• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Мы зноў разам з Сяргеем і працягваем барацьбу за нашу краіну» — Прамова Святланы Ціханоўскай з прэс-канферэнцыі

    23 чэрвеня, 2025

    Для мяне было вельмі эмацыйна і радасна ўбачыць мужа ўпершыню за пяць доўгіх гадоў.

    Ён жывы, мы зноў разам, і мы працягваем нашую барацьбу за нашую краіну.

    Я асабіста хачу падзякаваць прэзідэнту Трампу і яго адміністрацыі. Без іх намаганняў гэты момант не быў бы магчымым.

    Асаблівая падзяка генералу Келагу, Джону Коўлу і Крысу Сміту, якія адыгралі ключавую ролю ў вызваленні Сяргея і іншых палітвязняў — не толькі беларусаў, але і латышоў, эстонцаў, палякаў, японцаў, шведаў і амерыканцаў. 

    Гэты поспех стаў магчымым дзякуючы міжнароднай салідарнасці — з вырашальнай падтрымкай Літвы, якая дала нам прытулак, і Польшчы, якая прыняла тысячы беларусаў.

    Я шчыра ўдзячная ўсім сусветным лідарам: Урсуле фон дэр Ляен, Раберце Метсоле, Кіру Стармеру, кіраўнікам краінаў ЕС і Паўночнай Еўропы, і ўсім, хто змагаўся за свабоду Сяргея.

    Асаблівая падзяка Радаславу Сікорскаму і Борысу Джонсану, якія сталі «хроснымі» для Сяргея, а таксама ўсім парламентарыям, якія ўзялі пад патранат палітычных вязняў. Вашая падтрымка зрабіла гэта магчымым. 

    І, вядома — дзякуй усёй маёй камандзе і ўсім беларусам — якія цяжка працавалі, каб гэты момант настаў, калі людзі выйшлі на волю. Гэта нашая супольная перамога.

    Сёння разам з намі — яшчэ чацвёра вызваленых беларусаў: Сяргей, Кірыл, Наталля і Ігар. Хачу падзякаваць Стыву Капусу, прэзідэнту Радыё Свабодная Еўропа, які прысутнічае сёння тут. Ён зрабіў вялікую працу дзеля вызвалення журналістаў Ігара Карнея і Андрэя Кузнечыка. Мы цяпер чакаем вызвалення Ігара Лосіка і ўсіх 38 журналістаў, якія застаюцца за кратамі.

    Больш за 1150 беларусаў дагэтуль несправядліва знаходзяцца ў турмах. Сярод іх — Алесь Бяляцкі, Маша Калеснікава, Віктар Бабарыка, Анджэй Пачобут, Мікалай Статкевіч, Вікторыя Кульша. Рэпрэсіі працягваюцца, бязлітасна і жорстка. Літаральна сёння мы даведаліся пра яшчэ адну трагічную смерць палітвязня. Гэта мусіць спыніцца. Палітычныя суды мусяць спыніцца. Усе павінны выйсці на свабоду.

    Мы працягнем цесную працу з адміністрацыяй прэзідэнта Трампа і з усімі нашымі саюзнікамі ў Еўропе і па абодва бакі Атлантыкі, каб дамагчыся свабоды кожнага палітычнага вязня. І ўчорашняе вызваленне, я спадзяюся, не апошняе. 

    Вызваленні ўчора — крок у правільным кірунку і я заклікаю Аляксандра Лукашэнку вызваліць усіх закладнікаў з турмаў. Гэта першы крок да нацыянальнага дыялогу, які нам так патрэбны. 

    Мы будзем узмацняць наш дэмакратычны рух, падтрымліваць Украіну і рабіць усё магчымае, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці. 

    Дэмакратычныя сілы Беларусі працягнуць працу, каб вярнуць свабоду, дэмакратыю і незалежнасць нашай краіне.

    Апошнія навіны