Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што датычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам пра навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўных ведамстваў што да рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія падаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванню сістэмы адукацыі.
У нас з’явіўся сайт www.asvetaby.org, на якім можна знайсці ўсе выпускі дайджэста «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Спампаваць дайджэст па пытаннях адукацыі і навукі магчыма па спасылцы.
- Міжнародныя магчымасці
– Дарагія чытачы! Звяртаем Вашу ўвагу, што ў асобным дадатку Падтрымка на 2023 год прадстаўлены вялікі агляд актуальных міжнародных магчымасцяў на цэлы год наперад.
– Фонд Фрыдрыха Эберта прапануе стыпендыі на навучанне па праграмах магістратуры ў летнім семестры 2024 г. Студэнты будуць атрымліваць штомесячную стыпендыю ў памеры ад 830 да 850 еўра ў залежнасці ад праграмы навучання. Таксама пакрываюцца выдаткі на медыцынскае страхаванне, студэнты з дзецьмі змогуць атрымаць сямейную дапамогу ў памеры 276 еўра. Адным з крытэраў адбору з'яўляецца веданне англійскай і нямецкай моў. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 31 траўня.
– Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта прапануе стыпендыі для навучання на 2-х гадавой магістарскай праграме, прысвечанай гісторыі і сучаснасці краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Расіі і ўсёй посткамуністычнай прасторы. У межах праграмы разглядаюцца пытанні гісторыі, нацыянальнай культуры, асноўных тэндэнцый палітычнага развіцця рэгіёна, а таксама мастацтва, літаратуры, сацыялогіі, геаграфіі, дэмаграфіі, юрыспрудэнцыі, эканомікі ды інш. Стыпендыя ў памеры 3000 еўра ў год пакрывае кошт навучання, а таксама кошт курсаў польскай мовы (2 семестры). Акрамя таго, студэнты будуць атрымліваць штомесячныя выплаты ў памеры 1500 злотых для пакрыцця выдаткаў на пражыванне. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 10 красавіка.
– Міжнародны Вышаградскі фонд прапануе стыпендыі для студэнтаў усіх узроўняў навучання ва ўніверсітэтах краін Вышаградскай групы (Чэхія, Венгрыя, Польшча, Славакія). Стыпендыя пакрывае кошт навучання ў памеры 1500 эўра за семестр, а таксама прапануе студэнтам фінансавую падтрымку ў памеры 2500 эўра ў семестр. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 красавіка.
– Урад Славацкай Рэспублікі ў межах нацыянальнай стыпендыяльнай праграмы для замежных студэнтаў усіх узроўняў навучання прапануе штомесячныя стыпендыі тэрмінам да 10 месяцаў для навучання ці ўдзелу ў навуковых даследаваннях у акадэмічных установах Славакіі. Памер стыпендыі для студэнтаў складае 400 еўра, для аспірантаў, выкладчыкаў, мастакоў і артыстаў ад 734 да 1050 еўра (у залежнасці ад вучонай ступені). Апошні тэрмін падачы – 30 красавіка.
– Цэнтр перспектыўных даследаванняў у Сафіі (CAS Sofia) прапануе стыпендыі ім. Герды Хенкель для даследчыкаў у сферы сацыяльных і гуманітарных навук, якія маюць доктарскую ступень, а таксама міжнародны даследчы вопыт (удзел у праектах і рэцэнзуемых канферэнцыях). Працягласць стажыроўкі – да 5 месяцаў. Стыпендыятам прадастаўляецца: стыпендыя ў памеры 850 еўра (абкладаецца падаткам у памеры 10 адсоткаў) для пакрыцця расходаў, звязаных са знаходжаннем у Сафіі; размяшчэнне ў Сафіі, уключчна з жыллём і працоўнай прасторай; праезд з краіны пражывання ў Сафію і назад, выдаткі на візу і страхоўку (да 800 еўра); аднаразовая дапамога на паездку за мяжу з навуковымі мэтамі ў перыяд стажыроўкі (да 1200 еўра); выдаткі на даследаванні (100 еўра ў месяц). Стыпендыяты таксама будуць мець бясплатны доступ да бібліятэкі, электронных рэсурсаў і баз даных Цэнтра. Апошні тэрмін падачы заяўкі — 31 сакавіка 2023 года.
