• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Мы не маем права падвесці ўсіх, хто ў турмах», – Святлана Ціханоўская адкрыла другі дзень Канферэнцыі «Новая Беларусь 2024»

    04 жніўня, 2024

    Падчас уступнай прамовы беларуская лідарка анансавала, што ў нядзелю на канферэнцыі абмяркуюць шляхі падтрымкі палітвязняў, узмацненне міжнароднай падтрымкі Беларусі, а таксама ініцыятывы па дапамозе рэпрэсаваным беларусам. Ціханоўская заклікала да адзінства і актыўных дзеянняў, каб працягваць барацьбу за свабоду і дэмакратыю. Асаблівую ўвагу яна надала падтрымцы палітвязняў і іх сем’яў, а таксама міжнароднаму супрацоўніцтву ў гэтай справе.

    «Дарагія сябры, паплечнікі, аднадумцы, журналісты, гледачы!

    Вітаю вас на Другім Дні Канферэнцыі «Новая Беларусь 2024», і тых хто ў зале, і тых, хто далучаецца анлайн. 

    Ведаю, што нас глядзіць і шмат людзей з Беларусі. 

    Учора вечарам мне напісала адна з глядачак з невялікага мястэчка, і папрасіла перадаць удзельнікам канферэнцыі наступныя словы: «Я гляджу на вас усіх з болем і радасцю. Вы, мае мілыя і дарагія, наша надзея, надзея тых, хто працягвае барацьбу ўнутры краіны. Вы даяце надзею, што ўсё недарэмна. Але прашу вас: пераставайце ныць і скардзіцца. Гэтым бурчаннем, вы дэматывуеце і сябе, і ўсіх нас, хто ўнутры краіны. Мы не здаліся і не змірыліся, не трэба казаць, што ў Беларусі нічога не робіцца. Мы робім больш чым, вы можаце сабе ўявіць. У нас тут няма голасу. Будзьце нашым голасам».

    Такая вось зваротная сувязь. І я думаю, што гэтая жанчына мае рацыю. Мы не маем права падвесці ўсіх тых, хто на нас разлічвае. 

    Мы не маем права сказаць: «Усё, у нас не атрымалася, разыходзімся». Бо гэта не толькі адкіне нас назад па шляху да пераменаў. Гэта і перакрэсліць усю тую вялікую справу, якая была зробленая вялікім коштам і высілкамі.

    Мы таксама не маем права падвесці і ўсіх тых, хто ў турмах. Мы павінны змагацца за іх вызваленне кожны дзень. 

    Палітвязні – гэта наш агульны боль. Маё сэрца разрываецца, калі слухаю іх гісторыі. 

    Мне хочацца абняць кожнага: сыноў праваабаронцы Паліны Шарэнды-Панасюк, якую мусілі вызваліць, але катуюць. 

    Дзетак актывісткі Антаніны Канавалавай, якая знаходзіцца за кратамі разам з мужам. 

    Маму праваабаронцы Насты Лойкі, у якой нікога няма апроч дачкі. 

    Тэма палітвязняў гучыць на кожнай маёй сустрэчы і ў кожным выступе. Мы праводзім і непублічныя сустрэчы, і вялікія канферэнцыі, дзе на самым высокім узроўні абмяркоўваем, як выцягнуць людзей з турмаў і як дапамагчы іх сем’ям. 

    Вялікую працу робяць беларускія праваабаронцы. Падымаюць пытанне палітвязняў у ААН і міжнародных арганізацыях. Ініцыятывы дастаўляюць дапамогу тым хто ў Беларусі.

    Два месяцы таму Крысціна Шыянок і Офіс дэмакратычных сілаў у Празе правялілі міжнародны кангрэс па беларускіх палітвязнях, разам з Амбасадай ЗША. Мы абмяркоўвалі спосабы вызвалення людзей з турмаў.

    Пры падтрымцы Нарвегіі і Швецыі мы запусцілі міжнародным гуманітарны фонд падтрымкі рэпрэсаваных, і сёння адбудзецца яго прэзентацыя. Важна, каб кожны разумеў, для чаго ён створаны? Як дапаможа беларусам? І хто зможа разлічваць на падтрымку?

    Я спадзяюся, у гэтым годзе будзе паўтораны марафон у падтрымку палітвязняў, і дзякую медыя, якія гэтую ідэю падтрымалі. 

    Вітаю ініцыятыву нашай дыяспары  правесці глабальную эстафету салідарнасці. Гэта дапаможа нам выбудаваць новыя сувязі з міжнароднымі партнёрамі, а таксама нагадае нам, беларусам, як мы любім і ганарымся сваёй спадчынай.

    Таму, як змабілізаваць міжнародную падтрымку для Беларусі, а таксама падтрымаць беларусаў у выгнанні, а таксама ініцыятывы – будзе прысвечаная адна з дыскусіяў сёння. Самае важнае, каб мы дзейнічалі як адна супольнасць, і дапамагалі адно аднаму. 

