28 мая кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен апавясціла Святлану Ціханоўскую і іншых лідараў дэмакратычных сіл пра тое, што Эканамічны план ЕС для дэмакратычнай Беларусі зацверджаны. Гэта значыць, што ЕС ужо паабяцаў фінансаванне на першыя 2-3 гады развіцця новай Беларусі.
Ініцыятарам Плана быў польскі ўрад, прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі агучыў гэтую ініцыятыву 11 верасня 2020-га. Пасля Еўракамісія некалькі месяцаў распрацоўвала план пры садзейнічанні Святланы Ціханоўскай і яе прадстаўнікоў. Прадстаўнік Ціханоўскай па эканоміцы Алесь Аляхновіч тлумачыць, на якія мэты накіраваны гэты План:
«Агульная сума Эканамічнага плана ЕС складае 3 мільярды еўра. Увесь гэты аб’ём падзелены на 3 напрамкі:
1. Падтрымка эканамічнага росту.
Гэтая частка будзе выдзеленая непасрэдна ў бюджэт краіны – пасля дэмакратычных зменаў – і Мінфін сам будзе размяркоўваць сродкі. На мінулым тыдні мы прэзентавалі праект Праграмы падтрымкі ўдзельнікаў стачачнага руху, а таксама грамадзян і бізнесаў, што зведалі рэпрэсіі. Яна ўлічвае кампенсацыі штрафаў, адмены пазыкаў па кантрактах і рэабілітацыю тых, хто пацярпеў, апынуўся ў турме і зведаў пераслед за пратэст. І частка гэтай праграмы будзе фінансавацца якраз з Эканамічнага плана ЕС.
У мэтах падтрымкі эканамічнага росту будуць праведзеныя Інвестыцыйны форум Беларусь-ЕС высокага ўзроўня пад магчымасці новай Беларусі, а таксама Сустрэча донараў высокага ўзроўня ЕС для вылучэння грантаў для эканамічнай трансфармацыі Беларусі.
2. Дапамога па арганізацыі рэформаў.
Гэтая частка выдзяляецца на правядзенне ўсіх рэформаў, якія спатрэбяцца новай Беларусі: ў палітычнай, судовай, праваахоўнай сістэме, эканоміцы, сістэме адукацыі і г.д.
3. Інвестыцыі ў інфраструктуру і прыватны сектар.
Гэтая частка выдзяляецца Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам пры грантавай падтрымцы з боку Інвестыцыйнай платформы суседства, да якой Беларусь на сёння пакуль не мае доступу. Беларусь атрымае доўгатэрміновыя і танныя крэдытныя рэсурсы на інвестыцыі ў транспартную інфраструктуру, энергаэфектыўнасць, ўтылізацыю адходаў і муніцыпальную інфраструктуру.
***
Эканамічны план ЕС – гэта толькі першая частка міжнароднай дапамогі эканомікі Беларусі будучыні. 3 мільярды еўра – гэта толькі тое, што ЕС ужо паабяцаў вылучыць Беларусі для развіцця на першыя 2-3 гады.
Акрамя ЕС ёсць некалькі арганізацый і структур, якія гатовыя далучыцца да дапамогі Беларусі. Да прыкладу, МВФ: калі з новым урадам ён падпіша стабілізацыйную праграму, Беларусь зможа разлічваць яшчэ на 3-4 мільярды даляраў. Таксама Беларусь гатовыя падтрымаць Сусветны банк, Міжнародная фінансавая карпарацыя, самі дэмакратычныя дзяржавы – Вялікабрытанія, Нарвегія, Канада, ЗША. Па нашых падліках, агульны аб’ём дапамогі новай Беларусі можа скласці 10 мільярдаў даляраў. І зараз мы робім усё, каб на наступны дзень пасля правядзення новых свабодных выбараў гэтая дапамога была аказаная Беларусі і каб кожны беларус адчуў паляпшэнне дабрабыту на сабе».