Спецпрадстаўнік Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык прадставіў праект пастановы па тым, як можа быць арганізавана праца незалежных назіральнікаў на новых выбарах прэзідэнта Беларусі.
Вы можаце спампаваць у фармаце pdf сам праект пастановы па працы назіральнікаў. Далей прыведзены ўвесь тэкст праекту цалкам. Праект выстаўлены на грамадскае абмеркаванне – і вы можаце пракаментаваць яго на гэтай старонцы ніжэй або напісаць на пошту elections@tsikhanouskaya.org.
ПРАЕКТ Пастановы
Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў
Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку накіравання
і дзейнасці назіральнікаў пры падрыхтоўцы
і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе
У адпаведнасці з пунктам 3 часткі першай артыкула 33 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – Выбарчы кодэкс), у мэтах аднастайнага прымянення палажэнняў артыкула 13 Выбарчага кодэкса, якія вызначаюць парадак накіравання і дзейнасці назіральнікаў, Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Зацвердзіць Палажэнне аб парадку накіравання і дзейнасці назіральнікаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе (прыкладаецца).
Старшыня камісіі X.X. XXXXXX
Сакратар камісіі X.X. XXXXXX
ЗАЦВЕРДЖАНА
Пастанова Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў XX.XX.2021 № XX
ПАЛАЖЭННЕ
аб парадку накіравання і дзейнасці назіральнікаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе
РАЗДЗЕЛ 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
- У адпаведнасці з артыкуламі 13 і 155 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь ажыццяўляць назіранне за падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь маюць права дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, чальцы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь, давераныя асобы кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў і грамадзян.
- У мэтах забеспячэння галоснасці выбарчага працэсу ў адпаведнасці з артыкулам 65 Канстытуцыі РБ, часткамі першай і чацвёртай артыкула 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, грамадскае аб’яднанне, якое не з’яўляецца палітычнай партыяй, мае права накіраваць назіральнікам да двух сваіх прадстаўнікоў на пасяджэнні органаў мясцовага самакіравання, прысвечаныя ўтварэнню камісій адпаведнага ўзроўню, незалежна ад вылучэння прадстаўнікоў у склад камісіі.
- Палітычная партыя, іншае грамадскае аб’яднанне, працоўны калектыў арганізацыі або калектыў яе структурнага падраздзялення, група грамадзян мае права накіраваць назіральнікам не больш за двух сваіх прадстаўнікоў на пасяджэнні адпаведнай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (далей – камісіі), на ўчастак для галасавання.
- Давераныя асобы кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь маюць права ажыццяўляць назіранне на пасяджэннях любых камісій, органаў мясцовага самакіравання, адказных за ўтварэнне выбарчых камісій і на ўчастках для галасавання. На пасяджэнні абласной, раённай, гарадской, раённай у горадзе, участковай камісіі, на ўчастку для галасавання маюць права прысутнічаць не больш за аднаго назіральніка з ліку давераных асоб кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
- Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, чальцы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, давераныя асобы кандыдатаў у Прэзідэнты маюць права ажыццяўляць назіранне на пасяджэннях любых камісій, органаў мясцовага самакіравання, адказных за ўтварэнне выбарчых камісій, участках для галасавання.
- Дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў маюць права ажыццяўляць назіранне на пасяджэннях камісій, органаў мясцовага самакіравання, адказных за ўтварэнне выбарчых камісій, участках для галасавання, размешчаных на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, у склад мясцовага Савета дэпутатаў якой яны выбраныя.
- У мэтах забеспячэння празрыстасці выбарчага працэсу і роўнасці магчымасцяў для правядзення выбарчай кампаніі кандыдатамі і іх даверанымі асобамі, палажэнні часткі 6 артыкула 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь адносна забароны назіральнікам аказваць інфармацыйную, метадычную, фінансавую і іншую дапамогу кандыдатам, не прымяняюцца для назіральнікаў, якія з’яўляюцца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, чальцамі Савета Рэспублікі, дэпутатамі мясцовых Саветаў дэпутатаў, даверанымі асобамі кандыдатаў, прадстаўнікамі палітычных партый ці грамадзян.
