• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская – да гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС

    26 красавіка, 2025

    «Сёння – 39 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Прайшло амаль чатыры дзесяцігоддзі, а наступствы той катастрофы Беларусь адчувае і сёння. 

    Рэжым працягвае хаваць статыстыку захворванняў і дыягназаў на забруджаных тэрыторыях. Тое самае адбывалася падчас эпідэміі кавіду пяць гадоў таму, калі ўлады заклікалі лячыцца гарэлкай, а ў той самы час паміралі людзі. 

    Рэжым сёння паводзіць сябе гэтаксама, як і савецкія ўлады падчас катастрофы. Ім прасцей змаўчаць, забыць, праігнараваць. Чарнобыль – нязручная тэма, якая руйнуе прыгожую карцінку дабрабыту і стабільнасці. 

    Калі б Чарнобыль выбухнуў сёння, нас чакаў бы ўсё той жа падман дзяржаўных каналаў, маўляў, «ніякай пагрозы няма», «ворагі спрабуюць пасеяць паніку». Людзі ўсё роўна даведаліся б праўду, але рэжым ніколі не прызнае сваіх памылак. Мы пабачылі б спектакль з публічным звальненнем «вінаватых», але фатальныя наступствы для насельніцтва хаваліся б дзесяцігоддзямі. 

    Чарнобыль не такі далёкі, як можа здавацца. Два месяцы таму расійскі беспілотнік прабіў абарончы саркафаг над Чарнобыльскай АЭС. Гэта магло стаць яшчэ адной страшнай трагедыяй, прычынай новых смерцяў. Што адказала на гэта Расія? Назвала гэта чарговай правакацыяй з боку Кіева.

    Рэжым у Беларусі не толькі ігнаруе пагрозы, але і стварае новыя. Атамная станцыя ў Астраўцы. Пры яе пабудове ігнараваліся і тэхнічныя стандарты, і нормы бяспекі. Колькі яна ўжо ламалася, спынялася? Колькі яшчэ трэба заключэнняў ад міжнародных экспертаў, каб зразумець, што гэта станцыя – пагроза? Пагроза не толькі беларусам, але і нашым суседзям.

    Сёння рэжым кажа пра пабудову яшчэ адной станцыі. Выхваляецца размяшчэннем расійскай ядзернай зброі. Яе прысутнасць на нашай зямлі робіць Беларусь мішэнню, а беларусаў – закладнікамі чужога імперскага шаленства. 

    Гісторыя паказвае, што дастаткова адной чалавечай памылкі ці цынічнага загаду зверху, каб гэтая афёра абярнулася трагедыяй. 

    Кожны год 26 красавіка беларусы выходзяць на Чарнобыльскі шлях – каб не толькі ўшанаваць памяць ахвяраў і ліквідатараў, але і сказаць «не» – безадказнасці і хлусні, якімі прасякнутыя як савецкі, так і цяперашні рэжым.

    У будучыні Беларусь стане краінай, дзе галоўная каштоўнасць – чалавечае жыццё. Дзе ўлада будзе служыць людзям і адказваць за свае памылкі. Дзе не будзе месца ні ядзерным пагрозам, ні вайне».