– У межах сумеснай праграмы вядучых акадэмічных устаноў ЕС і ЗША, разам з Інстытутам Макса Планка, Тэхнічным ўніверсітэтам Мюнхена, Аўгсбургскім ўніверсітэтам, студэнтам, у якіх ужо ёсць ступень бакалаўра і якія жадаюць працягнуць адукацыю па юрыдычнай спецыяльнасці, прапануецца стыпендыя MIPLC. У межах стыпендыяльнай праграмы пакрываецца кошт навучання ў памеры 32.850 еўра. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 30 красавіка.
– Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў (CEES) Цюрыхскага ўніверсітэта прапануе стыпендыі для даследчыкаў у сферы сацыяльных і гуманітарных навук па тэмах, якія адносяцца да Расіі і краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі. Стыпендыя выдаецца на 1 семестр і пакрывае пражыванне на працягу 4 месяцаў, выдаткі на праезд, медыцынскую страхоўку, візавую падтрымку. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 красавіка 2023 года.
– Інстытут перадавых даследаванняў у Тампэрэ ў Фінляндыі (Tampere IAS) абвесціў конкурс на двух- і трохгадовыя даследчыя пазіцыі (постдок, старшы навуковы супрацоўнік) у наступных тэматычных сферах: тэхналогіі, здароўе, грамадства. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 6 сакавіка 2023 года.
– Даследчая група Game Studies ва Універсітэце Інсбрука прапануе тры стыпендыі тэрмінам на 1 месяц (з 1 па 30 чэрвеня) для аспірантаў і постдокаў на правядзенне ўласных даследаванняў, прысвечаным праблеме выкарыстання відэагульняў у такіх сферах, як педагогіка, філасофія, гісторыя, культуралогія ды інш. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 сакавіка 2023 года.
– Форум Эйнштэйна і Фонд Вітэнштэйна прапануюць стыпендыі для замежных студэнтаў, якія жадаюць праводзіць даследаванні ў сферы гуманітарных, сацыяльных або прыродазнаўчых навук. Стыпендыяты будуць жыць у летнім доме Альберта Эйнштэйна ў Капуце (Германія) на працягу 5-6 месяцаў і атрымаюць грант у памеры 10 000 еўра. Патрабаванні да суіскальнікаў: узрост да 35 гадоў, дыплом аб вышэйшай адукацыі ў сферы гуманітарных, сацыяльных або прыродазнаўчых навук, прапанова міждысцыплінарнага праекта, які не звязаны з папярэднімі даследаваннямі, добрае валоданне англійскай мовай. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 траўня 2023.
– Патсдамскі ўніверсітэт у межах праграмы падтрымкі маладых вучоных, якім пагражае небяспека ў сваёй краіне, прапануе штомесячную стыпендыю для вучоных-аспірантаў у памеры 1500 еўра працягласцю ад 12 да 30 месяцаў. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 сакавіка 2023 г.
– У лютым 2023 г. фонд «Ратары» (The Rotary Foundation) адкрыў конкурс на ўдзел у праграме «Rotary Peace Fellowship» на 2024-2025 гг. для атрымання ступені магістра ў сферы вывучэння свету і развіцця ў шасці вядучых універсітэтах свету. Стыпендыя пакрывае пражыванне і харчаванне, транспартныя выдаткі, медыцынскае страхаванне, розныя выдаткі на навучанне ды інш. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 мая 2023 года.
– Гарвардскі ўніверсітэт прапануе стыпендыю, якая пакрывае 75% ад кошту навучання ў межах праграмы «The Harvard MBA», а таксама выдаткі на праезд і пражыванне. Кандыдаты могуць падаць заяўку на атрыманне стыпендыі толькі пасля атрымання прапановы па залічэнні на праграму «The Harvard MBA». Апошні тэрмін падачы заяўкі – 31 траўня 2023.
– Міжнародная летняя школа (ISS) у Інстытуце малекулярнай біялогіі (Майнц, Германія) запрашае студэнтаў і магістрантаў, якія навучаюцца ў сферы малекулярнай біялогіі, узяць удзел у 6-тыднёвай стажыроўцы, якая пройдзе з 17 ліпеня па 25 жніўня ў Майнцы. Праграма пакрывае выдаткі на навучанне, пражыванне, а таксама транспартныя выдаткі ад краіны пражывання да месца навучання. Тэрміны і патрабаванні да заяўкі будуць апублікаваныя ў бліжэйшы час, сачыце за абнаўленнем інфармацыі.
