3 лістапада 2025 года ў Жэневе прайшла 50-я сесія Рады ААН па правах чалавека, прысвечаная Універсальнаму перыядычнаму агляду (UPR) па Беларусі. Гэта ўжо чацвёрты цыкл UPR — папярэднія агляды Беларусь праходзіла ў 2010, 2015 і 2020 гадах.
Прадстаўнікі рэжыму спрабавалі прадставіць скажоную карціну і сцвярджалі, што ў краіне выконваюцца правы чалавека. Аднак, згодна з альтэрнатыўным дакладам праваабарончай супольнасці, рэкамендацыі папярэдніх цыклаў практычна не выкананыя, а ўзровень рэпрэсіяў застаецца крытычным. Так «з 266 рэкамендацыяў, атрыманых Беларуссю падчас трэцяга цыклу, толькі 2 рэкамендацыі (1,3%) былі рэалізаваныя цалкам, а 24 (15,5%) — часткова».
Пасля сесіі дэмакратычныя дзяржавы выказалі салідарнасць з народам Беларусі. Яны выступілі з заявамі і рэкамендацыямі рэжыму Лукашэнкі, напрыклад:
🇬🇧Вялікабрытанія:
– Падкрэсліла, што іх краіна глыбока занепакоеная сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, дзе з 2020 года працягваюцца маштабныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і палітычнай апазіцыі.
– Заклікала ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, вызваліць усіх палітычных зняволеных і перагледзець законы, якія абмяжоўваюць свабоды сходаў і аб’яднанняў.
🇳🇿Новая Зеландыя:
– Заявіла аб глыбокім шкадаванні ў сувязі з адсутнасцю прагрэсу па рэкамендацыях папярэдняга агляду.
– Заклікала Беларусь неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных; прывесці ўмовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі; ратыфікаваць другі Факультатыўны пратакол да МПГПП, накіраваны на адмену смяротнага пакарання, і Факультатыўны пратакол да Канвенцыі супраць катаванняў.
Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях:
«Узровень рэпрэсіяў у Беларусі застаецца вельмі высокім: у краіне па-ранейшаму ўтрымліваецца больш за 1200 чалавек. Адсутнічае свабода слова і сходаў, грамадзянская супольнасць унутры краіны знішчаная. Аднак радуе, што краіны ЕС і іншыя дэмакратычныя дзяржавы дэманструюць падтрымку дэмакратычнага руху і не дазваляюць прадстаўнікам рэжыму Лукашэнкі ўводзіць міжнародную супольнасць у зман».
