Пачатак навучальнага года заўсёды пра будучыню — асабістую і агульную. Гэта дзень, калі бацькі, дзеці і настаўнікі глядзяць наперад з надзеяй і чаканнем.
У сваім звароце Святлана Ціханоўская гаворыць пра тое, што нават пад ціскам сістэмы застаюцца рэчы, якіх яна не можа забраць: адданасць настаўнікаў, любоў бацькоў і жаданне дзяцей вучыцца і марыць.
«Школа — своеасаблівае люстэрка краіны. Калі ў ёй ёсць месца для свабоды і павагі, то і краіна дыхае вольна. Сёння ў беларускіх школах усё падлічана і кантралюецца да дробязяў, а сістэма патрабуе маўчаць і выконваць наказы зверху. Але ёсць тое, што не пад сілу забараніць ніякай уладзе.
Гэта адданасць настаўнікаў, якія, нягледзячы на працу нібыта ў падполлі, працягваюць адкрываць дзецям свет. Гэта любоў бацькоў да сваіх дзяцей — тая сіла, што штурхае нас шукаць лепшыя падручнікі, лепшых рэпетытараў, лепшыя адказы на дзіцячыя пытанні. Гэта жаданне дзяцей вучыцца, адкрываць новае і ісці да сваіх мараў — нават тады, калі сістэма кажа ім марыць менш.
З новым навучальным годам, дарагія! І хай гэты шлях вядзе да свабоды і новых адкрыццяў!»