Прадстаўляем агляд ключавых падзеяў лютага 2026 года ў сферы адукацыі і навукі, падзелены на два блокі — падзеі ў Беларусі і падзеі па-за яе межамі.
Унутры краіны — развіццё адукацыйнай інфраструктуры і навуковых праектаў на фоне ўзмацнення дзяржаўнага кантролю, ідэалагічнага ўплыву і захавання сістэмных праблемаў у фінансаванні навукі.
За мяжой — актыўнае фарміраванне беларускай акадэмічнай прасторы ў выгнанні, міжнародныя даследчыя і адукацыйныя ініцыятывы, а таксама пошук механізмаў падтрымкі і інтэграцыі беларускіх навукоўцаў і студэнтаў у еўрапейскую адукацыйную сістэму.
Агляд падрыхтаваны дарадцам Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Паўлам Церашковічам.
Падзеі ў Беларусі
Выстава «Адукацыя і кар’ера».
Спецыялізаваная выстава «Адукацыя і кар’ера» для школьнікаў, абітурыентаў, студэнтаў і бацькоў прайшла 12–15 лютага 2026 г. Мінску. На ёй было прадстаўлена каля 150 устаноў сярэдняй спецыяльнай, прафесійнай і вышэйшай адукацыі. За тры дні выставу наведала каля 18 тыс. чалавек. Апроч беларускіх на выставе было каля 10 расійскіх, пераважна правінцыйных ВНУ, а таксама стэнд адыёзнай установы «мяккай сілы» Россупрацоўніцтва.
Адкрыццё Лабараторыі структурнай і функцыянальнай біялогіі бялку
13 лютага 2026 г. у Беларускім дзяржаўным універсітэце была адкрытая Лабараторыя структурнай і функцыянальнай біялогіі бялку. У падзеі ўдзельнічала вялікая колькасць чыноўнікаў вышэйшага рангу. Падкрэслівалася, што лабараторыя не мае аналагаў на прасторы былога СССР. Лабараторыя была адкрыта ў працэсе пабудовы новага корпусу Факультэта біялогіі БДУ коштам каля 24 млн еўра.
Адной з формаў практычнага прымянення лабараторыі з’яўляецца так званая «персаналізаваная медыцына», калі даследаванні дазваляюць падабраць лячэнне на аснове бялковага профілю канкрэтнага пацыента, вызначыць тую форму тэрапіі і лекаў, якія падыходзяць для ўнікальнага выпадку. Ёсць меркаванне, што патэнцыяльнымі пацыентамі лабараторыі могуць вышэйшыя чыноўнікі, перш за ўсё — асабіста А. Лукашэнка.
Нарада па праекту Указа «Аб удасканаленні навуковай дзейнасці».
9 лютага 2026 г. адбылася нарада з нагоды абмеркавання праекта Указа «Аб удасканаленні навуковай дзейнасці» з удзелам А. Лукашэнкі. Яна была прысвечаная вызначэнню механізмаў фінансавання навуковай сферы. Лукашэнка чарговы раз выказаўся за тое, што аплата навукоўцам будзе толькі за паспяховы вынік. Старшыня прэзідыума НАН РБ У. Каранік пазначыў, што памеры фінансавання яго ўстановы ў наступныя 5 гадоў павялічыцца ў 2 разы. Калі ўлічыць, што ўласна дзяржаўны ўнёсак у фінансаванне навукі складае ўсяго 120 млн еўра, наўрад ці можна лічыць, што падваенне гэтай сумы здольнае вырашыць хранічныя праблемы навуковай сферы ў Беларусі.