    А пачнём мы з размовы пра беларускіх добраахвотнікаў і ветэранаў, як іх падтрымаць. І Вадзім Кабанчук, які ўчора далучыўся да Кабінета, будзе цэнтральнай асобай у гэтай працы.

    Я радая, што да дыскусіі далучыцца вялікі сябра Беларусі, пасол па асаблівых даручэннях Ігар Кізім. Тое, што афіцыйны прадстаўнік Украіны, бярэ ўдзел у нашай канферэнцыі, паказвае, што з боку Украіны ёсць інтарэс будаваць дружныя адносіны і з беларусамі. Мы ўсё часцей чуем ад украінскіх палітыкаў і ў прыватнасці ад прэзідэнта Зяленскага, пра Беларусь. Я радая, што Украіна адрознівае рэжым і беларускі народ. 

    Сёння мы таксама абмяркуем сітуацыю ў Каардынацыйнай радзе, як яе ўзмацніць, і як зрабіць яе працу карыснай. 

     Я хачу падзякаваць усім дэлегатам і дэлегаткам, кожнай фракцыі за тое, што ўзялі на сябе вялікую адказнасць і рызыку. Вы сапраўдныя героі. 

    Я радая, што ўчора мы падпісалі пратакол узаемадзеяння паміж асноўнымі структурамі дэмакратычных сілаў. Гэта зробіць нашую працу зладжанай, скаардынаванай і больш эфектыўнай.

    Дарагія сябры,

    Давайце скарыстаем гэты час на Канферэнцыі, каб знайсці новыя ідэі, пабудаваць кантакты, і натхніць адно аднаго ў рэшце рэшт. Зычу нам усім плённага дня. 

    А цяпер да працы!

    Жыве Беларусь!

    Я тут, я з вамі, дарагія, можаце смела прыходзіць на Размовы са мной – гэты фармат адмыслова створаны для вас. Для зваротнай сувязі з людзьмі. Я з цікавасцю выслухаю вашую канструктыўную крытыку, ідэі, прапановы дапамогі і супрацоўніцтва. А таксама абавязкова вылучу час, калі вы проста хочаце падзяліцца сваімі дасягненнямі і радасцямі. Альбо падтрымаць мяне і нашу каманду. Так, мне таксама гэта патрэбна. Як усім нам. Я заўжды імкнуся быць памежна шчырай, наколькі гэта магчыма, каб не парушыць бяспеку іншых. Вы ведаеце, што я заўжды гаварыла і гавару максімальна адкрыта. Бо мне асабіста няма чаго хаваць. 

    Дакладна адно – мы чуем людзей, мы не закрытыя, мы гатовыя да дыялогу. Я – гатовая.

    Мы, увогуле, у адрозненні ад сістэмы Лукашэнкі, здольныя слухаць і чуць.

    За апошні год я сустрэлася і пачула тысячы беларусаў і беларусак. Мне здаецца, вельмі важна знаходзіць час на людзей, нягледзячы на шматлікія паездкі, сустрэчы, недасып. Бо, па сутнасці, беларусы – і ёсць самае важнае для мяне, менавіта дзеля іх будучыні працую і я, і мая каманда, і многія іншыя нашыя аднадумцы і паплечнікі і ў Беларусі, і за мяжой, і ў парламентах іншых сяброўскіх нам краінаў.

    Хачу падзяліцца з вамі адным усведамленнем, што саспявала ўва мне даўно.

    Думаю, няма такога актыўнага беларускага незалежнага палітыка, дзеяча, ды нават актывіста, з якога перыядычна (і нават рэгулярна) настойліва не просяць справаздачу. Ды што душой крывіць, часам абсалютна незнаёмыя людзі папросту патрабуюць адсправаздачыцца ім, прычым тэрмінова. Альбо выказваюць прэтэнзію, якую тут і цяпер трэба, паводле іх разумення, «загладзіць». Здаралася ў вас такое? У мяне – рэгулярна. 

    «Света, чаму ты яшчэ не зруйнавала рэжым Лукашэнкі?! Нешта вельмі павольна…» – перыядычна такія паведамленні я атрымліваю ў прыват. А пры асабістых сустрэчах фармулююць больш, як людзям здаецца, па-чалавечы, напрыклад: «Ну, што, калі мы пераможам? Праз колькі вернемся дадому?!» 

    Сябры… Вось нядаўна быў здзейснены замах на жыццё Паўла Латушкі. Мне і сябрам маёй каманды прыходзяць пагрозы рэгулярна. Ды што нам – нашым дзецям. І  пры гэтым – мы працягваем сваю справу. Папросту таму, што адчуваеш гэта сваім абавязкам. І гэта мой адказ на тое, хто каму і што павінен.

    Для мяне асабіста, для Кабінета і іншых дэмсілаў Беларусі былі і застаюцца прыярытэтам – падтрымка рэпрэсаваных, прыцягненне вінаватых за злачынствы перад беларускім народам да адказнасці, дапамога беларусам у выгнанні, умацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, інфармацыйна-асветніцкая праца і абарона незалежнасці Беларусі.

    Вельмі спадзяюся, што Вы пачуеце мяне.»

    Апошнія навіны