РАЗДЗЕЛ 2
НАКІРАВАННЕ НАЗІРАЛЬНІКАЎ ГРАМАДСКІМІ АБ’ЯДНАННЯМІ, ЯКІЯ НЕ З’ЯЎЛЯЮЦЦА ПАЛІТЫЧНЫМІ ПАРТЫЯМІ, У ОРГАНЫ МЯСЦОВАГА САМАКІРАВАННЯ, ЯКІЯ ЎТВАРАЮЦЬ ВЫБАРЧЫЯ КАМІСІІ
- Грамадскія аб’яднанні, якія не з’яўляюцца палітычнымі партыямі, іх арганізацыйныя структуры маюць права накіраваць назіральнікаў у органы мясцовага самакіравання, якія ўтвараюць выбарчыя камісіі, у наступным парадку:
міжнароднае, рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне – на пасяджэнні прэзідыумаў абласных, Мінскага гарадскога, гарадскіх, раённых Саветаў дэпутатаў, а таксама пасяджэнні абласных, Мінскага гарадскога, раённых, пасялковых, сельскіх выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый у гарадах з раённым дзяленнем, прысвечаныя ўтварэнню камісій адпаведнага ўзроўню;
абласная арганізацыйная структура грамадскага аб’яднання – на пасяджэнні прэзідыумаў адпаведных абласных, гарадскіх, раённых Саветаў дэпутатаў, пасяджэнні адпаведных абласных, раённых, пасялковых, сельскіх выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый у гарадах з раённым дзяленнем, прысвечаныя ўтварэнню камісій адпаведнага;
Мінская гарадская арганізацыйная структура грамадскага аб’яднання – на пасяджэнні прэзідыума Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, а таксама пасяджэнні Мінскага гарадскога і раённых у горадзе Мінску выканаўчых камітэтаў, прысвечаныя ўтварэнню камісій адпаведнага ўзроўню;
раённая, гарадская (у горадзе абласнога падпарадкавання) арганізацыйная структура грамадскага аб’яднання, мясцовае грамадскае аб’яднанне – на пасяджэнні прэзідыумаў адпаведных раённых, гарадскіх Саветаў дэпутатаў, пасяджэнні раённых выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый у гарадах з раённым дзяленнем, прысвечаныя ўтварэнню камісій адпаведнага ўзроўню;
раённая ў горадзе арганізацыйная структура грамадскага аб’яднання – на пасяджэнні прэзідыумаў адпаведных гарадскіх Саветаў дэпутатаў, пасяджэнні адпаведных гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый у гарадах з раённым дзяленнем, прысвечаныя ўтварэнню камісій адпаведнага ўзроўню;
першасная арганізацыя грамадскага аб’яднання – на пасяджэнні пасялковых, сельскіх выканаўчых камітэтаў, прысвечаныя ўтварэнню камісій адпаведнага ўзроўню.
- Рашэнне аб накіраванні назіральнікаў прымае адпаведна кіруючы орган грамадскага аб’яднання, арганізацыйнай структуры, сход першаснай арганізацыі грамадскага аб’яднання.
Рашэнне аб накіраванні назіральніка афармляецца пратаколам. У пратаколе пасяджэння кіраўнічага органа грамадскага аб’яднання, арганізацыйнай структуры, сходу першаснай арганізацыі грамадскага аб’яднання ўказваюцца назва, адрас і нумар тэлефона грамадскага аб’яднання, арганізацыйнай структуры або сходу першаснай арганізацыі грамадскага аб’яднання, колькасць чальцоў кіраўнічага органа (першаснай арганізацыі) і колькасць прысутных на пасяджэнні (сходзе), дата прыняцця рашэння, прозвішча, імя, імя па бацьку і дата нараджэння назіральніка, месца яго пастаяннай або часовай рэгістрацыі і нумар тэлефона, найменне органа мясцовага самакіравання, куды ён накіроўваецца.
Для акрэдытацыі назіральніка ў адпаведны орган мясцовага самакіравання, які ўтварае выбарчыя камісіі, прадстаўляецца пратакол аб накіраванні назіральніка або копія пратакола, або выпіска з пратакола, якая змяшчае звесткі, указаныя ў частцы другой гэтага артыкула.
