Па заканчэнні першага дня працоўнага візіту ў Хельсінкі Святлана Ціханоўская распавяла пра яго асноўныя вынікі:
«Сёння ў Хельсінкі праходзіць канферэнцыя высокага ўзроўню АБСЕ. Менавіта ў гэтым будынку 50 гадоў таму былі падпісаныя Хельсінскія пагадненні і заснавана АБСЕ. Тады краіны, па абодва бакі «жалезнай заслоны», дамовіліся паважаць межы і бараніць правы чалавека.
Сёння, праз паўстагоддзя, лідары свету абмяркоўваюць: што пайшло не так? Як сталася, што некаторыя краіны-сяброўкі АБСЕ дазваляюць сабе груба парушаць гэтыя прынцыпы? Рэжым Лукашэнкі — вядзе тэрор супраць уласнага народа. Расія — напала на Украіну, парушаючы ўсе нормы міжнароднага права. І, на жаль, некаторыя ўрады лічаць сябе вышэй за гэтыя нормы.
Пры стварэнні АБСЕ былі выпрацаваныя механізмы супрацоўніцтва, але не былі прадугледжаныя эфектыўныя механізмы кантролю за выкананнем. Гэта адна з тэмаў, якую сёння абмяркоўваюць: як спыніць рэжымы Лукашэнкі і Пуціна і прымусіць іх выконваць узятыя на сябе абавязацельствы. Бо пакуль яны адчуваюць поўную беспакаранасць.
Мы тут, каб нагадаць пра тыя рашэнні, якія АБСЕ ўжо прыняла, і дамагчыся выканання рэкамендацыяў АБСЕ, выстаўленых рэжыму Лукашэнкі некалькі гадоў таму ў рамках Маскоўскага механізму.
Іх выкананне — гэта шлях да вырашэння крызісу, да дыялогу, да вяртання Беларусі на міжнародную арэну:
1. Неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў.
2. Забяспечыць умовы для незалежнага расследавання злачынстваў супраць правоў чалавека.
3. Аднавіць дзейнасць грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і прафсаюзаў.
4. Правесці рэформу выбарчага заканадаўства і адмяніць фальсіфікаваныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў.
5. Скасаваць змены ў заканадаўстве і Канстытуцыі, якія ўмацоўваюць аўтарытарны рэжым.
6. Спыніць удзел у агрэсіі Расіі супраць Украіны і пераслед антываенных актывістаў у Беларусі.
7. Супрацоўнічаць з міжнароднымі арганізацыямі, асабліва з БДІПЧ/АБСЕ.
Гэта — мінімальныя крокі, якія дапамогуць зняць санкцыі і вярнуць Беларусь у міжнародную супольнасць. Гэта патрабаванні АБСЕ, і мы цалкам іх падтрымліваем.
Мы верым, што мірныя дэмакратычныя перамены ў Беларусі — у інтарэсах беларусаў і ўсёй Еўропы».