Прававая ініцыятыва накіравала зварот у Камітэт па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, у якім папрасіла агалосіць дакументаваныя выпадкі катаванняў, жорсткага абыходжання і дыскрымінацыі жанчын у месцах пазбаўлення волі.
Да звароту далучыліся вядомыя беларускія праваабарончыя арганізацыі: Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларускі ПЭН, Respect-Protect-Fulfill, Human Constanta. Зварот падпісаў дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў.
Праваабаронцы ў сваім звароце падкрэслілі неабходнасць пачатку расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 8 Факультатыўнага пратакола да Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. У Беларусі існуе цэлая сістэма рэпрэсіяў, у якой гендарна абумоўлены гвалт і жорсткае абыходжанне сталі нормай, асабліва ў дачыненні да палітычна зняволеных жанчын.
Леанід Марозаў:
«Гэта важны крок да таго, каб галасы жанчын, якія падвергліся катаванням і дыскрымінацыі, былі пачутыя ў міжнароднай супольнасці. Сёння неабходна не толькі фіксаваць факты парушэнняў, але і аб’ядноўваць намаганні, каб спыніць жорсткае абыходжанне і аднавіць справядлівасць. Мы дзякуем праваабаронцам за іх карпатлівую працу, якая з’яўляецца ключом да прыцягнення міжнароднай увагі да гэтых сістэмных праблемаў і абароны пацярпелых».
Адначасова мы звяртаемся да нашых міжнародных партнёраў, дэмакратычнай супольнасці і абаронцаў правоў чалавека: падтрымайце гэты зварот публічна.
Падпісаць зварот можна, запоўніўшы форму па спасылках:
– на рускай мове;
– на англійскай мове.
Толькі сумеснымі намаганнямі мы можам дамагчыся спынення катаванняў, жорсткага абыходжання і дыскрымінацыі жанчын у пенітэнцыярнай сістэме.