• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Прэс-брыфінг Святланы Ціханоўскай: праца над ціскам на рэжым, новыя санкцыі і пазіцыя перад сустрэчай Байдэна і Пуціна

    16 чэрвеня, 2021

    «Я раскажу вынікі працы каманды за апошнія дні. У панядзелак, 14 чэрвеня, я выступіла ў Камітэце па замежных справах парламента Даніі: расказала пра катаванні ў турмах, атаку на TUT.BY і захоп самалёта. Я заклікала Данію дапамагчы сем'ям рэпрэсаваных, рабочым, журналістам, блогерам і праваабаронцам і ўвесці санкцыі.

    Мы бачым, што спрацоўвае нават само чаканне санкцый – рэжым спрабуе апраўдаць свае дзеянні, прымусіць палітвязняў пісаць прашэнні аб «памілаванні», спадзеючыся, што Еўропа адступіць. Але гандаль людзьмі недапушчальны – усе палітвязні павінны быць вызваленыя і цалкам рэабілітаваныя. Мы настойваем, гэта павінна стаць умовай прыпынення санкцый. І мы ведаем, што індывідуальныя і сектаральныя санкцыі ЕС будуць абвешчаныя на наступным тыдні.

    У панядзелак я сустрэлася з дэпутатамі парламента Францыі, якія прыбылі ў Вільню з місіяй па беларускім пытанні. З імі мы абмеркавалі арганізацыю канферэнцыі высокага ўзроўня па вырашэнні крызісу ў Беларусі, якую ўжо падтрымалі ЗША, Аўстрыя і іншыя краіны ЕС.

    Заўчора ўслед за з Ангелай Меркель, а таксама двума кандыдатамі на пасаду канцлера Германіі, я выступіла на глабальным медыя-форуме, арганізаваным Deutsche Welle. Зараз прафесія журналіста – адна з самых небяспечных у Беларусі, таму я заклікала падтрымаць партал TUT.by, які наведвала больш за тры мільёны ўнікальных карыстальнікаў у месяц.

    На днях у Вільні адкрылася выстава плакатаў беларускага мастака і дызайнера Уладзіміра Цэслера, а таксама праекта «Мяжа», – пра беларусаў, якім давялося выехаць з краіны пасля гвалту і пераследаў. Усе гэтыя працы выстаўленыя на тэрыторыі былой Лукішскай турмы, якая сумна вядомая ў нашай гісторыі – пры розных уладах тут сядзелі такія знакамітыя беларусы, як Францішак Аляхновіч, Максім Гарэцкі, Максім Танк, Браніслаў Тарашкевіч, Барыс Кіт і Адам Станкевіч. Разам з прэм'ер-міністаркай Літвы Інгрыдай Шыманітэ мы прайшлі па будынку турмы – і кожны калідор, кожная камера болем адгукнулася ў сэрцы. Бо ў дакладна такіх жа ўмовах зараз знаходзіцца мой муж і тысячы нявінных беларусаў.

    Пра гэта я распавяла і ўчора, калі выступала ў Камітэце па замежных справах парламента Вялікабрытаніі на слуханнях па Беларусі. Сенатары задавалі шмат пытанняў і вельмі цікавіліся тым, што адбываецца ў нашай краіне. Яны пыталіся пра тое, чым Вялікабрытанія можа дапамагчы нашай краіне, пыталіся пра Расію – я адказала, што расіяне падтрымліваюць нас, беларусаў, але Крэмль вырашыў падтрымаць Лукашэнку – а значыць аплачваць катаванні над беларусамі.

    Парламентарыі таксама задавалі пытанні пра Рамана Пратасевіча і бяспеку пасля захопу самалёта, на што я адказала, што не адчуваю сябе бяспечна з таго самага моманту, калі падала заяву ў ЦВК. Але гэта ўсё адно – у параўнанні з той небяспекай, у якой знаходзяцца палітвязні і закладнікі. Таму зараз мы павінны зрабіць усё, каб вызваліць іх усіх.

    Сёння адбудзецца сустрэча Байдэна з Пуціным, і перад ёй я перадала адміністрацыі Байдэна нашу пазіцыю. Яна складаецца з 5 галоўных пастулатаў: 1. Лукашэнка – нелегітымны і павінен сысці, 2. выбары прэзідэнта Беларусі павінны прайсці ў 2021 годзе, 3. пратэст у нашай краіне – не геапалітычны, 4. замест падтрымкі рэжыму Расія яшчэ можа стаць часткай вырашэння крызісу ў Беларусі, 5. незалежнасць і суверэнітэт Беларусі не могуць быць прадметам гандлю».

    Апошнія навіны