Шаноўны спадар Спікер Брухан,
Дарагія дэлегаты Каардынацыйнай рады,
паважаныя беларусы і беларускі!
Перш за ўсё хачу падзякаваць арганізатарам. Такія слуханні прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета перад Каардынацыйнай радай — паказваюць, што мы ўмеем працаваць разам і нашыя дамоўленасці працуюць.
Дзякуй Паўлу Паўлавічу, Вользе Зазулінскай, Маргарыце Ворыхавай, Паўлу Баркоўскаму, Уладзіміру Астапенку, Вадзіму Кабанчуку — за вашыя даклады і нястомную працу для Беларусі. Дзякуй усім прадстаўнікам, іх намеснікам, і цяперашнім, і былым сябрам Кабінета.
Вы працуеце ў складаных умовах, у цэйтноце і практычна без рэсурсаў. Пад страхам рэпрэсіяў і пераследу. Але нягледзячы на ўсё гэта, вам удаецца паказваць вынікі. І за гэтыя гады нам сапраўды многае ўдалося дасягнуць разам.
Сябры Каардынацыйнай рады таксама добра ведаюць, што праца ў палітыцы — няўдзячная і рызыкоўная. Цяпер і Кабінет, і Каардынацыйная рада знаходзяцца пад атакай рэжыму. Кожнаму з вас ужо павесілі па адной, па дзве ці тры крымінальныя справы. Кашмараць блізкіх. Пагражаюць. І вы ўсё роўна працягваеце працу. За гэта кожнаму з вас паклон і павага.
І Кабінет, і Каардынацыйная рада — тыя слупы, на якіх пабудаваныя нашы дэмакратычныя сілы. І вельмі важна, каб мы захоўвалі адзінства і працягвалі працу. Мы з вамі — прадстаўляем альтэрнатыўную візію для Беларусі. А многія беларусы — звязваюць з вашай працай і надзею на перамены.
Сёння я прашу Каардынацыйную раду падтрымаць і ўхваліць працу прадстаўнікоў і іх прадстаўніцтваў. А таксама падумаць, як мы можам арганізаваць лепш супрацоўніцтва паміж Каардынацыйнай радай і Кабінетам.
Несумненна, ёсць і недахопы. Апошнія гады мы не раз сутыкаліся з цяжкімі сітуацыямі і часам дапускалі памылкі — і персанальныя, і арганізацыйныя, і камунікацыйныя. І буду радая пачуць вашыя парады, як палепшыць працу Кабінета. Галоўнае, што мы ўсе вучымся, робім высновы і працуем далей. Не памыляецца той, хто не дзейнічае — а мы выбралі дзейнічаць.
Буду радая пачуць таксама кадравыя прапановы на пасаду прадстаўніка па аднаўленні законнасці і правапарадку. І канешне, з нецярплівасцю чакаю далучэння да каманды АПК Алісы Рыжычэнкі, якая зойме пасаду прадстаўніцы па эканоміцы і фінансах. Гэта дапаможа нам закрыць крытычна важны напрамак у кабінеце, і безумоўна, выраўняць гендарны баланс.
Заўтра на канферэнцыі мы абавязкова абвесцім пра яе прызначэнне, а таксама пра змены ў працы місіяў. У прыватнасці, зменіцца кіраўнік місіі ва Украіне.
Таксама на канферэнцыі мы плануем апублікаваць шэраг рэзалюцыяў, якія ўчора падтрымала Каардынацыйная рада. Гэта і пра вызваленне палітвязняў, і падтрымка ветэранаў, моладзі, медыя, і, урэшце, абарона незалежнасці Беларусі. Апошняе асабліва важна ў кантэксце перамоваў па Украіне, і сёння-заўтра мы чакаем важных рашэнняў Кіева і Вашынгтона.
Пару словаў пра прыярытэты Кабінета.
Першае. Вызваленне палітвязняў і падтрымка рэпрэсаваных. Гэта — абсалютны прыярытэт. Пакуль у турмах знаходзяцца больш за 1100 чалавек, мы не можам спыніцца. На міжнародцы мы працягваем працаваць, каб працэс гуманітарных вызваленняў працягваўся.