РАЗДЗЕЛ 3
НАКІРАВАННЕ НАЗІРАЛЬНІКАЎ ПАЛІТЫЧНЫМІ ПАРТЫЯМІ, ІНШЫМІ ГРАМАДСКІМІ АБ’ЯДНАННЯМІ
- Палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, іх арганізацыйныя структуры накіроўваюць назіральнікаў у наступным парадку:
палітычная партыя, іншае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне, міжнароднае грамадскае аб’яднанне – на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, абласных, раённых, гарадскіх, раённых у гарадах, участковых камісій, на ўчасткі для галасавання, размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
абласная арганізацыйная структура палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання – на пасяджэнні адпаведных абласных, раённых, гарадскіх, раённых у гарадах і ўчастковых камісій, на ўчасткі для галасавання, размешчаныя на тэрыторыі вобласці;
Мінская гарадская арганізацыйная структура палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання – на пасяджэнні Мінскай гарадской, раённых у горадзе Мінску і ўчастковых камісій, на ўчасткі для галасавання, размешчаныя на тэрыторыі горада Мінска;
раённая, гарадская (у горадзе абласнога падпарадкавання) арганізацыйная структура палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання – на пасяджэнні адпаведных раённых, гарадскіх, раённых у гарадах і ўчастковых камісій, на ўчасткі для галасавання, размешчаныя адпаведна на тэрыторыі раёна, горада;
раённая ў горадзе арганізацыйная структура палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, мясцовае грамадскае аб’яднанне – на пасяджэнні раённай у горадзе і ўчастковых камісій, на ўчасткі для галасавання, размешчаныя на тэрыторыі раёна ў горадзе;
першасная арганізацыя палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання – на паседжанні ўчастковай камісіі, на ўчастак для галасавання, на тэрыторыі якога знаходзіцца першасная арганізацыя.
- Рашэнне аб накіраванні назіральнікаў прымае адпаведна кіруючы орган палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, арганізацыйнай структуры, сход першаснай арганізацыі палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання.
Рашэнне аб накіраванні назіральніка афармляецца пратаколам. У пратаколе пасяджэння кіраўнічага органа палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, арганізацыйнай структуры, сходу першаснай арганізацыі палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання паказваюцца назва, адрас і нумар тэлефона палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, арганізацыйнай структуры ці сходзе першаснай арганізацыі палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, колькасць чальцоў кіруючага органа (першаснай арганізацыі) і колькасць прысутных на пасяджэнні (сходзе), дата прыняцця рашэння, прозвішча, імя, імя па бацьку і дата нараджэння назіральніка, месца яго пастаяннай або часовай рэгістрацыі і нумар тэлефона, найменне камісіі або нумар участка для галасавання, куды ён накіроўваецца.
Для акрэдытацыі назіральніка ў адпаведную камісію прадстаўляецца пратакол аб накіраванні назіральніка, або копія пратакола, або выпіска з пратакола, якая змяшчае звесткі, указаныя ў частцы другой гэтага артыкула.
РАЗДЗЕЛ 4
НАКІРАВАННЕ НАЗІРАЛЬНІКАЎ ПРАЦОЎНЫМІ КАЛЕКТЫВАМІ АРГАНІЗАЦЫЙ, КАЛЕКТЫВАМІ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАДЗЯЛЕННЯЎ АРГАНІЗАЦЫЙ
- Працоўны калектыў арганізацыі, калектыў структурнага падраздзялення арганізацыі, размешчанай на тэрыторыі раёна, горада абласнога падпарадкавання, які не мае раённага дзялення або раёна ў горадзе, накіроўвае назіральнікаў на пасяджэнні раённай, гарадской, раённай у горадзе і ўчастковых камісій, на ўчасткі для галасавання ў межах тэрыторыі адпаведнага раёна, горада ці раёна ў горадзе, а таксама на пасяджэнні адпаведнай абласной, Мінскай гарадской камісіі.
Пры накіраванні назіральнікаў ад структурных падраздзяленняў (структурнага падраздзялення) арганізацыі назіральнікі ад працоўнага калектыву арганізацыі не накіроўваюцца.
- Рашэнне аб накіраванні назіральнікаў прымае сход (канферэнцыя) працоўнага калектыву арганізацыі, сход калектыву структурнага падраздзялення арганізацыі.
