• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Важна дзейнічаць супраць дыктатараў-агрэсараў разам». Выступ Святланы Ціханоўскай на штогадовым Кіеўскім форуме па бяспецы, 2022 год

    01 снежня, 2022

    «Шаноўныя сябры,

    Дзякую за запрашэнне выступіць на Кіеўскім форуме па бяспецы ў такі вырашальны момант гісторыі Украіны і адносінаў паміж нашымі народамі. для мяне гэта гонар і адказнасць.

    Перш за ўсё дазвольце мне павіншаваць украінскі народ з гадавінай прыняцця Акта абвячшэння незалежнасці Украіны, калі ўкраінцы выказалі сваё жаданне выйсці з-пад савецкай акупацыі і аднавіць сваю самастойнасць. У маёй краіне слова «акупацыя» ў дачыненні да савецкай гісторыі не выкарыстоўваецца, бо Лукашэнка адчувае сябе цалкам савецкім. Аднак для нашых народаў няма больш трапнага слова. Беларусы, украінцы, літоўцы, латышы, эстонцы, грузіны, малдаване і іншыя народы-суседзі Расіі – усе мы былі фактычна пазбаўленыя права на самавызначэнне.

    Узгадваючы мінулае, нам важна заставацца сумленнымі. Наша савецкае мінулае нельга назваць Саюзам. Гэта была турма народаў. Мільёны вольналюбівых беларусаў і ўкраінцаў гінулі ад куляў НКВД. Дзесяткі мільёнаў прайшлі праз ГУЛАГ.

    Амаль 5 мільёнаў украінцаў загінулі ад Галадамору, немагчыма ўявіць такое – голад на самых урадлівых землях. Да штогадовай даты, калі адзначаецца трагедыя Галадамора Аб’яднаны пераходны кабінет упершыню ў гісторыі ад імя беларусаў заявіў аб асуджэнні гэтага злачынства камунізма і прызнаў яго генацыдам украінскага народа.

    Сёння ўладальнікі той турмы зноў спрабуюць падпарадкаваць нашыя народы. Незалежнасць нашых краінаў зноў пад вялікай пагрозай. Мы разумеем вартасць суверэнітэту. Мы разумеем цану свабоды, і мы павінны быць гатовыя яе абараняць.

    Я хачу выказаць сваю глыбокую павагу ўкраінскаму народу за тое, як вы бароніце сваё. Я захапляюся смеласцю і мужнасцю кожнага, ад салдата ЗСУ да пажылой жанчыны, якая пячэ піражкі на фронт. Я захапляюся адзінствам народа і дзяржавы ў гэты крытычны момант. І я перакананая, што ўкраінскі народ адолее гэтую імперскую пачвару.

    Пазіцыя дэмакрытычнай Беларусі застаецца выразнай і нязменнай. Мы выступаем за незалежнасць і нічым не абмежаваны суверэнітэт Украіны. Мы выступаем за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў межах 1991 года. Гэта азначае украінскі Крым і украінскі Данбас, гэта азначае незаконнасць любых галасаванняў пад кантролем акупантаў і вывад расейскіх войскаў.

    Ведаеце, нядаўна я чытала навіны і ўбачыла відэа з вызваленага Херсона. Убачыла, як людзі, якія сустракаюць украінскіх ваенных, дастаюць схаваныя ад акупантаў сцягі. Менавіта гэты сюжэт мяне глыбока крануў. І кожны раз, калі я бачу ўкраінскі сцяг на чыімсьці балконе у розных краінах – я бачу сімвал ахвярнасці ўкраінскага народа, вашую мужнасць і прагу свабоды.

    Гэты сюжэт таксама нагадаў, як сотні тысячаў беларусаў захоўваюць нашыя нацыянальныя сцягі пад канапай ці ў гаражы. Як хаваюць літаратуру на беларускай мове, хаваюць вышыванкі. Як зберагаюць ад рэжыма Лукашэнкі любоў да Радзімы, культуры, народа. Для беларусаў гэты незаконны рэжым – такія ж акупанты.

    Дарагія ўкраінцы,

    Я не магу ўявіць ваш боль, калі ракеты руйнуюць вашыя дамы і забіваюць вашых дзяцей. Але я разумею вашую злосць, калі гэтыя ракеты ляцяць з тэрыторыі Беларусі. Мне і беларускаму народу сорамна, што наш дом выкарыстоўваецца як плацдарм для нападу на украінскі народ, з якім мы разам столькі перажылі, які мы лічым сяброўскім. Кожны адказны за гэтыя злачынствы супраць Украіны павінен апынуцца перад трыбуналам.

    Лукашэнка стаў саўдзельнікам ад пачатку агрэсіі 24 лютага разам з Пуціным. Ён здрадзіў украінцам і ён здрадзіў беларускаму народу, калі запрасіў акупантаў у наш дом. Дыктатар працягвае ўцягваць беларусаў у гэтую вайну. Ужо дзевяць месяцаў тэрыторыя нашай краіны, яе цывільная і ваенная інфраструктура служаць злачынным імперскім амбіцыям Расіі.

    Гэта невыпадковасць, што Лукашэнка ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны. Свабодная, дэмакратычная, эўрапейская Украіна – гэта пагроза як рэжыму ў Менску, так і Пуціну. Таму два дыктатары аб’ядналіся, каб пачаць гэтую вайну і знішчыць вольную Украіну. Трэба прызнаць: Лукашэнка – вораг украінскага народа і ўкраінскай дзяржавы. Нельга дазваляць злачынцу і надалей заставацца незаўважаным. Ён саўдзельнік агрэсіі і ваенных злачынстваў і мусіць несці адказнасць.

