• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прамова Святланы Ціханоўскай пры падпісанні Мемарандума аб паразуменні з ЕЭСК (EESC)

    19 чэрвеня, 2025

    Спадар старшыня Ропке,
    Паважаныя члены Еўрапейскага эканамічна-сацыяльнага камітэта,
    Дарагія сябры!

    Дзякую Вам, спадар старшыня, за Вашыя моцныя словы, за шматгадовую працу і нязменную падтрымку Беларусі, Украіны, дэмакратыі, а таксама за моцную, аб’яднаную і квітнеючую Еўропу.

    Я хачу падзякаваць ЕЭСК за ўсе Вашыя заявы, рэзалюцыі і ініцыятывы, прысвечаныя Беларусі. І калі мы кажам «дзякуй», гэта не проста фармальнасць — мы кажам гэта шчыра. 

    Я бачу ў гэтай зале шмат сяброў — тых, хто працаваў з беларускімі журналістамі, падтрымліваў нашыя прафсаюзы і сумленны бізнес, прымаў беларусаў, што ўцякалі ад рэпрэсіяў. Дзякуй вам.

    Асобная падзяка Польшчы і Літве — вашая падтрымка была неймавернай. Нават калі рэжым Лукашэнкі адказвае правакацыямі і ціскам на вашых межах, вы застаяцеся моцнымі. І мы шчыра ўдзячныя вам за гэта.

    Я заклікаю ўсіх вас — не ўспрымайце падтрымку Беларусі як дабрачыннасць. Гэта стратэгічная інвестыцыя. Інвестыцыя ў бяспеку. Інвестыцыя ў дэмакратыю. Інвестыцыя ў будучае партнёрства.

    Сёння ў ЕС жыве больш за пяцьсот тысячаў беларусаў. Яны працуюць. Яны плацяць падаткі. Яны будуюць супольнасці. Яны штодня ўносяць свой уклад.

    У той час як дзевяць мільёнаў беларусаў, што знаходзяцца ў закладніках жорсткай дыктатуры, могуць толькі марыць пра еўрапейскую будучыню.

    Нелегітымны Лукашэнка працягвае трымацца за ўладу. Ён развязаў тэрор супраць уласнага народа. Ён уцягнуў Беларусь у вайну Расіі. Ён прадае наш суверэнітэт Пуціну ў абмен на палітычнае выжыванне.

    Але гэта не значыць, што беларусы здаліся. Мы працягваем супраціў — часам ціха, у падполлі. На радзіме і ў выгнанні. І мы рыхтуемся. Бо мы ведаем: акно магчымасцяў адкрыецца зноў. І калі гэта адбудзецца, мы мусім быць гатовыя.

    У гэты момант будзе два шляхі:
    альбо Беларусь павернецца да Еўропы,
    альбо яна апынецца пад поўным кантролем Расіі.

    Для мяне выбар відавочны: толькі як частка Еўрапейскага Саюза Беларусь зможа стаць дэмакратычнай, незалежнай і паспяховай краінай, дзе паважаюцца правы чалавека і дзе кожны голас мае значэнне.

    Для нас Еўропа — гэта не проста мэта, а адзіная рэальная альтэрнатыва «рускаму свету». Таму нам патрэбна больш Еўропы ў Беларусі — і больш Беларусі ў Еўропе.

    Занадта часта маю краіну ўспрымаюць як дадатак да Расіі. Але гэта сур’ёзная памылка. Беларусы — гэта глыбока еўрапейскі народ, мірны, крэатыўны і працавіты. І як народ мы гатовыя ўнесці свой уклад у будучыню Еўропы.


    Менавіта таму супрацоўніцтва з ЕЭСК мае вырашальнае значэнне. Сёння мы падпісваем Мемарандум аб паразуменні паміж ЕЭСК і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

    Гэта больш, чым сімвал — гэта абяцанне. Абяцанне супрацоўніцтва. Абяцанне салідарнасці. Пасланне ўсім беларусам: вы не адны. Вы — частка Еўропы.

    Гэта таксама падрыхтоўка да еўрапейскай будучыні Беларусі. Мы не мусім чакаць, пакуль рэжым разваліцца. Разам з ЕЭСК мы ўжо можам пачаць распрацоўваць заканадаўства і этап пераходу.

    Еўракамісія выдзеліла 3 мільярды еўра на падтрымку рэформаў у будучай дэмакратычнай Беларусі. Давайце разам падумаем, як эфектыўна выкарыстаць гэтую падтрымку.

    Мы ўжо можам пачаць ствараць інвестыцыйныя планы для перыяду пасля пераходу, каб Беларусь хутка інтэгравалася ў еўрапейскую эканоміку.

    Гэты мемарандум таксама ўмацоўвае дэмакратычныя сілы Беларусі. Так, мы не валодаем фармальнай уладай або тэрыторыяй. Але мы маем людзей — а людзі — гэта найкаштоўнейшы рэсурс.

