9–10 верасня дырэктар віленскага Офіса Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі сустрэўся з дарадцам прэзідэнта Літвы па замежнай палітыцы Данатасам Аўгулісам і віцэ-спікеркай Сейма Літвы Вікторыяй Чмілітэ-Нільсэн. Абедзве сустрэчы прайшлі ў Офісе ў Вільні.
Ключавыя тэмы перамоваў:
— Аўтобуснае злучэнне з Беларуссю. Магчымыя абмежаванні па прыкладзе Латвіі цалкам спыніць аўтобусныя перавозкі ў Беларусь і Расію з 2027 года. У Літве таксама прагучала прапанова зрабіць такі крок. На сустрэчах абмеркавалі, як працаваць над тым, каб гэтыя абмежаванні не закранулі беларусаў.
— Курсы літоўскай мовы для беларусаў — пашырэнне доступу да навучання. Беларусы хочуць вывучаць мову і ўдзельнічаць у жыцці краіны, але месцаў на курсах не хапае.
— Падрыхтоўка да магчымых вызваленняў палітвязняў, якія могуць быць вывезены ў Літву. Кучынскі падзякаваў Літве за дапамогу з дакументамі і легалізацыяй для ўжо вызваленых .
— Падтрымку ЕГУ. Кучынскі прапанаваў візію літоўскім партнёрам, як можна дапамагчы ЕГУ выйсці з крызіснай сітуацыі.
— Бяспеку Літвы і рэгіёну, крокі з мілітарызацыяй унутры Беларусі. Кучынскі падзяліўся ацэнкай унутраных працэсаў у Беларусі, ваенна-палітычнай абстаноўкі і рызык выкарыстання тэрыторыі краіны Расіяй для агрэсіі супраць суседзяў. Па выніках абмеркавання бакі адзначылі, што іх бачанне сітуацыі супадае.
— Старшынства Літвы ў Радзе Еўрасаюза. Магчымыя фарматы прысутнасці Беларусі на мерапрыемствах і сустрэчах, а таксама захаванне беларускага пытання ў фокусе ўвагі.
Дзяніс Кучынскі:
«Мы ведаем пра праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Літве. І нашая задача — па магчымасці іх вырашыць. Нам важна, каб беларусы ў Літве маглі вывучаць мову, атрымліваць адукацыю і ўдзельнічаць у жыцці краіны. Мы бачым, што восенню чакаюцца дыскусіі ў Сейме адносна розных абмежаванняў, і ўжо зараз актыўна працуем з партнёрамі, каб данесці нашу пазіцыю і абараніць інтарэсы беларусаў».
