ЧАРНОБЫЛЬСКІ ШЛЯХ
26 красавіка – 39-ая гадавіна трагедыі на Чарнобыльскай АЭС.
З гэтай нагоды Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў і беларусак: «Чарнобыль не такі далёкі, як можа здавацца. Рэжым сёння паводзіць сябе гэтаксама, як і савецкія ўлады падчас катастрофы. Ім прасцей змаўчаць, забыць, праігнараваць. Гэта нязручная тэма, якая руйнуе прыгожую карцінку дабрабыту і стабільнасці».
Беларуская лідарка ўсклала кветкі да помніка Маці Чарнобыля ў Вільні разам з дыпламатамі і амбасадарамі Літвы, Польшчы, Эстоніі, Іспаніі, ЗША, Харватыі, Францыі, Ірландыі, Чэхіі і Нідэрландаў.
Беларусы па ўсім свеце зладзілі акцыі: у Вільні, Беластоку, Варшаве, Уроцлаве і іншых. У Вільні з прамовай выступіў Аляксандр Дабравольскі – старэйшы палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай.
Дэмакратычныя сілы прынялі рэзалюцыю з нагоды гадавіны Чарнобыльскай катастрофы.
ПАХАВАННЕ ПАПЫ ФРАНЦІШКА
21 красавіка пайшоў з жыцця Папа Францішак. Святлана Ціханоўская: «Яго пантыфікат – прыклад сапраўднага служэння чалавеку: з клопатам пра людзей, з нястомнай барацьбой за годнасць, свабоду і справядлівасць. Папа Францішак заўсёды быў побач з тымі, каго зневажаюць і праследуюць. Ягоны голас гучаў у абарону народаў, што патрапляюць пад прыгнёт альбо пакутуюць ад несправядлівасці».
Дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў, у якую ўвайшлі дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі і прадстаўнікі арганізацыі «Хрысціянская візія», узяла ўдзел у жалобнай цырымоніі развітання з пантыфікам Францыскам у Ватыкане.
Пасля цырымоніі Кучынскі меў магчымасць правесці серыю нефармальных размоваў з вядучымі палітыкамі свету і іерархамі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў.
IV КАНФЕРЭНЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ І БЕЛАРУСАК СВЕТУ
23-25 траўня ў Варшаве пройдзе IV Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету!
Удзельнікаў будуць чакаць:
– Прэзентацыі дыяспаральных арганізацыяў;
– Майстар-класы, прысвечаныя: легалізацыі і бяспецы, падтрымцы рэпрэсаваных, адукацыі і культуры, нацыянальнай ідэнтычнасці, развіццю і фінансавым магчымасцям для дыяспары;
– Серыя інтэрв’ю ў фармаце Q&A з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў;
– Праца ў групах над праектамі для Беларусі.
Рэгістрацыя па спасылцы.
ДЗЕНЬ САЛІДАРНАСЦІ З ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫМІ
Дэмакратычныя сілы запрашаюць далучыцца 21 траўня да адзначэння Міжнароднага дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
ПЫТАННІ ЛЕГАЛІЗАЦЫІ БЕЛАРУСАЎ ГРУЗІІ
Дарадца Святланы Ціханоўскай па юрыдычных пытаннях Леанід Марозаў у відэа распавёў пра магчымасці атрымання візавай падтрымкі для беларускай дыяспары ў Грузіі з пратэрмінаванымі пашпартамі і адмовай у міжнароднай абароне.
ПАГРОЗЫ З БОКУ РЭЖЫМУ
23 красавіка Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы паведаміў, што расійскія і беларускія спецслужбы арганізоўваюць напады на беларусаў, якія жывуць у Літве. Святлана Ціханоўская: «Мы разумеем, што пагрозы рэальныя, і не ігнаруем іх. Аднак нас не запалохаць. Мы ўпэўненыя, што літоўскія службы бяспекі робяць усё магчымае, каб абараніць беларусаў, а таксама выкрываць і спыняць любыя правакацыі з боку спецслужбаў рэжыму».
АСАБІСТЫЯ РАЗМОВЫ
На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская правяла асабістыя размовы з беларусамі і беларускамі свету. Разам з беларускай лідаркай удзел у іх узяў Леанід Марозаў – дарадца па юрыдычных пытаннях. Асабістыя размовы – бяспечны спосаб камунікацыі з Офісам, далучыцца да якога можа кожны жадаючы.
ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ МАРЫІ КАЛЕСНІКАВАЙ
24 красавіка дзень народзінаў Марыі Калеснікавай – паплечніцы Святланы Ціханоўскай падчас выбарчай кампаніі 2020 года. Святлана Ціханоўская запісала відэа з віншаваннямі: «Калі мы з ёй толькі пазнаёміліся, я была бясконца ўражаная яе сілай волі і цвёрдасцю! Але тое, што патрапіла ў сэрца мне і тысячам беларусаў – усмешка і цеплыня Машы. Іх адчуваў кожны, хто сустракаўся з Машай хоць раз: у размовах, на мінскіх вуліцах ці падчас жаночых пратэстаў. І я ўпэўненая, што нават за кратамі яна не страціла ні кропелькі аптымізму і здольнасці падтрымліваць іншых нават у самых цяжкіх абставінах».
ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ «ВЯСНЫ»
Святлана Ціханоўская павіншавала праваабарончы цэнтр «Вясна», якому 26 красавіка спаўнялася 29 гадоў: «Менавіта праца вясноўцаў і беларускіх праваабаронцаў падкрэслівае, што беларусы маюць правы і што побач заўсёды ёсць тыя, хто заўсёды гатовы іх абараняць. Я вельмі ўдзячная вам, дарагія, за стойкасць і чалавечнасць. За тое, што нягледзячы ні на што яны не пакідаюць людзей сам-насам з бядой».
МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ЗЯМЛІ
22 красавіка – Міжнародны дзень Зямлі. Святлана Ціханоўская: «У краіне, дзе рэжым не звяртае ўвагі на здароўе і стан людзей і змагаецца не з экалагічнымі пагрозамі, а з зялёнымі арганізацыямі і іх актывістамі, асабліва важна клапаціцца пра прыроду, якой багатая Беларусь».
МЕДЫЯ
На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Генералу МакМастару, Позірк, BNS, Позірк.