• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Офіс Святланы Ціханоўскай прадставіў сцэнары і фарматы перамоў для мірнага вырашэння крызісу ў Беларусі

    06 красавіка, 2021

    Офіс Святланы Ціханоўскай падтрымлівае ўсталяванне прамых кантактаў з прадстаўнікамі ўлады для выпрацоўкі механізмаў урэгулявання крызісу. Ніжэй прадстаўленыя фарматы кансультацый і перамоў.

    1. Папярэднія кансультацыі

    Мы гатовыя прымаць удзел у такіх кансультацыях без папярэдніх умоў, бо лічым важным, каб рашэнні бакамі прымаліся з разуменнем рэальных пазіцый і магчымасцяў бакоў, а не толькі ўскоснай інфармацыі.

    Папярэднія кансультацыі павінны ўсталяваць прадмет перамоў для вырашэння палітычнага крызісу. Асноўнымі кампанентамі для вырашэння крызісу з'яўляюцца:

    • Рэфармаванне палітычнай сістэмы Беларусі ў адпаведнасці з прынцыпамі інклюзіўнасці, дэмакратыі і захавання правоў чалавека;
    • Выпрацоўка прынцыпаў і механізмаў нацыянальнага дыялогу і прымірэння, уключаючы вызваленне палітычных зняволеных;
    • Правядзенне новых сумленных і свабодных выбараў.

    Мы не ставім якіх-небудзь умоў аб характары прадстаўніцтва з боку ўлады, гэта можа быць, як Аляксандр Лукашэнка, так і яго прадстаўнікі.

    2. Роля АБСЕ для пачатку дыялогу

    Улічваючы адсутнасць даверу паміж бакамі, пляцоўкай для папярэдніх кансультацый і кантактаў можа выступіць АБСЕ. Кантактная пляцоўка ў межах АБСЕ дазволіць уключыць у працэс Расію, пазіцыя якой у цяперашні час з'яўляецца галоўнай перашкодай да вырашэння беларускага палітычнага крызісу. Калі кансультацыі на палітычным узроўні не будуць магчымымі, іх можна праводзіць на экспертным узроўні.

    Сітуацыя практычна цалкам выключае магчымасць выкарыстоўваць у якасці пасярэднікаў і гарантаў міжнародныя арганізацыі, напрыклад, АБСЕ. Уяўляецца, што АБСЕ можа сыграць важную ролю толькі ў фасілітацыі нацыянальнага дыялогу, але не ў выкананні абавязацельстваў, узятых бакамі для вырашэння крызісу.

    А ўлічваючы глыбіню палітычнага крызісу і магчымасць уладаў у любы момант разарваць дамоўленасці ў аднабаковым парадку, праблема гарантый выканання дамоўленасцяў набывае ключавое значэнне. Па гэтай жа прычыне набор патэнцыйных пасярэднікаў досыць абмежаваны.

    3. Роля нацыянальных дзяржаваў як пасярэднікаў

    Сапраўднымі пасярэднікамі могуць быць толькі нацыянальныя дзяржавы, якія маюць магчымасць уплываць на сітуацыю. Такімі ключавымі краінамі з'яўляюцца:

    • Расія, якая мае значны ўплыў на сітуацыю ў Беларусі
    • Францыя, Германія і Швейцарыя, якія праяўлялі ўвагу да беларускага крызісу і маюць палітычны і эканамічны ўплыў. Акрамя таго, Германія і Францыя мелі вопыт сумеснай працы з Расіяй па ўкраінскім крызісе
    • ЗША, якія выступаюць важным гарантам бяспекі і палітычнай стабільнасці ў рэгіёне.

    Краіны Паўночнай Еўропы, такія як Фінляндыя і Швецыя, таксама могуць выступіць у якасці пасярэднікаў, паколькі яны ўспрымаюцца як больш нейтральныя краіны як уладамі Беларусі, так і Расіі.

    Іншыя краіны маюць значна меншую цікавасць да Беларусі (Італія) або знаходзяцца ў вострым канфлікце з афіцыйным Мінскам (Польшча, Літва, іншыя краіны Балтыі).

    Паспяховае вырашэнне беларускага крызісу, устойлівасць дасягнутых пагадненняў, а таксама захаванне стабільнасці ў рэгіёне патрабуе фармаванне шырокай міжнароднай кааліцыі.

    4. Унутранае вырашэнне крызісу

    У нармальнай сітуацыі знешні ўдзел у вырашэнні ўнутранага канфлікту не з'яўляецца пажаданым, але па шэрагу прычын унутранае вырашэнне беларускага крызісу немагчымае. Вырашыць канфлікт праз унутраны дыялог перашкаджаюць адсутнасць даверу паміж бакамі і механізму гарантый захавання закчлючаных дамоўленасцяў.

    Дэмакратычныя палітычныя сілы не маюць падставаў давяраць Аляксандру Лукашэнку, улічваючы шматлікія прыклады зрыву пагадненняў з яго боку на працягу ўсёй палітычнай кар'еры. Акрамя таго, А. Лукашэнка не разглядае альтэрнатыўныя палітычныя сілы як роўнага сабе суб'екта для перамоў.

    Акрамя гэтага ў Беларусі адсутнічаюць і інстытуты, здольныя выступіць гарантам выканання дамоўленасцяў, то бок тыя, што валодаюць прызнаным аўтарытэтам, унутранай аўтаноміяй і незалежнасцю ад улады і апазіцыі. Суды, царква, прафесійныя арганізацыі і іншыя грамадскія інстытуты не змогуць выконваць такія функцыі.

    Такім чынам, асноўным сцэнаром негвалтоўнага вырашэння беларускага крызісу з'яўляецца знешняе пасярэдніцтва і знешнія гарантыі для выканання дамоўленасцяў.

    Апошнія навіны