А Прадстаўніца ў сацыяльнай сферы Вольга Зазулінская разам з камандай дапамагае былым зняволеным, іх сем’ям, уразлівым групам, былым добраахвотнікам. Мы арганізуем юрыдычную і псіхалагічную дапамогу, шэлтары, мабілізуем дапамогу для праваабаронцаў, сродкі ў Міжнародны гуманітарны фонд для падтрымкі рэпрэсаваных.
Дапамагаем з легалізацыяй за мяжой, працуем над тым, каб ніводны чалавек не заставаўся сам-насам са сваёй бядой. Мы прынялі канцэпцыю кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным — каб беларусы, пацярпелыя ад рэпрэсіяў, маглі разлічваць на справядлівасць у будучыні.
Культура і нацыянальная ідэнтычнасць. Менавіта праз мову, культуру і гістарычную памяць мы застаёмся народам і абараняем сябе ад «рускага міру». Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі з камандай падтрымлівае ініцыятывы беларускіх школак і абараняе моўныя праграмы за мяжой. Мы падтрымліваем фестывалі, выставы, імпрэзы, якія захоўваюць і ўмацоўваюць беларускую ідэнтычнасць. Мы дапамагаем беларускім навукоўцам і творцам, развіваем культурніцкі супраціў, які фармуе вобраз Беларусі як еўрапейскай краіны. Заўтра прэзентуем даклад па культурніцкай дыпламатыі — што было зроблена за пяць гадоў.
Абарона і нацыянальная бяспека. Прадстаўнік Вадзім Кабанчук зрабіў аналіз рызыкаў і сцэнарыяў для Беларусі, у тым ліку на выпадак новых выклікаў — як падчас вучэнняў «Захад-2025». Ён падтрымлівае сувязь з добраахвотнікамі Палка Каліноўскага, якія ўжо сёння змагаюцца за нашу і вашу свабоду, і працуе над тым, каб беларускае войска ў будучыні служыла інтарэсам народа, а не дыктатара.
Сярод новых напрамкаў — дапамога ветэранам. Нядаўна кабінет прыняў пастанову аб падтрымцы беларускіх добраахвотнікаў, цяпер і ў будучыні. Мы падрыхтавалі Чырвоную паперу — Red Paper — па бяспецы, каб паказаць Беларусь не толькі як пагрозу, але і як магчымасць, неабходны складнік агульнаеўрапейскай бяспекі.
Адказнасць і санкцыі. Тут неймаверную працу робіць Павел Латушка і яго каманда ў Народным Антыкрызісным Упраўленні. Яны займаюцца санкцыйнай палітыкай і прыцягненнем рэжыму да адказнасці. Імя Лукашэнкі як саўдзельніка агрэсіі супраць Украіны ўжо фігуруе ў міжнародных пазовах і расследаваннях.
Мы супрацоўнічаем з іншымі арганізацыямі, такімі як BELPOL і iSANS, з журналістамі-расследавальнікамі, каб закрыць шчыліны ў санкцыях і прыцягнуць рэжым да адказнасці.
Эканоміка і падрыхтоўка рэформаў. Новая прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка будзе каардынаваць працу па падрыхтоўцы эканамічных рэформаў, прыцягненні інвестыцыяў і аднаўленні інстытутаў у перыяд транзіту.
Таксама каманда кабінета і Офіса, пры падтрымцы Анатоля Лябедзькі, ужо распрацавалі праект Канстытуцыі, больш за 20 законапраектаў і планы рэформаў у розных сферах — ад мясцовага самакіравання да судовай сістэмы. У бліжэйшыя дні мы збіраемся многія дакументы апублікаваць. Нядаўна Офіс прадставіў канцэпцыю люстрацыі, і мы запрашаем Каардынацыйную раду да яе абмеркавання. Давайце разам распрацоўваць дарожную карту для рэалізацыі Еўрапейскага ўсеабдымнага плану эканамічнай дапамогі ў 3 мільярды еўра, якія Беларусь атрымае пасля дэмакратычных пераменаў.
