Таццяна Шчытцова: «1 верасня ў Беларусі адзначаюць Дзень ведаў.
Гэта самае дэмакратычнае свята, таму што яно тычыцца ўсіх у нашым грамадстве.
Веды – гэта ўніверсальная каштоўнасць, якая ўсіх звязвае:
- Звязвае розныя пакаленні.
- Звязвае прыватныя інтарэсы і дзяржаўныя.
- Звязвае інтарэсы бізнэсу і грамадзянскай супольнасці.
Усе бацькі хочуць, каб іх дзеці атрымалі добрую адукацыю і сталі кваліфікаванымі спецыялістамі ў той ці іншай сферы. Дзяржава асуджана на дэградацыю, калі яна не забяспечвае якасную адукацыю на ўсіх узроўнях і не фінансуе фундаментальныя навуковыя даследаванні. Крэатыўны патэнцыял грамадзянскай супольнасці максімальна раскрываецца менавіта ва ўмовах «грамадства веды». Краіна развіваецца – эканамічна і інтэлектуальна, калі маторам бізнесу і прадпрымальніцтва выступае «эканоміка ведаў».
Веды – гэта ключавое слова сучаснага свету. Гэта ключ да дастойнага і цікавага жыцця для кожнага чалавека паасобку і ключ да таго, каб наша краіна магла дастойна ўдзельнічаць у глабальным прадукаванні ведаў і навуковых тэхналогій.
Веды – галоўная падстава для плённага міжнароднага супрацоўніцтва ў любой сферы.
У дзяржаве, дзе галоўнымі прыярытэтамі з'яўляюцца развіццё і творчасць, настаўнікі, выкладчыкі і вучоныя з'яўляюцца аднымі з самых ганаровых і добра аплачваемых прафесій. Так абавязкова мусіць быць і ў Беларусі. Чым хутчэй, тым лепей.
Дзень ведаў – гэта яшчэ і свята, якое ўсяляе надзею. Таму што для тых, хто імкнецца да ведаў і да таго, каб дзяліцца ведамі, галоўнай каштоўнасцю з'яўляецца ісціна.
У навуках ісціна – гэта разуменне таго, як уладкованы свет, па якіх законах развіваюцца прырода, грамадства і чалавек. Тут асноўныя дабрадзейнасці – гэта аб'ектыўнасць, адкрытасць новаму, цікаўнасць – прага да новых ведаў.
У мастацтве ісціна – гэта здольнасць у слове ці вобразе перадаць нейкія важныя каштоўнасці і сэнсы. І тут так сама асноўная дабрадзейнасць – гэта асаблівая адкрытасць свету, успрымальнасць і чуласць, уважлівасць да іншага, нечаканага, дзіўнага.
Мы добра ведаем, што ўсе гэтыя дабрадзейнасці несумяшчальныя з ідэалагічным ціскам і прапагандай, што яны могуць паўнавартасна здзяйсняцца толькі ва ўмовах свабоды і адкрытага зацікаўленага дыялогу. Нажаль, сёння ў нашай краіне няма такіх умоваў.
І ўсё ж, нягледзячы на вельмі цяжкую сітуацыю ў Беларусі, 1 верасня застаецца святочным днём, таму што большасць беларусаў і беларусак ведае і шануе дабрадзейнасці, якія робяць нас і нашых дзяцей людзьмі, а наш свет – чалавечым: аб'ектыўнасць педагога, цікаўнасць дзіцяці і вучонага, творчае ўяўленне мастака, здольнасць да сумеснага пошуку ісціны і захопленай дыскусіі. Менавіта гэта пакідае надзею на магчымасць змен у нашай краіне.
Педагогі і бацькі! Сёння перш за ўсё ад вас залежыць, ці будзе ў нашых дзяцей магчымасць зразумець сапраўдную каштоўнасць ведаў.
Са святам усіх нас! З Днём ведаў, з Днем надзеі!»