Сёння, 31 траўня, Святлана Ціханоўская наведала віленскую гімназію ім. Францыска Скарыны, дзе ўзяла ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды заканчэння навучальнага года.
Установа з’яўляецца адзінай у краіне, дзе навучанне для беларусаў і беларусак ідзе на роднай мове. Сотні дзяцей, якія вымушана пераехалі ў Літву пасля 2020 года, менавіта тут атрымалі магчымасць працягваць адукацыю. Акрамя таго, гімназія дапамагае 408 хлопчыкам ды дзяўчынкам вывучаць літоўскую мову і прасцей інтэгравацца ў грамадства.
Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай перад 29-м выпускам гімназістаў, іх бацькамі, настаўнікамі і прадстаўнікамі літоўскай дзяржавы:
«Добры дзень, шаноўнае спадарства,
Labas ritas, mieli lietuviai draugai!
Найперш дазвольце, як належыць госці, павітаць шаноўную гаспадыню гэтага цёплага і светлага дому – спадарыню Дзіяну Стахновіч, а таксама і вас, дарагія вучні і настаўнікі, высокія прадстаўнікі літоўскай дзяржавы!
Для мяне вялікі гонар павітаць вас у мурах сапраўды вялікай установы, у якой выхавалася эліта не толькі Беларусі, але і іншых сусветных нацый.
Выпускнікі гімназіі, з-за таго што Беларусь доўгі час была паняволеным краем, не маглі рэалізавацца на Бацькаўшчыне, таму склалі гонар іншых народаў.
І гэта добра – захоўваючы сваё, служачы свайму, будучы гордым дзіцём сваёй Радзімы – служыць усёй чалавечай сям’і народаў.
І сёння я хацела б звярнуцца да вас, шаноўныя выпускнікі.
Куды б вас ні закінуў лёс, як бы ні склалася жыццё – памятайце пра сваю краіну, не губляйце сувязі з Беларуссю, захоўвайце нашу мову і беражыце нашу культуру.
Сёння Беларусь зноў паняволеная. Але так не будзе заўжды. Гісторыя нашага народу – таму сведчанне. Нават у самых складаных умовах, пасля няўдалых спробаў, мы не апускалі рук, а шукалі новыя спробы дамагчыся нашых мэтаў.
І я веру, шаноўныя выпускнікі, што вашыя веды, ваш вопыт і сувязі, энергія і крэатыў – дапамогуць вярнуць і адрадзіць нашу Беларусь.
Я хачу падзякаваць выкладчыкам і кіраўніцтву гімназіі за вашую працу і цярплівасць. За тое, што зберагаеце традыцыі. І асабліва я радая бачыць шаноўную Галіну Сівалаву – першую дырэктарку школы. Для мяне вялікі гонар з вамі пазнаёміцца!
Сёння, як ніколі, Віленская гімназія імя Францыска Скарыны важная для ўмацавання беларуска-літоўскага сяброўства.
Сотні дзяцей, якія вымушана пераехалі ў Літву пасля 2020, атрымалі магчымасць тут працягваць навучанне, вывучаць літоўскую мову, гісторыю, інтэгравацца ў літоўскае грамадства.
І гэта не было б магчыма без падтрымкі літоўскай дзяржавы, якая прыняла дзясяткі тысячаў беларусаў, а таксама падтрымлівае працу Віленскай гімназіі. Aciu!
І я ўпэўненая, што з вашай падтрымкай, падтрымкай Літвы, гімназія будзе развівацца, пашырацца, і прымаць больш дзяцей розных узростаў.
Падтрымка гімназіі – гэта не дабрачыннасць – гэта інвестыцыя ў свабодную Беларусь і дружныя адносіны паміж нашымі народамі. Я не сумняваюся, што дзеці гэтай альма-матар прынясуць вялікую службу людзям.
Дарагія выпускнікі!
Яшчэ раз віншую вас з заканчэннем навучання. Пачынаецца новы этап у вашым жыцці.
Зычу вам такога доўгага, плённага жыцця, якое пражыў Барыс Кіт (амаль 108 год), крэатыўнасці і фантазіі Язэпа Драздовіча, вернасці і шляхетнасці Браніслава Тарашкевіча.
Не бойцеся выпрабаванняў. Стаўце сабе высокую планку. Будзьце смелыя. Спрабуйце новае і шануйце сваё!
Жыве Беларусь!»