• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская сустрэлася з новым спікерам Сейма Літвы

    15 верасня, 2025

    Сёння ў Сейме Літвы беларуская лідарка правяла сустрэчу з новым спікерам Сейма Літвы Юозасам Олекасам. Юозас Олекас — да нядаўняга часу кіраўнік дэпутацкай групы Сейма Літвы «За дэмакратычную Беларусь», а да гэтага — старшыня дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Еўрапейскага парламента. 

    Святлана Ціханоўская падзякавала спікеру за прынцыповую пазіцыю і непахісную падтрымку Беларусі з боку Літоўскага Сейма і выказала спадзяванне на пашырэнне супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Ціханоўская згадала ініцыятыву Олекаса ўзняць бел-чырвона-белы сцяг каля Сейма да Дня Волі 25 сакавіка. 

    Падчас сустрэчы абмеркавалі лёс Мікалая Статкевіча, лідара беларускіх сацыял-дэмакратаў — партнёрскай партыі літоўскіх сацыял-дэмакратаў, да якой належыць Юозас Олекас. Ціханоўская адзначыла, што лёс Статкевіча застаецца невядомы, хоць па непацверджанай інфармацыі яго вярнулі ў калонію. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што неабходна працягваць змагацца за яго вызваленне, як і за вызваленне ўсіх іншых закладнікаў рэжыму.

    Ціханоўская адзначыла аператыўную дапамогу Літвы ў прыняцці групы вызваленых зняволеных, у выдачы дакументаў і легалізацыі. Спікер пацвердзіў, што падтрымка і вызваленне беларускіх палітвязняў застаюцца ў прыярытэце.

    Абмеркавалі становішча беларусаў у Літве (цяпер больш 50 тысячаў беларусаў маюць дазвол на жыхарства ў Літве) і пытанні з легалізацыяй, інтэграцыяй і бяспекай. Спікер запэўніў, што становішча беларусаў у краіне не пагоршыцца, і беларусы могуць разлічваць на падтрымку з боку Сейма. Ціханоўская запрасіла Олекаса наведаць Беларускі дом у Вільні, дзе адбываюцца беларускія мерапрыемствы і праводзяцца заняткі літоўскай мовы

    Ціханоўская і Олекас абмеркавалі працяг працы парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», дзе, верагодна, зменіцца старшыня, а таксама падпісанне мемарандуму аб супрацоўніцтве дэмакратычных сілаў Беларусі і Сейма Літвы, і правядзенне супольных мерапрыемстваў у Літве і міжнародных фарматах, асабліва напярэдадні старшынства Літвы ў ЕС у 2027 годзе. 

    Асобна закранулі пытанні рэгіянальнай бяспекі і вучэнняў «Захад-2025». Гэтыя вучэнні з’яўляюцца чарговай правакацыяй Расіі і рэжыму Лукашэнкі супраць суседзяў, але неабходна адрозніваць рэжым ад беларусаў. Ціханоўская падзякавала літоўскаму боку за дазвол машынам з беларускімі нумарамі, якія вяртаюцца ў Беларусь, перасякаць мяжу.

    Напрыканцы сустрэчы спікер Сейма і беларуская лідарка правялі супольную прэс-канферэнцыю. 

    Святлана Ціханоўская адзначыла: «Мы высока цэнім падтрымку, якую Літва аказвае беларусам і нашым палітвязням. Важна, каб новая кіроўная кааліцыя ўбачыла ў беларусах не пагрозу, а магчымасць умацаваць дэмакратычныя каштоўнасці, умацаваць бяспеку ў рэгіёне і адкрыць новыя шляхі партнёрства. Мы разлічваем на працяг супрацоўніцтва з Сеймам і новым урадам».

    Заўтра ў Сейме Літвы адбудзецца прэс-канферэнцыя з удзелам дэпартаваных палітвязняў. У ёй таксама прыме ўдзел спікер парламента. Акрамя таго, абмяркоўваецца арганізацыя выставы, прымеркаванай да Дня нараджэння Алеся Бяляцкага, як яшчэ адной важнай акцыі салідарнасці з палітвязнямі.

    Апошнія навіны