Рашэнне аб накіраванні назіральніка афармляецца пратаколам. У пратаколе сходу (канферэнцыі) працоўнага калектыву арганізацыі, сходзе калектыву структурнага падраздзялення паказваюцца назва, адрас і нумар тэлефона арганізацыі, структурнага падраздзялення, колькасць чальцоў працоўнага калектыву арганізацыі (абраных на канферэнцыю дэлегатаў), калектыву структурнага падраздзялення арганізацыі і колькасць прысутных на сходзе (канферэнцыі), дата прыняцця рашэння, прозвішча, імя, імя па бацьку і дата нараджэння назіральніка, месца яго пастаяннай або часовай рэгістрацыі і нумар тэлефона, назва камісіі або нумар участка для галасавання, куды ён накіроўваецца.
Для акрэдытацыі назіральніка ў адпаведную камісію прадстаўляецца пратакол аб накіраванні назіральніка або копія пратакола, або выпіска з пратакола, якая змяшчае звесткі, указаныя ў частцы другой гэтага артыкула.
РАЗДЗЕЛ 5
НАКІРАВАННЕ НАЗІРАЛЬНІКАЎ ГРАМАДЗЯНАМІ
- Выбаршчыкі ў колькасці не менш за 10 чалавек, якія пражываюць на тэрыторыі вобласці, раёна, горада, раёна ў горадзе, участку для галасавання, маюць права накіраваць назіральніка на пасяджэнні адпаведнай абласной, раённай, гарадской, раённай у горадзе, участковай камісіі, на ўчастак для галасавання.
- Назіральнік, накіраваны выбаршчыкамі, прадстаўляе ў камісію заяву, падпісаную не менш як 10 выбаршчыкамі, якія пражываюць адпаведна на тэрыторыі вобласці, раёна, горада, раёна ў горадзе, участка для галасавання.
У заяве аб накіраванні назіральніка ўказваюцца назва камісіі або нумар участка для галасавання, куды накіроўваецца назіральнік, прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння назіральніка, месца яго пастаяннай або часовай рэгістрацыі і нумар тэлефона. У адносінах да кожнага выбаршчыка, які падпісаў заяву, указваюцца прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння і месца яго пастаяннай або часовай рэгістрацыі.
РАЗДЗЕЛ 6
АКРЭДЫТАЦЫЯ НАЗІРАЛЬНІКАЎ
- Акрэдытацыя назіральніка пры адпаведнай камісіі, органе мясцовага самакіравання, які ўтварае выбарчыя камісіі, ажыццяўляецца ў дзень прадстаўлення дакумента аб накіраванні назіральнікам шляхам унясення запісу ў журнал акрэдытацыі назіральнікаў.
- Для акрэдытацыі назіральнік, накіраваны палітычнай партыяй, іншым грамадскім аб’яднаннем, арганізацыйнай структурай, сходам першаснай арганізацыі палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, працоўным калектывам арганізацыі, калектывам структурнага падраздзялення арганізацыі, грамадзянамі, прадстаўляе ў камісію адпаведны дакумент, указаны ў частцы 2 артыкула 11, частцы 2 артыкула 13 або частцы 2 артыкула 15 гэтага Палажэння, а таксама пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
- Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, чалец Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў Рэспублікі Беларусь, давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь для акрэдытацыі прад’яўляе ў камісію адпаведнае пасведчанне, якое пацвярджае яго статус.
- Назіральнік мае права абскардзіць рашэнне камісіі аб адмове ў акрэдытацыі ва ўстаноўленым законам парадку.
РАЗДЗЕЛ 7
ПАРАДАК АЖЫЦЦЯЎЛЕННЯ ПАЎНАМОЦТВАЎ НАЗІРАЛЬНІКА
- Назіральнік ажыццяўляе назіранне ў адпаведнасці з прынцыпамі галоснасці, адкрытасці і празрыстасці выбарчага працэсу. Абмежаванні, прадпісаныя ў частцы 6 артыкула 13 Выбарчага кодэкса, павінны прымяняцца з улікам гэтых прынцыпаў і ніякія іншыя абмежаванні не дапускаюцца.
