• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • «Ці можам мы заставацца проста гледачамі?». Выступ Святланы Ціханоўскай на дыскусіі ў Мадрыдскім клубе

    18 мая, 2022

    Прамова Святланы Ціханоўскай на дыскусіі ў Мадрыдскім клубе (пераклад з англійскай мовы):

    «Паважаныя сябры, я хачу падзякаваць Мадрыдскаму клубу за арганізацыю гэтага важнага мерапрыемства. Я ўдзячная за вашую гасціннасць, і мне прыемна бачыць тут столькі маладых людзей.

    Калі я прыехала ў Мадрыд, мая каманда расказала мне, што гэты горад знакаміты, сярод іншага, сваім стаўленнем да футбола. Мне распавялі, што футбол тут – гэта амаль рэлігія, другая пасля каталіцызму. А некаторыя нават сцвярджаюць, што першая.

    Насамрэч, я не самая вялікая фанатка футбола. Але часам здаецца, што шмат хто ў Еўропе сочыць за вайной Украіны і Расіі як за футбольным матчам, застаючыся гледачамі, а не ўдзельнікамі. Так, мала хто захоча ісці супраць гульца, які дзейнічае груба, б'е па нагах і парушае ўсе магчымыя правілы. Хтосьці спрабуе быць збоку, некаторыя – працягваюць набываць газ у агрэсара, разлічваючы ў цяпле і камфорце назіраць за гэтым вырашальным матчам.

    Але пры гэтым, сябры, мы забываемся на адну вельмі важную дэталь: Расія хоча не проста выйграць матч, яе мэта – захапіць увесь стадыён. Гэта вайна паміж аўтарытарызмам і дэмакратыяй, і Украіна зараз на перадавой. Параза Украіны будзе азначаць паразу ўсяго дэмакратычнага свету.

    Зразумейце: гэта не проста футбольны матч. Дык ці можам мы заставацца проста гледачамі?

    Беларусы стаялі перад аналагічнай дылемай: заставацца збоку або супраціўляцца. 24 лютага, калі пачалася вайна, шмат каму давялося зрабіць гэты выбар. Адны вырашылі супрацьстаяць вайне і далучыліся да Антываеннага Руху, а іншыя вырашылі быць гледачамі, моўчкі назіраючы, як Крэмль запускае ракеты ў бок Украіны.

    Фармальна Беларусь не ўдзельнічала ў канфлікце, але яна стала плацдармам для Расіі. З дазволу рэжыму Лукашэнкі з нашай тэрыторыі было запушчана больш за 700 ракет. Гэтыя ракеты і самалёты наносілі ўдары па мірных украінскіх гарадах і грамадзянскіх аб'ектах, напрыклад, запушчаныя з тэрыторыі Беларусі ракеты разбамбілі радзільню ў Жытоміры.

    Лукашэнка спадзяваўся, што гэтая вайна стане вялікай перамогай для яго і Пуціна. Яны разлічвалі ўзяць Кіеў за 3-4 дні і да 9 траўня правесці там сумесны парад. Лукашэнка здрадзіў інтарэсам беларускага народа і стаў саўдзельнікам і памагатым Пуціна.

    Яны абодва памыліліся. Яны недаацанілі сілу і адвагу ўкраінскага народа, як і недаацанілі антываенныя настроі ў беларускім грамадстве. Каля 86% маіх суграмадзян заявілі, што яны супраць удзелу Беларусі ў гэтай вайне. Таму, калі пачалася вайна, беларусы адразу выйшлі на вуліцы, каб сказаць вайне сваё адназначнае «НЕ». З лютага за ўдзел у пратэстах супраць вайны было затрымана больш за 2000 чалавек. З таго часу колькасць палітычных зняволеных у Беларусі працягвае расці кожны дзень.

    Беларусы працягваюць антываенны супраціў. Яны перашкаджаюць працы чыгунак, каб прадухіліць прасоўванне расійскіх войскаў ва Украіну. За два месяцы актывісты і чыгуначнікі здзейснілі не менш за 80 актаў сабатажу. Гэта выклікала ярасць рэжыму: у трох маладых людзей сілавікі стралялі баявымі патронамі. Сёння Лукашэнка падпісаў закон аб увядзенні смяротнага пакарання за «замах на акт тэрарызму». Пратэстуючы супраць вайны, беларусы рызыкуюць уласным жыццём.

    Я павінна расказаць і пра беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, якія зараз змагаюцца разам з украінскімі вайскоўцамі. Яны сфармавалі батальён Кастуся Каліноўскага і ўдзельнічалі ў абароне Бучы і Кіева. За час баёў загінулі шэсць беларусаў. Адзін з добраахвотнікаў – 19-гадовы Цімур, які ў жніўні 2020 года пратэставаў супраць рэжыму. Сілавікі Лукашэнкі збілі яго, і ён правёў некалькі тыдняў у коме. Яго маці, якая тады хварэла, памерла, не вытрымаўшы шоку. Цімур выжыў і здолеў уцячы ў ЕС. Калі пачалася вайна, ён уступіў у батальён Каліноўскага. Ён верыць, што пасля перамогі Украіны, зможа вярнуцца ў Беларусь.

    Беларусы і беларускі тысячы разоў фатаграфавалі пазіцыі расійскіх войскаў у Беларусі і дасылалі фота журналістам і блогерам. Шмат каго з іх арыштавалі – рэжым баіцца распаўсюджвання незалежнай інфармацыі. І ўсё ж, дзякуючы ім, украінцы шмат разоў даведваліся пра запускі ракетаў і маглі падрыхтавацца.

    Я часта думаю, што гэтай вайны магло б і не быць, калі б у 2020 годзе нашая рэвалюцыя перамагла. Вы ўсе памятаеце маршы, калі сотні тысячаў людзей выходзілі на вуліцы беларускіх гарадоў. Так, рэпрэсіі задушылі вулічны пратэст, але яны не змаглі падпарадкаваць і ўціхамірыць наш народ. І сотні тысячаў людзей выйдуць зноў, як толькі настане зручны момант.

    На гэтым тыдні споўнілася роўна два гады з таго часу, як я вырашыла балатавацца ў прэзідэнты замест свайго мужа Сяргея: яму ў праве балатавацца адмовілі. Я зразумела, што не магу больш заставацца на месцы гледача і, вядома, я хацела яго падтрымаць. Яму прысудзілі 18 гадоў пазбаўлення волі, і амаль два з іх ён ужо правёў у адзіночнай камеры. Часам я атрымліваю ад яго пасланні, і ведаеце, ён ні разу не выказаў сумневаў у нашай перамозе.

    Сяргей і тысячы іншых палітвязняў даказалі, што беларусы – адважныя змагары за свабоду. Яны здольныя адстойваць свае каштоўнасці. Вось чаму я не магу здацца. І я заўсёды заклікаю міжнародную супольнасць таксама не здавацца.

    Я ўпэўненая, што калі-небудзь роля беларусаў у падтрымцы Украіны атрымае разумную ацэнку. Я буду з гонарам казаць, што беларусы зрабілі ўсё, каб спыніць вайну Расіі, у адрозненне ад Лукашэнкі і ягоных набліжаных, якія моўчкі глядзелі, як з тэрыторыі нашай краіны ляцяць ракеты. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб Беларусь апынулася на правільным баку гісторыі.

    Дзякуй за вашую падтрымку Украіны і салідарнасць з Беларуссю».

    Апошнія навіны