Падчас візіту ў Албанію Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у сустрэчы Пакта свабодных гарадоў. Пакт свабодных гарадоў – гэта глабальная сетка, створаная ў 2019 годзе мэрамі сталіц, якая імкнецца абараняць і прасоўваць каштоўнасці свабоды, дэмакратыі і роўнасці. Да беларускай лідаркі далучыўся 21 кіраўнік гарадоў-удзельнікаў Пакта.
У выступе Святлана Ціханоўская агучыла тры напрамкі, па якіх мэры гарадоў могуць аказаць падтрымку і садзейнічанне дэмакратызацыі Беларусі:
- Наладжванне сувязяў
«Па-першае, давайце будаваць масты насуперак таму, што дыктатары спрабуюць нас ізаляваць. Мы можам вучыцца адно ў аднаго і збліжаць нашыя краіны і народы. Нам патрэбна арганізоўваць сумесныя мерапрыемствы, семінары і выставы. Гэта неабходна, бо часам мне здаецца, што людзі на Захадзе ўспрымаюць свабоду і дэмакратыю як належнае – у той час як у такіх краінах, як Беларусь ці Украіна, людзі паміраюць за іх». - Падтрымка тых, хто змагаецца за агульнаеўрапейскія каштоўнасці
«Па-другое, я заклікаю вас стаць на бок тых, хто змагаецца за свабоду. З адважным народам Украіны, які змагаецца не толькі за сваю краіну, але і за ўсю Еўропу. І народам Беларусі, які апынуўся на перадавой супраць тыраніі. Неабходна падтрымаць беларусаў, якія ратуюцца ад рэпрэсіяў і знайшлі прытулак у вашых гарадах. Актывісты і журналісты, бізнесмены і мастакі. Дайце ім магчымасць працаваць, інтэгравацца, працягваць змагацца за каштоўнасці, якімі мы ўсе так шануем». - Дапамога ў пераходны перыяд
«Па-трэцяе, дапамажыце нам падрыхтавацца да будучыні. Нам патрэбныя людзі, якія адновяць нашыя гарады пасля тыраніі і прывядуць іх да дэмакратыі. Таму беларусам і беларускам неабходныя магчымасці праходзіць стажыроўкі ў вашых універсітэтах і кампаніях, каб яны маглі даведацца пра дэмакратыю і самакіраванне з першых рук. Мы хочам не толькі пераняць перадавы вопыт, але і вучыцца на вашых памылках, каб пазбегнуць сваіх».
Святлана Ціханоўская:
«Свабодныя гарады – вораг дыктатараў. Бо гэта не проста вуліцы і будынкі. Гэта сэрцы дэмакратыі, якія актыўна б’юцца. Месцы, дзе людзі збіраюцца разам, каб супрацьстаяць несправядлівасці і ствараць лепшую будучыню.
Менавіта ў гарадах шукаюць прытулак уцекачы. Менавіта ў гарадах людзі аб’ядноўваюцца, каб змагацца з прыгнётам. І менавіта ў гарадах пачынаюцца сапраўдныя перамены. Рэвалюцыі нараджаюцца не ў палацах – яны пачынаюцца на вуліцах».