– Працягваецца прыём заявак на ўдзел у праграме падрыхтоўкі студэнтаў з Беларусі да паступлення ў амерыканскія ўніверсітэты для атрымання ступені магістра ці доктара (Graduate Students Advising Program). Бясплатны 5-месячны анлайн-курс з удзелам 10 трэнераў па 15 розных тэмах дае поўнае разуменне працэсу паступлення на праграмы магістратуры ці дактарантуры ў навучальныя ўстановы ЗША. Для адабраных удзельнікаў прадастаўляюцца дадатковыя магчымасці: бясплатны доступ на анлайн-платформы самападрыхтоўкі па англійскай мове (Kuder, Magoosh, Peterson's); магчымасць здаць бясплатна іспыт Duolingo; для найбольш актыўных удзельнікаў – бясплатная здача TOEFL, GRE, GMAT. Паспяховае завяршэнне Graduate Student Advising Program з'яўляецца адным з крытэраў заяўкі на праграму Opportunity, якая прадугледжвае фінансавую падтрымку ўрада ЗША для паступлення.
– Адкрыты прыём заявак на ўдзел у праграме Fulbright Teaching Excellence and Achievement (TEA) для настаўнікаў ды іншых спецыялістаў у сферы сярэдняй адукацыі. Гэта шасцітыднёвая праграма дазваляе павысіць кваліфікацыю на базе амерыканскай ВНУ і абмяняцца досведам з выкладчыкамі з ЗША. Прыняць удзел могуць браць выкладчыкі англійскай мовы, матэматыкі, прыродазнаўчых навук, замежнай мовы або грамадскіх навук, а таксама іншыя настаўнікі ды спецыялісты, якія працуюць у сферы адукацыі з дзецьмі школьнага ўзросту. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 3 красавіка. Для дадатковай інфармаці напішыце на эмэйл арганізатарам: belarus@americancouncils.org
- Грамадзянская супольнасць і адукацыя
– Адукацыйны праект «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» абвесціў конкурс на фінансавую падтрымку адукацыйных праектаў. Мэта конкурсу – распрацоўка, умацаванне жыццяздольнасці і даследаванне элементаў «новай адукацыі» (новыя метады і арганізацыйныя мадэлі) для беларускіх дзяцей, як унутры краіны, так і за яе межамі. Працягласць праекта павінна складаць ад 3 да 12 месяцаў, пачынацца ён павінен не раней за 01.05.2023. На адабраныя праекты будуць выдзелены гранты ў памеры ад 1 000 да 60 000 еўра, заяўкі прымаюцца з 2 лютага па 20 сакавіка 2023 г., адказ аб прыняцці або адхіленні заяўкі арганізатары абяцаюць даць да 20 красавіка 2023 г.
– 18 лютага ў Львове прайшоў міжнародны семінар «Дэкаланіяльны падыход у адукацыі і навуцы: выклікі і мэты ва ўмовах вайны», арганізаваны ЕГУ і Украінскім каталіцкім універсітэтам (УКУ) па ініцыятыве дарадцы Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяны Шчытцовай. Са сваімі паведамленнямі па досведзе дэкамунізацыі і дэкаланізацыі адукацыі ў Беларусі і Украіне выступілі навукоўцы з Беларусі, Украіны, Італіі і ЗША.
– «Віртуальны ўніверсітэт» запрашае на бясплатны анлайн-курс па гісторыі архітэктуры Беларусі дацэнта, кандыдата гістарычных навук Анатоля Сцебуракі. Аўтар курса прачытае чатыры навукова-папулярныя лекцыі, прысвечаныя старажытнай архітэктуры Беларусі, сярэднявечным храмам эпохі ВКЛ, магнацкім рэзідэнцыям і культавым збудаванням эпохі барока і асноўным тэндэнцыям развіцця архітэктуры Беларусі 1-й паловы ХХ стагоддзя.
– 13 лютага ў Вільні ЕГУ правёў інфармацыйную сустрэчу «па магчымасцях фінансавання стажыровак і супрацоўніцтве з даследчыкамі ў Германіі».
– Сустрэча была арганізавана па ініцыятыве дарадцы Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяны Шчытцовай. З прэзентацыямі выступілі прадстаўнікі Нямецкага даследчага фонду (Deutsche Forschungsgemeinschaft) і Цэнтра ўсходнееўрапейскіх і міжнародных даследаванняў (Zentrum für Osteuropa- und internationale Studien, (ZOiS). У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 50 беларускіх навукоўцаў. Удзельнікі даведаліся пра даследчыя праекты ў Германіі і магчымасці атрымання фінансавай падтрымкі для даследчай дзейнасці.
