Святлана Ціханоўская – да Дня абвяшчэння незалежнасці Беларусі:
«Мае дарагія беларусы!
33 гады таму Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Тое, пра што марылі многія пакаленні беларусаў, нарэшце стала рэальнасцю. Нашая краіна вярнулася на карту Еўропы. Мы вярнулі сабе сваю дзяржаву, герб і сцяг, а пазней прынялі і ўласную Канстытуцыю.
У гісторыі Беларусі падзеі 25 сакавіка 1918 года, калі была абвешчаная незалежнасць БНР, 27 ліпеня 1990-га, калі была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, і 25 жніўня 1991-га, калі Дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага закону – стаяць у адным шэрагу змагання беларусаў за права мець сваю дзяржаву.
Я часам чую, маўляў, незалежнасць «звалілася з неба». Гэта не так. Незалежнасць Беларусі стала магчымай дзякуючы змаганню і працы пакаленняў беларускіх патрыётаў. Айцоў-заснавальнікаў БНР і слуцкіх паўстанцаў. Беларускага падполля. Моладзевых суполак і інтэлігенцыі. Дыяспара, якіая праз гады савецкай акупацыі адстойвала інтарэсы беларусаў у свеце. Дзясяткаў тысячаў беларусаў, якія, нягледзячы на страх і прапаганду, выходзілі на цэнтральныя плошчы ў Мінску і іншых гарадах. І, безумоўна, адважных дэпутатаў апазіцыі ў Вярхоўным Савеце – якія замацавалі незалежнасць Беларусі ў асноватворных законах.
Увогуле, гісторыя нашай краіны – гэта гісторыя барацьбы за свабоду. Мы паўставалі, калі нас спрабавалі паняволіць. Мы вялі партызанскія баі, калі войску не хапала рук. Мы пераходзілі да ціхага пратэсту і не дазвалялі спыніць біццё свабодалюбівага беларускага сэрца, калі здавалася, што ўсё прапала.
У беларусаў ёсць якасці, якія заўжды дапамагалі нам перажыць цёмныя часы. Цярплівасць і працавітасць, талерантнасць і міралюбнасць, імкненне да справядлівасці і любоў да сваёй зямлі. І я веру, што дзякуючы гэтым якасцям, а таксама нашай салідарнасці, мы і цяпер зможам вярнуць сабе наш дом, вызваліць людзей з турмаў і адстаяць незалежнасць нашай краіны. Як паказаў 2020-ы, мы, беларусы, умеем паказаць сябе і здзівіць увесь свет.
Я заклікаю кожнага з нас працягваць барацьбу. Не дазваляйце дыктатарам зняверыць вас і паставіць пад сумнеў абраны шлях. Распаўсюджвайце інфармацыю сярод суседзяў, сяброў і родных. Размаўляйце па-беларуску. Праяўляйце салідарнасць. Дапамагайце тым, хто ў бядзе, асабліва нашым палітвязням, рэпрэсаваным, добраахвотнікам. Няхай гэта будуць невялікія крокі, але кожны дзень. «Праз залевы і завалы мы ідзём да нашай мэты. І мы дойдзем, галоўнае, каб яна дачакалася нас». Гэта сказаў Алесь Бяляцкі, наш мудры і нязломны Нобелеўскі лаўрэат.
І я хацела б звярнуцца да тых, хто працуе ў сістэме, у дзяржаўнай наменклатуры і арміі. Я ведаю, што сярод вас шмат годных людзей. Незалежна ад таго, якія ў вас погляды, пасады і абавязкі, памятайце: незалежнасць – найвышэйшая каштоўнасць і найвышэйшы здабытак нашага народу. Не дазваляйце рэжыму знішчыць тое, што мы здабылі 25 жніўня 1991 году, прадаць нашую краіну Расіі і ўцягнуць наш народ у вайну. Вы маеце служыць беларускаму народу, а не злачыннаму дыктатару, які гатовы заплаціць незалежнасцю краіны дзеля захавання асабістай улады.
У канцы я хачу яшчэ раз павіншаваць усіх беларусаў з 25 жніўня – Днём аднаўлення незалежнасці. Але я ўпэўненая, што будзе і яшчэ адна дата – дзень, калі беларускі народ скіне, цяпер ужо назаўсёды, цяжар дыктатуры і, як пісаў Якуб Колас, выйдзе «на прастор, на шырокі разлог», каб адбудаваць уласную краіну для сябе і будучых пакаленняў.
Жыве Беларусь!»