    І я прапаную засяродзіць нашае супрацоўніцтва на найбольш уразлівых групах:

    Па-першае. Грамадзянская супольнасць.
    Нягледзячы на рэпрэсіі, многія арганізацыі працягваюць працу — унутры краіны і ў выгнанні. Мы можам стварыць трывалыя партнёрствы паміж еўрапейскімі і беларускімі арганізацыямі. Давайце прасоўваць еўрапейскія каштоўнасці — свабоду, інклюзію, роўнасць — на ўсіх узроўнях нашага грамадства.

    Па-другое. Давайце падтрымаем беларускіх рабочых.
    Яны былі ў цэнтры нашага паўстання 2020 года. Сёння ўсе незалежныя прафсаюзы разгромленыя, іх лідары былі вымушаныя з’ехаць. Але дух салідарнасці застаўся. Давайце разам абаронім правы рабочых.

    Па-трэцяе. Давайце падтрымліваць сумленны беларускі бізнес.
    Сотні нашых прадпрымальнікаў ужо працуюць у ЕС. Яны арганізаваныя, дасведчаныя і гатовыя ўкладацца. Давайце падключым іх да сетак, навучання і інвестыцыяў.

    Па-чацвёртае. Незалежныя СМІ.
    Нашыя журналісты штодня вядуць інфармацыйную вайну.
    Яны прарываюцца праз расійскую прапаганду і даносяць праўду за жалезную заслону. Яны ўмацоўваюць устойлівасць і еўрапейскія каштоўнасці.

    І, нарэшце, мы павінны гаварыць пра тых, хто плаціць найвышэйшую цану за свабоду — пра палітвязняў. Сёння за кратамі знаходзяцца больш за 1200 чалавек.

    Яшчэ больш людзей прымусілі замаўчаць. Некаторыя памерлі ў турмах, іншыя — пасля вызвалення. Іншыя, як мой муж Сяргей Ціханоўскі, знаходзяцца ў адзіночным зняволенні. Мы не маем ад яго ніякіх вестак ужо больш за два гады. Я нават не ведаю, ці жывы ён.

    Мы патрабуем іх безумоўнага вызвалення. Рэпрэсіі павінны скончыцца. І мы вітаем усе намаганні — публічныя і непублічныя — нашых партнёраў дзеля іх свабоды.

    Так, санкцыі — не панацэя. Але яны ствараюць рычагі ўздзеяння. Яны аказваюць ціск на рэжым. І мы спадзяёмся, што з узмацненнем ціску больш людзей хутка атрымаюць волю.

    Кожны вязень, які вяртаецца дадому — гэта маленькая перамога справядлівасці і вялікі крок да свабоды.

    Дарагія сябры,

    Сёння я тут не адна, а з двума асаблівымі гасцямі: Максімам Пазняковым і Андрэем Гнётам.

    Максім шмат гадоў абараняў правы беларускіх працоўных, а цяпер стаў голасам беларускага рабочага руху на міжнароднай арэне.

    І, вядома, Андрэй — наш рэжысёр і змагар за свабоду, які падвергнуўся рэпрэсіям і пераследу праз Інтэрпол. Магчыма, ён не быў бы вызвалены без падтрымкі ЕЭСК. Дзякуй вам за гэта.

    Андрэй можа расказаць больш пра транснацыянальныя рэпрэсіі, пра тое, як рэжым пераследуе людзей за мяжой, і як мы можам разам супрацьстаяць гэтаму.

    Спадар старшыня Ропке, члены Камітэта, дарагія сябры!

    Дыктатуры здаюцца непахіснымі — пакуль раптам не рушацца.
    Мы бачылі гэта з Берлінскай сцяной. Мы бачылі гэта, калі распаўся Савецкі Саюз. Мы бачылі гэта ў Сірыі. І, магчыма, хутка ўбачым гэта ў Іране.

    Таму мы заўсёды павінны быць гатовыя скарыстацца момантам. Але магчымасці не ўзнікаюць самі па сабе — іх трэба ствараць.

    І гэта мой зварот да вас сёння:

    Давайце не ўспрымаць беларусаў як праблему — давайце ўспрымаць нас як партнёраў. Як саюзнікаў. Мы гатовыя ўкладацца, супрацоўнічаць, адбудоўваць.

    Алесь Бяляцкі, наш лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, цяпер — палітвязень, аднойчы напісаў:

    «Мы хочам пабудаваць нашае грамадства больш гарманічным, справядлівым і чулым да патрэбаў сваіх сыноў і дачок. Дасягнуць незалежнай, дэмакратычнай Беларусі, свабоднай ад замежнага прыгнёту».

    Зрабіць Беларусь «краінай для жыцця» — вось за што мы змагаемся. Справядлівае, інклюзіўнае і дэмакратычнае грамадства, дзе кожны можа вольна гаварыць, працаваць, тварыць і жыць.

    І гэта не толькі барацьба беларусаў. Гэта барацьба ўсёй еўрапейскай супольнасці.

    Давайце пакажам свету, што словы «свабода», «салідарнасць» і «справядлівасць» — гэта не проста ідэалы, а абавязкі. Давайце зробім так, каб Беларусь больш не называлі «апошняй дыктатурай Еўропы», а прызналі яе наступнай вялікай дэмакратыяй.

    Слава Украіне. Жыве Беларусь! Жыве Еўропа!

    Апошнія навіны