Стварэнне аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы ў сферы адукацыі
13 лютага 2026 г. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову «Аб дзяржаўных аўтаматызаваных інфармацыйных сістэмах у сферы адукацыі». Згодна з ёй увядзенне новай сістэмы дазволіць сфарміраваць адзіную інфармацыйную прастору ў сферы адукацыі, забяспечыць аўтаматызацыю ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў, арганізацыяў, устаноў адукацыі і іншых суб’ектаў адукацыйных адносінаў. Ёсць надзея, што яна прывядзе да зніжэння справаздачнай нагрузкі для настаўнікаў і выкладчыкаў. Разам з тым, не выключана, што новая інфармацыйная сістэма ўзмацніць магчымасці адміністрацыйнага кантролю над адукацыйнай прасторай.
Пракуратура трымае на кантролі патрыятычнае выхаванне
Паведамляецца, што ў лютым пракуратура Мінскай вобласці выявіла шэраг парушэнняў у арганізацыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікаў: у шэрагу школ былі «не выкананы ўсе запланаваныя мерапрыемствы, не арганізавана ў поўным аб’ёме наведванне вучнямі памятных месцаў у шосты школьны дзень, у канікулярны і навучальны перыяды, мела месца неналежнае функцыянаванне аб’яднанняў па інтарэсах, факультатываў патрыятычнай накіраванасці і ваенна-патрыятычных клубаў». Такое ўмяшальніцтва сілавой структуры ў адукацыйны працэс адлюстроўвае агульную тэндэнцыю на ўмацаванне татальнага кантролю дзяржавы над вучнямі і педагогамі.
Выязное пасяджэнне суду ва ўніверсітэце
У Гродненскім дзяржаўным аграрным універсітэце выязное пасяджэнне суду, які ў прысутнасці студэнтаў разглядаў справу паводле факту ўхілення ад службы ў войску. Падсудны быў прызнаны вінаватым і пакараны абмежаваннем свабоды на год і шэсць месяцаў з накіраваннем у калонію адкрытага тыпу. Падобныя выязныя суды ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах апошнімі гадамі з’яўляюцца тыповай практыкай запалохвання навучэнцаў. Вельмі часта падсудныя абвінавачваюцца па «палітычных артыкулах».
Падзеі ў замежжы
Сустрэча Святланы Ціханоўскай з прадстаўнікамі беларускіх адукацыйных і навуковых ініцыятываў
23 лютага 2026 г. Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі беларускіх адукацыйных і навуковых ініцыятываў у Варшаве. У сустрэчы ўдзел узялі прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі і Юрый Губарэвіч, прадстаўнікі Вольнага Беларускага Ўніверсітэта, Беларускай школы ў Варшаве, Інстытута публічнай гісторыі, ініцыятывы «Кадравы рэзерв», а таксама прадстаўнікі шэрагу іншых адукацыйных структураў.
Асноўнымі тэмамі размовы сталі праблемы фінансавай падтрымкі незалежнай беларускай адукацыі і навукі, пытанні пацвярджэння прафесійных статусаў, афіліяцыі даследчыкаў для ўдзелу ў міжнародных праектах, інтэграцыі ў адукацыйную прастору Польшчы, адаптацыі дзяцей ва ўмовах эміграцыі і інш.
Серыя адкрытых лекцыяў БДУ Імя Астафея Валовіча
Беларускі Даследчы Ўніверсітэт Імя Астафея Валовіча працягвае пашыраць сваю прысутнасць у публічнай прасторы. У межах серыі адкрытых лекцыяў адбыліся выступы доктара гістарычных навук Віктара Шадурскага «Еўрапейскі выбар Беларусі: выклікі і перспектывы» (26 лютага 2026, Варшава), кандыдата філасофскіх навук Андрэя Лаўрухіна «Крытычнае мысленне: кагнітыўныя, эмацыйныя і камунікатыўныя вымярэнні» (13 лютага 2026, Вільня), даследчыка традыцыйнага музычнага фальклору Яўгена Барышнікава «Дуда: кароткая гісторыя нацыянальнага сімвала» (26 лютага 2026, Уроцлаў).
