Беларуская лідарка ў інтэрв’ю для чэшскага «ČT24» распавяла пра механізмы ціску на рэжым і прааналізавала, як за апошні час змяніліся думкі ў беларусаў і беларусак. Асобна Святлана Ціханоўская адказала на пытанні пра палітвязняў і падкрэсліла: яны нязломныя.
📌 «Мы разумеем: ціск на рэжым – гэта не срэбная куля, якая вырашыць усе праблемы, але гэта эфектыўны механізм. Тым не менш, санкцыі не могуць быць эфектыўнымі, пакуль існуюць спосабы іх абысці. Таму ўсе шляхі павінны быць зачыненыя, каб рэжым не мог здабываць карысць з адносінаў з Еўропай».
📌 «У краіне мільёны беларусаў не падтрымліваюць рэжым. Але яны не могуць адкрыта гаварыць пра гэта. У краіне рэпрэсіі, і людзі жывуць як у ГУЛАГу, як у сталінскія часы. Мая задача – падтрымліваць іх».
📌 «Мысленне беларусаў не змянілася. Яны не хочуць абараняць двух дыктатараў. Усе больш салдатаў разумеюць, што гэтая вайна – маральная параза Расіі. Я ўпэўненая: беларускія салдаты не паедуць ваяваць у іншую краіну. У нас няма крыважэрных амбіцыяў. Я думаю, што Лукашэнка сам разумее, што не можа аддаць загад, які не будзе выкананы».
📌 «Рэжым спрабуе зламаць палітвязняў, але яны нязломныя. Іх катуюць, падвяргаюць выпрабаванням. Уявіце маральны стан чалавека, якому ў турме неаднакратна казалі, што на яго ўсе забыліся, таму што ён не атрымлівае лістоў, яго не наведвае адвакат. Яму кажуць, што ён дарма ахвяраваў свабодай, таму што іншыя перасталі змагацца. А ў турме ў гэта лёгка паверыць».