• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Мы робім усё, каб на наступны дзень пасля новых выбараў гэтая дапамога была аказаная Беларусі». Галоўнае пра Эканамічны план ЕС для дэмакратычнай Беларусі

    28 мая, 2021

    Сёння, 28 траўня, кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен апавясціла Святлану Ціханоўскую і іншых лідараў дэмакратычных сіл пра тое, што Эканамічны план ЕС для дэмакратычнай Беларусі зацверджаны. Гэта значыць, што ЕС ужо паабяцаў фінансаванне на першыя 2-3 гады развіцця новай Беларусі. Каманда Ціханоўскай правяла прэс-брыфінг пра тое, як будзе ажыццяўляцца гэты План.

    Кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Ціханоўскай Валер Кавалеўскі:

    «Само зацвярджэнне Эканамічнага плана ЕС для дэмакратычнай Беларусі паказвае вельмі выразны кантраст паміж тым, што адбываецца ў краіне пад акупацыйным рэжымам, і тым, што прапануе нам будучыня, калі адбудуцца дэмакратычныя перамены. Беларусы – частка еўрапейскай сям'і. Лукашэнка часта казаў, што «мы там нікому не патрэбныя, нас там ніхто не чакае», але відавочна, што гэта няпраўда. Нам хочуць і гатовыя дапамагаць.

    Мы дзякуем Польшчы і іншым краінам, якія ўдзельнічалі ў стварэнні Плана. Мы дзякуем нашым партнёрам – КР, НАК, камандзе Веранікі і Валерыя Цапкалаў – 9 траўня мы ўсе разам даслалі ліст прэзідэнтцы Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен з заклікам апублікаваць План».

    Прадстаўнік па эканоміцы Алесь Аляхновіч:

    «Ініцыятарам Плана быў польскі ўрад, прэм'ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі агучыў гэтую ініцыятыву 11 верасня 2020-га. Пасля Еўракамісія некалькі месяцаў распрацоўвала план пры садзейнічанні Святланы Ціханоўскай і яе прадстаўнікоў.

    Агульная сума Эканамічнага плана ЕС складае 3 мільярды еўра. Увесь гэты аб'ём разбіты на 3 напрамкі:

    1. Падтрымка эканамічнага росту.

    Гэтая частка будзе выдзеленая непасрэдна ў бюджэт краіны – пасля дэмакратычных зменаў – і Мінфін сам будзе размяркоўваць сродкі. На мінулым тыдні мы прэзентавалі праект Праграмы падтрымкі ўдзельнікаў стачачнага руху, а таксама грамадзян і бізнесаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій https://tsikhanouskaya.org/ru/economic_support/. Яна ўлічвае кампенсацыі штрафаў, адмены пазыкаў па кантрактах і рэабілітацыю тых, хто пацярпеў, апынуўся ў турме і зведаў пераслед за пратэст. І частка гэтай праграмы будзе фінансавацца якраз з Эканамічнага плана ЕС.

    У мэтах падтрымкі эканамічнага росту будуць праведзеныя Інвестыцыйны форум Беларусь-ЕС высокага ўзроўня пад магчымасці новай Беларусі, а таксама Сустрэча донараў высокага ўзроўня ЕС для вылучэння грантаў для эканамічнай трансфармацыі Беларусі.

    2. Дапамога па арганізацыі рэформаў.

    Гэтая частка выдзяляецца на правядзенне ўсіх рэформаў, якія спатрэбяцца новай Беларусі: у палітычнай, судовай, праваахоўнай сістэме, эканоміцы, сістэме адукацыі і г.д.

    3. Інвестыцыі ў інфраструктуру і прыватны сектар.

    Гэтая частка выдзяляецца Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам пры грантавай падтрымцы з боку Інвестыцыйнай платформы суседства, да якой Беларусь на сёння пакуль не мае доступу. Беларусь атрымае доўгатэрміновыя і танныя крэдытныя рэсурсы на інвестыцыі ў транспартную інфраструктуру, энергаэфектыўнасць, утылізацыю адкідаў і муніцыпальную інфраструктуру.

    ***
    Эканамічны план ЕС – гэта толькі першая частка міжнароднай дапамогі эканомікі Беларусі будучыні. 3 мільярды еўра – гэта толькі тое, што ЕС ужо паабяцаў вылучыць Беларусі для развіцця на першыя 2-3 гады.

    Акрамя ЕС ёсць некалькі арганізацый і структур, якія гатовыя далучыцца да дапамогі Беларусі. Да прыкладу, МВФ: калі з новым урадам ён падпіша стабілізацыйную праграму, Беларусь зможа разлічваць яшчэ на 3-4 мільярды даляраў. Таксама Беларусь гатовыя падтрымаць Сусветны банк, Міжнародная фінансавая карпарацыя, самі дэмакратычныя дзяржавы – Вялікабрытанія, Нарвегія, Канада, ЗША. Па нашых падліках, агульны аб'ём дапамогі новай Беларусі можа скласці 10 мільярдаў даляраў. І зараз мы робім усё, каб на наступны дзень пасля правядзення новых свабодных выбараў гэтая дапамога была аказаная Беларусі і каб кожны беларус адчуў паляпшэнне дабрабыту на сабе».

    Апошнія навіны