Круглы стол «Беларускія даследнікі і даследаванні Беларусі ў Польшчы»
12 лютага 2026 г. адбыўся анлайн круглы стол «Беларускія даследнікі і даследаванні Беларусі ў Польшчы: магчымасці і праблемы». Суарганізатарамі выступілі Форум гістарычных даследаванняў Беларусі Нямецкага таварыства даследаванняў Усходняй Еўропы, Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча і Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі.
На семінары было адзначана, што пасля 2020 г. у Польшчу выехала больш за 50 гісторыкаў, пэўная частка з якіх здолела застацца ў прафесіі. Разам з тым, многія маладыя навукоўцы маюць абмежаваныя магчымасці атрымання грантаў, абароны магістарскіх і доктарскіх дысертацыяў і працягнення акадэмічнай кар’еры. Ідэі адкрыцця магістарскіх праграм з беларускай мовай навучання і абароны дысертацыяў па беларускай праблематыцы на беларускай мове абмяркоўваюцца, але сістэмныя рашэнні пакуль не знойдзены.
Круглы стол быў праведзены ў межах ініцыятывы дзеля развіцця супольнасці праграмы Еўрапейскага Саюза EU4BELARUS: Support to Advanced Learning and Training (SALT II).
Канферэнцыя «Навукова абгрунтаваны шлях інтэграцыі Беларусі ў ЕС».
Канферэнцыя «Навукова абгрунтаваны шлях інтэграцыі Беларусі ў ЕС» адбылася ў Вільні 26 лютага 2026 г. На ёй былі прадстаўленыя вынікі мадэлявання розных сцэнараў эканамічнага развіцця Беларусі пасля імавернага ўступлення ў Еўрапейскі Саюз. Агульнай высновай стала сцвярджэнне, што эканоміка Беларусі мае шанцы на пераадоленне непазбежных цяжкасцяў, якія ўзнікнуць у гэтым выпадку. Уздзеянне далучэння да ЕС па-рознаму адаб’ецца на асобных галінах. Але пасля пераходнага перыяду, па меркаваннях даследчыкаў, эканоміку Беларусі чакае ўстойлівы рост. У той жа час, захаванне сённяшняй эканамічнай мадэлі абумовіць эканамічную стагнацыю і адставанне ад суседзяў.
Канферэнцыя была арганізаваная міжнароднай даследчыцкай сеткай FREE Network (Forum for Research in Eastern Europe) пры падтрымцы Швецыі і ЕС.
Анлайн семінар «Супярэчнасці гістарычных наратываў у Беларусі і краінах ЕС»
Анлайн семінар «Супярэчнасці гістарычных наратываў у Беларусі і краінах ЕС» адбыўся 24 лютага 2026 г. Беларускія гісторыкі, якія сёння працуюць у розных краінах Еўропы, абмяркоўвалі складаныя пытанні сучаснай гістарыяграфіі, у тым ліку — стаўленне да спадчыны Ф. Скарыны па-за межамі Беларусі, адрозненні падыходаў да гісторыі Вялікага княства Літоўскага ва Усходняй Еўропе і інш.
Семінар быў праведзены ў межах праекта, прысвечанага вывучэнню і аналізу стану беларускай гістарычнай навукі на выгнанні. Праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы праграмы EU4Belarus: Support to Advanced Learning and Training (SALT II), якая фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.
Праграма «Дні культуры краінаў у ЕГУ»
У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце пачаўся новы праект «Дні культуры краінаў у ЕГУ». Гэтая ініцыятыва заклікана ўмацаваць сувязі паміж акадэмічнай супольнасцю і дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным у Літве, а таксама адкрыць студэнтам магчымасці для паглыбленага знаёмства з культурай, гісторыяй і навуковым патэнцыялам розных народаў. У межах праграмы кожнай краіне-ўдзельніцы будуць прадастаўленыя пляцоўкі для правядзення лекцый, творчых майстэрняў, выстаў і панэльных дыскусіяў з удзелам дыпламатаў і дзеячаў культуры.
