашэнкі, вынесены за мяжой на аснове ўніверсальнай юрысдыкцыі. Таксама гэта першы крок да таго, каб былі названыя не толькі выканаўцы, але і арганізатары і замоўнікі гэтых злачынстваў.
Гэты прысуд паказвае: час не сцірае адказнасці за цяжкія злачынствы, а адсутнасць правасуддзя ў Беларусі не азначае, што беспакаранасць вечная. Хто аддаваў загады і дзе знаходзяцца зніклыя, яшчэ трэба ўстанавіць, і мы працягнем гэтага дамагацца».