Міжнароднае адвакатаванне. Тут вялікі аб’ём задачаў. Гэта і міжнароднае прызнанне, і вырашэнне праблемаў беларусаў за мяжой, і мабілізацыі замежнай дапамогі. Цяпер разам з ЕС мы працуем над Ацэнкай патрэбаў грамадзянскай супольнасці, якая будзе прэзентаваная ў кастрычніку ў Бруселі. Прадстаўнік Уладзімір Астапенка адказвае за дыпламатычныя кантакты і фармаванне міжнароднай кааліцыі на падтрымку Беларусі. Мы працягваем пашыраць кааліцыю саюзнікаў, і развіваем стратэгічныя кансультацыі з ЕС, ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай і іншымі партнёрамі.
Моладзь і адукацыя. Прадстаўніца Маргарыта Ворыхава адвакатуе і развівае праграмы падтрымкі студэнтаў і маладых спецыялістаў, дапамагае з праблемай настрыфікацыі дыпломаў і доступу да стыпендыяў. Мы хочам, каб маладыя беларусы атрымлівалі веды, досвед і кантакты, якія яны змогуць выкарыстаць для адбудовы краіны.
Усе гэтыя напрамкі звязаныя паміж сабой. Культура і адукацыя ўмацоўваюць нацыю. Санкцыі і міжнародная праца ствараюць ціск на рэжым. Эканамічныя планы рыхтуюць глебу для перамен, а дапамога рэпрэсаваным робіць нашу супольнасць мацнейшай. Гэта комплексная стратэгія, якая павінна прывесці Беларусь да свабоды і еўрапейскай будучыні.
Дарагія сябры,
Падсумоўваючы слуханні, і ў цэлым мінулыя пяць гадоў, я хачу адзначыць галоўнае: нам удалося выстаяць. Захаваць суб’ектнасць беларускага грамадства. У нас створаныя і функцыянуюць інстытуты дэмакратычнай супольнасці, і экасістэма самых розных арганізацыяў і ініцыятываў. Палітычныя арганізацыі працуюць разам з грамадзянскай супольнасцю — і гэта робіць наш рух больш устойлівым.
Беларусаў адрозніваюць ад рэжыму, Беларусь ад Расіі. З намі раяцца, калі прымаюцца рашэнні па нашай краіне. Гэта вялікі здабытак на будучыню. Кожны кантакт, які мы пабудавалі — дапамагае нам рэалізоўваць свае мэты, і дапаможа нам у будучыні, калі адкрыецца новае акно магчымасцяў. Беларускі народ захоўвае маральны суверэнітэт — у час, калі рэжым стаў ізгоем і крок за крокам аддае незалежнасць Расіі.
Я вельмі радая, што за апошнія гады статус і рэпутацыя Каардынацыйнай рады істотна вырасла. Дэлегацыя Каардынацыйнай рады пачала працу ў ПАРЕ і ў Кангрэсе рэгіянальных уладаў. Гэтага не адбылося б без намаганняў АПК і Офіса, якія дабіліся прыняцця рэзалюцыі і адпаведнага рашэнне ў ПАРЕ.
Мы будзем працягваць падтрымліваць усе інстытуты дэмакратычных сілаў, і падтрымліваць ініцыятывы Каардынацыйнай рады, у тым ліку ў міжпарламенцкай супрацы.
Я радая, што прадстаўнікі КР бяруць удзел у падрыхтоўцы “Needs Assessment” і Стратэгічных кансультацыях.
Нашыя місіі — у Таліне, Празе, Кіеве і Бруселі — таксама гатовы аказваць падтрымку ініцыятывам Каардынацыйнай рады, а таксама прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці. Чым больш супольных ініцыятываў мы робім — тым лепш.
Для паляпшэння каардынацыі я прапаную таксама задзейнічаць лічбавую платформу СВАЕ, якая дае шмат магчымасцяў для супрацы, кантактаў, мерапрыемстваў, дыскусіяў, бізнесаў, распаўсюду інфармацыі для беларусаў па ўсім свеце.
