2 лютага ў Вільні прайшоў Мітынг памяці загінулых ва Украіне, арганізаваны арганізацыяй «Дапамога».
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел беларусы, якія прыйшлі ўшанаваць памяць ахвяраў расійскай агрэсіі і выказаць салідарнасць з Украінай. Падчас мітынгу з прамовай выступіў дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, які ўвесь мітынг трымаў партрэт Марыі Зайцавай.
Анатоль Лябедзька:
«У Пуціна аднолькавыя мэты адносна і Украіны, і Беларусі — анэксія і поўны кантроль. Ва Украіне ён дамагаецца гэтага з дапамогай ракет і дронаў, а ў Беларусі — праз Лукашэнку. Мы не хочам жыць у расійскай «камунальнай кватэры». Нашая мара — жыць у сваіх дамах, украінскім і беларускім, у еўрапейскім квартале».
Падчас мітынгу таксама быў паказаны відэазварот Святланы Ціханоўскай, у якім яна выказала словы падтрымкі ўкраінскаму народу і падкрэсліла салідарнасць беларусаў з Украінай у барацьбе супраць расійскай агрэсіі. Яна адзначыла, што барацьба Украіны за свабоду непарыўна звязаная з барацьбой беларусаў за дэмакратыю, і выказала ўпэўненасць, што разам народы Усходняй Еўропы здолеюць перамагчы імперыялізм і дасягнуць справядлівага міру:
«Гэтая халодная зіма асабліва цяжкая для Украіны. У дамах няма ацяплення, святла, электрычнасці. Таму няхай нашая з вамі салідарнасць хоць крышку сагрэе людзей. А нашыя данаты дапамогуць ім набыць самае неабходнае.
Дарагія ўкраінцы, памятайце: беларусы на вашым баку. Беларусы — гэта не рэжым.
Беларусь і Украіна — частка дэмакратычнай Еўропы. І я веру, што разам мы пераможам расійскі імперыялізм і даб’ёмся справядлівага міру».
