Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з Мартай Кос, новай еўракамісаркай па пытаннях добрасуседства і пашырэнні ЕС.
Ціханоўская павіншавала еўракамісарку з прызначэннем, распавяла пра працу дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці, а таксама пра сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі. Яна таксама паведаміла пра працу над ацэнкай патрэбаў і прыярытэтаў журналістаў, праваабаронцаў, некамерцыйных арганізацыяў і ініцыятываў на наступныя два гады. Лідарка падкрэсліла, што, нягледзячы на рэпрэсіі і тэрор, беларуская грамадзянская супольнасць застаецца актыўнай, эфектыўнай і арганізаванай.
Ціханоўская адзначыла вострую неабходнасць пашырэння дапамогі палітвязням і рэпрэсаваным, падтрымкі незалежных медыя і культурніцкіх праектаў. Еўракамісарка Кос паведаміла, што ў 2025 годзе Еўракамісія вылучыць 30 мільёнаў еўра на падтрымку грамадзянскай супольнасці.
Падчас сустрэчы Ціханоўская і Кос абмеркавалі ўдзел беларусаў у еўрапейскіх праграмах, уключаючы моладзевыя і студэнцкія ініцыятывы, праграмы Усходняга партнёрства, а таксама супрацоўніцтва на міжнароднай арэне.
Дадатковая дапамога ад Еўрасаюза
Раней Еўрасаюз паведаміў, што пасля 2020 года вылучыў дапамогу для беларускай грамадзянскай супольнасці ў памеры 170 мільёнаў еўра.
У межах гэтай дапамогі:
- 3 000 ахвяраў рэпрэсіяў атрымалі фінансавую, юрыдычную і медыцынскую дапамогу, або атрымалі дапамогу па рэлакацыі з Беларусі.
- Падтрымку атрымалі беларускія праваабаронцы і Міжнародная платформа збору доказаў злачынстваў рэжыму.
- 130+ дзеячаў культуры атрымалі падтрымку, было рэалізавана больш за 110 культурніцкіх праектаў.
- Аказаная дапамога дзясяткам медыяарганізацыяў і блогераў, а таксама сотням НДА.
- 3 300+ студэнтаў атрымалі стыпендыі, 700 чалавек – гранты на мабільнасць.
- 3 000 жанчын-актывістак прайшлі курсы, а 4 000 прадпрымальнікаў і бізнес-арганізацыяў скончылі праграмы, фінансаваныя Еўрасаюзам.