Адзін з напрамкаў, дзе Кабінет і Каардынацыйная рада могуць працаваць асабліва шчыльна — гэта паляпшэнне мабільнасці і вырашэнне праблемаў з легалізацыяй беларусаў. Я думаю, усе згодныя, што нашая задача — не дапусціць з’яўлення жалезнай заслоны паміж Беларуссю і Еўропай.
Разам з вамі, нам ужо ўдалося вялікую частку праблемаў вырашыць. Напрыклад, у амаль палове краін Еўропы выдаюць беларусам пашпарты замежніка. Але, на жаль, застаюцца праблемы з апастылямі, ВНЖ.
Сёлета нам нарэшце ўдалося запусціць выпуск новых пашпартоў — праект пакуль у пілотнай фазе. Мы ўдасканальваем тэхнічную базу, бяспеку, вядзём перамовы пра легальны статус для дакументаў. Гэта складаны доўгатэрміновы праект на будучыню, які ўзмацняе нашую супольнасць і ўздымае пытанне Беларусі ў свеце.
Дарагія сябры,
Я разумею, што пяць гадоў — доўгі тэрмін. Многія стамляюцца, сыходзяць з дыстанцыі. Многія ўжо нават гатовыя перагарнуць старонку і заняцца сваімі справамі за мяжой.
Але капітуляцыя — не выхад. Гэта тое, чаго дабіваецца рэжым. Каб свет забыў пра Беларусь, а яны маглі ў цішыні працягваць тэрор. Гэтага мы не дапусцім.
Прайшлі пяць гадоў, і некаторыя скажуць: вось, ваша легітымнасць скончылася. Але наша з вамі легітымнасць — і мая, і АПК, і Каардынацыйнай рады — сыходзіць не толькі ад тых выбараў — але і ад таго, як мы выконваем сваю працу, ці дастойна прадстаўляем беларусаў, ці ўспрымаюць нас як надзейных партнёраў за мяжой.
Тая роля, якая мне выпала, не дае ніякай улады, але затое дае магчымасць абараняць інтарэсы беларусаў. І я буду рабіць усё магчымае, каб яе дастойна выконваць да новых свабодных выбараў, як толькі адкрыецца такая магчымасць.
Дэмакратычныя сілы павінны працягваць сваю працу. Абараняць інтарэсы беларусаў. Гаварыць ад імя тых, хто пазбаўлены голасу і права. І асабліва цяпер — калі вырашаецца лёс Беларусі і ўсяго рэгіёну.
У прадстаўнікоў дэмакратычнага руху могуць быць розныя погляды, бачанне сітуацыі. Дзеля гэтага мы збіраемся, спрачаемся, абмяркоўваем. Асабіста я прымаю любую крытыку і любыя заўвагі, але больш за ўсё я хачу чуць ідэі і прапановы і бачыць ініцыятыву. Мы з вамі ў адным чоўне, змагаемся з адным ворагам, і ў нас з вамі адна мэта.
У наступным годзе Каардынацыйную раду чакаюць новыя выбары. Я спадзяюся, гэтая кампанія стане нагодай не для новых спрэчак, а для пошуку новых ідэяў і фарматаў.
Я б хацела, каб у Каардынацыйнай радзе часцей абмяркоўвалі стратэгічныя дакументы, праекты рэформаў. Адзін з прыярытэтаў дэмакратычных сілаў — гэта прамоцыя візіі новай Беларусі і еўрапейскай будучыні. Каардынацыйная рада магла б разгледзець гэтыя дакументы і прадэманстраваць, што яна гатовая глядзець у будучыню і прымаць рашэнні.
Увосень у Парыжы пройдзе кангрэс міжпарламенцкага Альянсу дэпутацкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь». Мы перадалі кіраўніцтву КР запрашэнне на кангрэс і прапанавалі план узаемадзеяння КР з Альянсам.
На заканчэнне хачу яшчэ раз падзякаваць усім, хто ўзяў удзел у двухдзённых слуханнях, прадстаўнікам кабінета, спікеру і ўсім гледачам. Буду радая адказаць на вашы пытанні і выслухаць прапановы.
Дзякуй за ўвагу,
Жыве Беларусь!