Святлана Ціханоўская працягвае працоўны візіт у Італію. Сёння ў Мілане яна адкрыла цырымонію ўручэння прэміі Сахарава – прэстыжнай узнагароды, якую дэмакратычныя сілы Беларусі атрымалі ў 2020 годзе.
Прэмія, якую Еўрапейскі парламент уручае з 1988 года, не толькі асвятляе і падкрэслівае значны ўнёсак актывістаў і арганізацыяў у барацьбу за свабоду думкі, але і прыцягвае міжнародную ўвагу да рэпрэсіяў, несвабоды і праблемаў з правамі чалавека па свеце.
Лідарка прысвяціла выступ беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў, а таксама катастрафічным наступствам, да якіх свет штурхае прапаганда.
«Памятаю, як разам з беларускімі сябрамі атрымлівала прэмію Сахарава ў Еўрапейскім парламенце. Гэты жэст падтрымкі беларусаў выпаў на вельмі цяжкі момант, калі рэпрэсіі супраць нашага народа сталі асабліва бязлітаснымі. І гэтая прэмія натхніла нас працягваць, змагацца. Упэўненая, яна аказвае такі ж уплыў на ўсіх лаўрэатаў. Яна паказвае – яны не самі па сабе».
«Рэжым спрабуе заглушыць праўду гвалтам і ізаляцыяй. За кратамі застаюцца больш за 1200 палітвязняў. Адзін з іх – Алесь Бяляцкі, лаўрэат прэміі Сахарава і Нобелеўскай прэміі міру. Яму прысудзілі дзесяць год турмы. Валянцін Стэфановіч, Марфа Рабкова, Уладзімір Лабковіч і Андрэй Чапюк таксама атрымалі велізарныя тэрміны. Дыктатар хоча зламаць іх, не даць праўдзе ўбачыць свет. Але схаваць праўду за турэмнымі мурамі немагчыма».
«Каб змагацца з праўдай, тыраны ствараюць уласную версію рэальнасці. Там «Вайна – гэта мір, свабода – гэта рабства, невуцтва – гэта сіла». Усё па Оруэлу! Яны выкарыстоўваюць прапаганду, каб пасеяць сумневы; фальшывыя навіны, каб стварыць хаос. Яны шыраць страх, каб зрабіць нас пасіўнымі. Давайце не забываць, што свабода слова – гэта не толькі права, але і абавязак. Бо калі мы страцім праўду – мы страцім дэмакратыю».