– Эксперт па адукацыі, былы супрацоўнік Міністэрства па адукацыі Сяргей Альшэўскі прааналізаваў дадзеныя міжнароднага даследавання PISA аб навучальных дасягненнях беларускіх вучняў у 2018 г. і параўнаў яго з падобным нацыянальным даследаваннем. Эксперт зрабіў выснову, што дзяржава маніпулятыўна выкарыстоўвала вынікі гэтых даследаванняў для стварэння прывабнага іміджу сістэмы сярэдняй адукацыі, нягледзячы на тое, што даследаванні выявілі істотныя праблемы беларускай сярэднеадукацыйнай школы.
- Рэпрэсіі
– Былога супрацоўніка Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Буцькаўца прыгаварылі да трох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання» (1 арт. 361-1 КК РБ). Падставай для абвінавачання стала тое, што Буцькавец адміністраваў суполку Укантакце «ЗА АДЗІНУЮ ДЗЯРЖМОВУ ў Беларусі!». Прысуд вынес суддзя Руслан Царук.
– У ліцэі БДУ адбываюцца прафілактычныя гутаркі з супрацоўнікамі, якія, паводле атрыманай адміністрацыяй ліцэя інфармацыі, маглі знаходзіцца на адным са жнівеньскіх маршаў 2020 г. Акрамя таго, як паведамляюць канфідэнцыйныя крыніцы выдання «Наша Ніва», абітурыентаў ліцэя плануецца юрыдычна абавязаць паступаць у БДУ пасля заканчэння ліцэя, г.зн. зрабіць паступленне ў ліцэй БДУ «мэтавым».
– Стала вядома, што палітвязень, філосаф Уладзімір Мацкевіч тры месяцы знаходзіўся ў памяшканні камернага тыпу па рашэнні адміністрацыі Шклоўскай калоніі №17. Больш за тое, цягам працяглага часу яму было адмоўлена ў магчымасці перапіскі і тэлефонных званкоў. 13 лютага па выніках суда Мацкевічу замянілі рэжым утрымання пад вартай на больш строгі: з калоніі яго перавялі ў магілёўскую турму №4.
– У Гомелі АМАП з ужываннем сілы затрымаў 21-гадовага студэнта-першакурсніка Аляксея Малахоўскага. У праўладным Тэлеграм-канале сілавікі апублікавалі відэа з юнаком, у якім яго вінавацяць у «рэабілітацыі ідэй фашысцкай Германіі, распальванні расавай, нацыянальнай і сацыяльнай варожасці», за што на яго заведзена крымінальная справа па адпаведных артыкулах Крымінальнага кодэкса (арт. 130, 130-130 1).
– Работнік адной са школ Рэчыцы быў затрыманы пасля таго, як выказаў падтрымку ўкраінцам у вайне з Расіяй у размове з правакатарам Юрыем Камарам у чат-рулетцы. Праўладны тэлеграм-канал, звязаны з ГУБАЗіК, апублікаваў відэа з затрыманым, у якім яго называюць «нацыстам».
- Палітыка рэжыму
– Міністэрства адукацыі зацвердзіла форму характарыстыкі для выпускнікоў школ і каледжаў. У дакуменце павінны быць адлюстраваны асабістыя і маральныя якасці навучэнца, якія, паводле зацверджанай формы, заключаюцца ў тым ліку ў «стаўленні да дзяржаўных і грамадскіх устаноў». Як раней паведамляў міністр адукацыі Андрэй Іванец, характарыстыка будзе ўлічвацца пры паступленні ў ВНУ.
– У Беларусі цяпер будзе менш увагі надавацца развіццю гуманітарных навук у параўнанні з навукамі, якія даюць «эканамічны эфект»: паведамленне пра такую структурную змену ў падрыхтоўцы навуковых кадраў апублікаваў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, прадставіўшы гэта дасягненнем.
– Канал «Нашы грошы» прааналізаваў статыстыку прынятых на працу і звольненых супрацоўнікаў сістэмы адукацыі ў Беларусі і зрабіў выснову пра тое, што на фоне росту патрэбы ў прафесійных кадрах колькасць работнікаў імкліва памяншаецца, што непазбежна прывядзе да пагаршэння якасці адукацыі. Паводле інфармацыі канала за 2022 год, сістэма адукацыі страціла 5,1 тыс. супрацоўнікаў. Найбольшыя страты – у Мінску, Магілёўскай і Гродзенскай абласцях.
– Абітурыенты з Беларусі змогуць паступаць у расійскія ВНУ на падставе вынікаў цэнтралізаванага іспыту.
– Дэканам факультэта журналістыкі БДУ стаў аўтар прапагандысцкіх артыкулаў выдання «СБ. Беларусь Сегодня», госць прапагандысцкіх тэлеперадач, кандыдат гістарычных навук Аляксей Бяляеў.