У Стакгольме адкрылася Моладзевая канферэнцыя Усходняга партнёрства 2026, якая сабрала каля 100 удзельнікаў — маладых лідараў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і еўрапейскіх інстытутаў. Найбуйнейшую групу ўдзельнікаў склалі беларусы.
У сваёй вітальнай прамове Святлана Ціханоўская казала пра ролю моладзі ў дэмакратычных пераменах, неабходнасць падтрымкі маладых людзей:
«Я цалкам згодная, што нам патрэбна больш маладых людзей у палітыцы. І нам патрэбная больш эфектыўная моладзевая палітыка ва ўсіх краінах Усходняга партнёрства. Але нам не патрэбная палітыка, якая толькі гаворыць пра моладзь. Нам патрэбная палітыка, якая дае ім магчымасці, абараняе іх, інвестуе ў іх і ўключае іх у прыняцце рашэнняў».
Асобна яна звярнулася да маладых лідараў з парадай быць смелымі і настойлівымі:
«Многія таленавітыя, яркія, творчыя людзі ніколі не рэалізуюць свой патэнцыял, таму што маўчаць або проста не вераць у сябе. І, шчыра кажучы, я была зусім такой жа. Калі б не падзеі шасцігадовай даўніны, вы ніколі б не ўбачылі Святлану Ціханоўскую ў якасці палітычнай лідаркі.
Таму вось мая парада вам сёння: вылучайцеся. Будзьце іншымі. Будзьце смелымі. І не станьце канфармістамі. Не згаджайцеся, каб вас пасадзілі ў апошні рад.
Змагайцеся за сваё месца за сталом — нават калі гэта няёмка. Нават калі гэта здаецца немагчымым.
Задавайце складаныя пытанні. Аспрэчвайце старыя сістэмы. Настойвайце на зменах у інстытутах».
