У вялікім інтэрв’ю каналу Deutsche Welle Святлана Ціханоўская паразважала на тэмы, якія апошнім часам турбуюць беларусаў. Лідарка распавяла пра «дыктатуру» ўнутры дэмакратычных сілаў, задачу беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і кантакты з афіцыйным Кіевам ды расійскай апазіцыяй.
📌 «Лукашэнка настолькі трымаецца за палітвязняў, што лічыць – нават адпусціўшы аднаго ці пяцярых – ён страціць свой твар дыктатара, і не хоча ісці на такія саступкі. Патрэбны комплексны падыход, бо ўгаварыць ці прызваць яго да гуманізму немагчыма. Палітвязні – апошні аплот яго легітымнасці ў яго вачах. 18 чалавек вызвалілі і за той жа тыдзень 72 затрымалі».
📌 «Я не разводжу дыктатуру. Няма такога: Ціханоўская сказала – усе зрабілі. Таму што ў нас улады, самой па сабе, няма. Я не загадваю нічога нікому рабіць. Людзі самастойна яднаюцца і працуюць разам, таму што мэта агульная. Я б хацела, каб было яшчэ больш такіх лідараў, як Павел Латушка, якія магчыма працуюць на сябе, але ў той жа час на агульную мэту. Могуць быць розныя думкі, разныя разуменні, але ўсе разумеюць канчатковую мэту».
📌 «Магчыма, потым большасць беларусаў вернецца да варыянту сілавога супраціву, але ўсё-такі беларусы – гэта мірная нацыя. Магчыма, я памыляюся, але хацела б, каб пераход да новай улады, дэмакратычнай Беларусі, здзейсніўся мірным шляхам. Можна доўга дыскутаваць, але трэба разумець, на што гатовая грамадзянская супольнасць. Да супрацьстаяння вайсковым шляхам, мне здаецца, беларусы не гатовы».
📌 «У нас цяпер стала больш камунікацыі беларускай дыяспары з украінцамі. Я вельмі радая, што і ў прэзідэнта Зяленскага памянялася рыторыка ў бок Беларусі: прызначылі адмысловага прадстаўніка па працы з Беларуссю. Крок за крокам мы рухаемся ў адзін бок. З расійскай апазіцыяй ёсць кантакты, але не вельмі шчыльныя. Мы можам дзяліцца досведам і прыладамі, як працаваць з рэжымамі, але павінны разумець, што ў нас розны кантэкст».