    Беларусы разумеюць, што адбываецца. Нягледзячы на масавую прапаганду, 86% беларусаў супраць удзелу нашага войска ў расійскай агрэсіі. Нягледзячы на ​​ўзровень рэпрэсій, які Беларусь не бачыла са сталінскіх часоў, тысячы беларусаў рызыкуюць сваёй свабодай, каб падтрымаць Украіну.

    Ад самага пачатку вайны сярод беларусаў паўсталі шэраг разнапланавых ініцыятыў у падтрымку Украіны:

    а) пратэстны рух супраць вайны ў Беларусі і ахвяраванні беларускай дыяспары на патрэбы ЗСУ па ўсім свеце;
    б) валанцёры, якія дапамагаюць бежанцам вайны ў Еўрапейскім Звязе і перамешчаным асобам ва Украіне, разбіраюць разбомбленыя будынкі і дапамагаюць украінцам на вызваленых тэрыторыях;
    в) партызаны на чыгунцы і кіберпартызаны, якія напачатку вайны праводзілі дзесяткі дыверсій, каб перашкодзіць прасоўванню расейскіх войскаў ва Украіну. Праз гэта акупацыйныя ўлады ў Беларусі зараз вымушаныя кідаць значныя рэсурсы на ахову кожнага расейскага эшелона;
    г) унікальная ініцыятыва Беларускі Гаюн па інфармаванні ў адкрытай прасторы аб дзеяннях аграсара на тэрыторыі Беларусі. Дзясяткі тысяч беларусаў сваімі паведамленнямі насычаюць гэты канал фактамі і аналітыкай;
    д) урэшце, Полк Кастуся Каліноўскага і іншыя беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне, якія ад першага дня вайны са зброяй у складзе ЗСУ змагаюцца супраць агрэсара.

    Я ганаруся кожным суайчыннікам, хто перамагае страх, мабілізуецца і працягвае супраціў. Хачу падкрэсліць, што ўсе гэтыя ініцыятывы – народныя, беларусы так выказваюць Украіне сваю салідарнасць і падтрымку, іх не трэба заклікаць і заахвочваць гэта рабіць.

    Тым часам палітычныя структуры дэмакратычнай Беларусі штодзень нагадваюць замежным партнёрам – нацыянальным урадам, міжнародным арганізацыям, экспертам і медыя – што Украіна ў гэтай вайне змагаецца за ўвесь вольны свет і таму абавязак усіх і кожнага дапамагчы украінскаму народу. Мы збіраем дапамогу для дабраахвотнікаў і наколькі магчыма падтрымліваем усе грамадскія ініцыятывы.

    У нашых размовах з украінскімі палітыкамі, дыпламатамі, экспертамі, журналістамі усе пагаджаюцца з тым, што падкантрольная імперыялістычнаму Крамлю Беларусь будзе крыніцай пагрозы для вольнай Украіны. Таму ёсць яснасць у тым, што Украіна зацікаўленая ў тым, каб Беларусь была дэмакратычнай. Без вызвалення Беларусі ад двух дыктатараў Украіна застанецца пад пагрозай рэваншызму імперыі. Толькі дэмакратычная Беларусь здолее надаць гарантыі бяспекі Украіне.

    Менавіта праз удзел Лукашэнкі распачалася гэтая агрэсія. Без доступу да Кіева з тэрыторыі Беларусі гэтая вайна не пачалася б увогуле, ці выглядала б зусім па-іншаму. А значыць вывад з Беларусі з вайны стане тым фактарам, які зробіць немагчымым яе працяг для Расіі.

    Таму нам так крытычна важна дзейнічаць супраць дыктатараў-агрэсараў разам. Мы ўжо зараз шмат узаемадзейнічаем з украінскімі ўладамі па вырашэнні практычных пытанняў: інфармацыйны абмен, каардынацыя дзеянняў па барацьбе з прапагандай, вырашэнне праблем, з якімі сутыкнуліся беларусы, якія засталіся ва Украіне пасля пачатку вайны.

    Я перакананая, што разам урад Украіны і дэмакратычная Беларусь змогуць дамагчыся большага праз каардынацыю, ўзгадненне, спалучэнне нашых рэсурсаў. Мы стварылі Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі – галоўны выканаўчы орган, чыёй галоўнай задачай сёння з'яўляецца абарона незалежнасці нашай краіны і аднаўленне суверэнітэту.

    Болей за тое, нашае супрацоўніцтва над сённяшняй павесткай павінна развіцца ў паўнафарматнае партнёрства пасля перамогі над двума дыктатарскімі рэжымамі. Калі адносіны Беларусі і Украіны не будуць замыкацца толькі на гандлі і інвестыцыях, але будуць заходзіць і ў сферу рэгіянальнай бяспекі, міжнароднай палітыкі і абароны.   

    Імперыя павінна быць разбураная. Мы павінны разбурыць гэтую турму – разам.

    І з кожным днём у мяне ўсё больш перакананасці ў тым, што хутка і ва Украіне, і ў Беларусі будзе яшчэ адзін дзень незалежнасці. Бо ў нашых народаў ня ма іншага шляху, акрамя шляху да свабоды. 

    Слава Украіне! 
    Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны