Святлана Ціханоўская: «Добры дзень, Уладзімір, Леў, Алег і Анатоль. Дзякую вам за гатоўнасць падзяліцца бачаннем транзітнага перыяду. Я разумею транзітны перыяд як час з моманту, калі рэжым ужо страціў кантроль над дзяржаўным і сілавым апаратам, – і да моманту свабодных выбараў і ўсталявання дэмакратычных інстытутаў. Што трэба зрабіць за гэты час? Я бачу шэсць галоўных задачаў.
Першая задача – аднавіць законнасць і справядлівасць. Усе людзі, якія зведалі палітычны пераслед, павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя. Таму Акт аб рэабілітацыі, праект якога ўжо ёсць, павінен быць дапрацаваны – сумесна. А шкода, нанесеная людзям, павінна быць кампенсаваная – напрыклад, за кошт стварэння спецыяльнага фонда, сродкі ў якім будуць у тым ліку і ад тых, каго сумленны суд прызнае вінаватымі ў рэпрэсіях. І, канечне, трэба рэфармаваць праваахоўную і судовую сістэмы, каб вярнуць ім давер беларусаў.
Другая задача – аднавіць канстытуцыйны парадак. Неабходна будзе прыняць новую Канстытуцыю, якую ўхваляць беларусы на сумленным рэферэндуме, каб пазбегнуць паўтарэння дыктатуры. Услед за гэтым спатрэбіцца пакет законаў па правядзенні выбараў, працы судоў. Законы, якія абмяжоўваюць уладу прэзідэнта і павялічваюць уладу парламента, аднаўляюць працу мясцовых органаў улады, адвакатаў, пракурораў, прафсаюзаў і СМІ.
Трэцяя задача – забяспечыць бесперабойную працу дзяржавы. У пераходны перыяд усе пенсіі, заробкі, сацыяльныя выплаты, стыпендыі – павінны выплачвацца без збояў. Таму большасць дзярж. служачых, якія сумленна выконваюць сваю працу, павінны працягваць гэта рабіць. А са справамі тых, хто здзяйсняў злачынствы, будуць разбірацца праваахоўныя органы і суд. І час скончыць з сакрэтнасцю дзярж. структураў. Уся інфармацыя пра працу дзярж. органаў, бюджэты, дзяржзакупкі – павінна стаць адкрытай і даступнай для людзей.
Чацвёртая задача – забяспечыць устойлівасць эканомікі. Каб санкцыі былі знятыя, прыбыткі людзей не ўпалі яшчэ больш, бюджэт вытрымаў; каб бізнесы і людзі, якія пакінулі Беларусь, маглі вярнуцца. Трэба рыхтавацца да рэалізацыі Плана ЕС для дэмакратычнай Беларусі – зараз ён разлічаны на 3 мільярды еўра, але ён можа быць пашыраны.
Пятая задача – выконваць міжнародныя абавязальніцтвы. Каб Беларусь перасталі лічыць ізгоем, трэба аднавіць рэпутацыю. Выконваць рэкамендацыі АБСЕ і ААН, якія датычацца правоў чалавека, свабоды слова, рэгіянальнай бяспекі і міграцыйнай палітыкі. Беларусь павінна вярнуць нейтральны статус, з тэрыторыі Беларусі не павінна весціся ніякіх ваенных дзеянняў, і ў нашай краіне не павінна быць чужых войскаў і ядзернай зброі.
І, вядома, шостая задача – гэта як мага хутчэй правесці свабодныя выбары: прэзідэнта, парламента і органаў мясцовага самакіравання. Першыя такія выбары давядзецца праводзіць па старым заканадаўстве, але спецыяльны прадстаўнік па выбарах Аляксандр Шлык ужо распрацаваў прапановы, як гэта зрабіць свабодна, справядліва і празрыста. А наступныя свабодныя выбары змогуць прайсці на аснове новага Выбарчага кодэкса, які павінен быць прыняты новым Парламентам.
На гэтым я перадам слова спікерам – мне важна зразумець, як вы вызначаеце транзітны перыяд, што, на ваш погляд, мы ўсе павінны зрабіць у гэты час – і хто павінен узяць адказнасць за гэтыя задачы?».