- Пад назіраннем разумеецца бесперашкодны доступ назіральніка да ўсіх этапаў выбарчага працэсу і атрыманне інфармацыі, якая датычыцца гэтых этапаў. Дзяржаўныя органы, грамадскія аб’яднанні, арганізацыі, службовыя асобы абавязаны садзейнічаць наглядальнікам у ажыццяўленні імі сваіх паўнамоцтваў, прадастаўляць неабходныя для іх работы звесткі і матэрыялы.
- У дні датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў назіральнік не можа быць абмежаваны ў магчымасцях азнаямляцца з выбарчай дакументацыяй, асноўнымі і дадатковымі спісамі выбаршчыкаў, укладнымі лістамі, назіраць за атрыманнем бюлетэняў камісіямі, апячатваннем і распячатваннем скрыняў для галасавання, выдачай бюлетэняў, падлікам галасоў і іншымі выбарчымі працэдурамі.
- Назіральнікі ў перыяд датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў маюць права атрымліваць інфармацыю аб колькасці выбаршчыкаў, уключаных у спісы выбаршчыкаў, аб колькасці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні, аб колькасці бюлетэняў, атрыманых камісіяй, выдадзеных выбаршчыкам, аб колькасці нявыкарыстаных і сапсаваных бюлетэняў. Па патрабаванні назіральніка камісіі даюць яму засведчаныя подпісамі старшыні і сакратара камісіі копіі пратаколаў за кожны дзень датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў.
- Назіральнік мае права прысутнічаць пры працэдуры падліку галасоў на такой адлегласці ад стала, якая дазваляе сачыць за працэсам і бачыць змест кожнага бюлетэня. Камісія абавязана забяспечыць такія ўмовы.
- Назіральнікі, акрэдытаваныя пры раённых, гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання), раённых у гарадах камісіях, маюць права прысутнічаць у гэтых камісіях пры прыёме матэрыялаў участковых камісій, уключаючы пратаколы аб выніках галасавання на ўчастках, і пры падвядзенні вынікаў гэтымі камісіямі. Назіральнікі кіруюцца прынцыпамі і правамі, апісанымі ў артыкулах 19-20 гэтай пастановы. Па патрабаванні назіральніка камісіі даюць яму засведчаныя подпісамі старшыні і сакратара камісіі копію зводных табліц вынікаў на ўзроўні ўчастковых камісій і копію пратакола адпаведнай тэрытарыяльнай камісіі. З ліку давераных асоб кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у адпаведнай камісіі мае права прысутнічаць толькі адзін наглядальнік.
- Давераныя асобы кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь прысутнічаюць на пасяджэннях камісій, пры прыёме пратаколаў участковых камісій тэрытарыяльнымі камісіямі, у памяшканнях для галасавання ў парадку, прадугледжаным артыкуламі 4, 19, 20 дадзенай пастановы.
- Пры ажыццяўленні назірання на пасяджэннях камісій, пры прыёме пратаколаў участковых камісій тэрытарыяльнымі камісіямі, у памяшканнях для галасавання назіральнікі выконваюць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя па пытаннях прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі (выкарыстоўваюць сродкі індывідуальнай абароны, дэзінфікуючыя сродкі для апрацоўкі рук, захоўваюць сацыяльную дыстанцыю), а на ўчастках для галасавання, утвораных у бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, таксама выконваюць устаноўленыя ва ўказаных арганізацыях правілы.
Старшыні камісій даюць месцы для размяшчэння наглядальнікаў, арганізаваныя з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі, але без абмежавання правоў наглядальнікаў, гарантаваных выбарчым заканадаўствам і гэтым палажэннем.
- Назіральнік таксама можа ажыццяўляць фота- і відэаздымкі працэсу і выбарчай дакументацыі, пазбягаючы пры гэтым здымкі асоб і асабістых дадзеных людзей, якія не знаходзяцца пры выкананні сваіх службовых абавязкаў.
- Тэрмін паўнамоцтваў назіральніка пачынаецца з дня яго акрэдытацыі пры адпаведнай камісіі. Паўнамоцтвы назіральніка заканчваюцца ў дзень устанаўлення вынікаў выбараў, а ў выпадку абскарджання вынікаў – у дзень уступлення рашэння аб абскарджанні ў сілу.