Беларуская Рада Культуры пачынае Глабальны тыдзень беларускай культуры з 5 па 11 ліпеня пад патранажам Офіса Святланы Ціханоўскай. Цягам тыдня ў шматлікіх краінах свету будуць адбывацца анлайн і афлайн мерапрыемствы з нагоды прызначэння новай сімвалічнай даты ў календары свабоднай Беларусі: 7-га ліпеня – Дзень беларускай культуры. Мы адзначаем Тыдзень беларускай культуры па ўсім свеце, каб нагадаць, якая ж цудоўная і свабодная сапраўдная беларуская культура.
Культура яднае беларусаў, дае сілы на мірны пратэст і з’яўляецца асноўным рухавіком пераменаў. Нелегітымны рэжым знішчае нацыянальную культуру, а гэта значыць, што ён знішчае беларускую нацыю. Праз шэраг культурніцкіх падзей у свеце мы, беларусы, хочам даказаць, што культура мацней за дыктатуру!
Вільня – сімвалічны і знакавы горад для нашага народа. Менавіта тут адбываліся адны з найбольш важных падзей агульнай гісторыі беларусаў і літоўцаў. У Вільні друкаваў кнігі Францыск Скарына і змагаўся за свабоду Кастусь Каліноўскі, працавала рэдакцыя «Нашай Нівы» і пісаў свае п’есы Францішак Аляхновіч.
Праграма тыдня культуры ў Вільні:
- 7 ліпеня жыхары і госці Вільні змогуць убачыць арт-інсталяцыю ад студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «Клетка». Інсталяцыя будзе размешчана на Лукішскай плошчы.
- 9 ліпеня а 19:00 у Рускім драматычным тэатры Літвы адбудзецца прэм’ера спектакля «Трэцяя змена» рэжысёра Андруса Дар'яла паводле п’есы Паўла Пражко. Гісторыя апавядае пра летнік і «нявіннае дзяцінства» як сістэму прымусовага выхавання. У спектаклі ўдзельнічаюць беларускія акторы-рэлаканты з Гродна. Рэгістрацыя на спектакль тут.
- 10 ліпеня а 20:00 на фан-зоне ля Белага моста адбудзецца літоўская прэм’ера дакументальнага фільма Аляксея Палуяна «Кураж». Пасля прагляду фільма пройдзе грамадская дыскусія з удзелам самога рэжысёра на тэму «Роля мастацтва падчас пратэстаў у Беларусі». Паказ пройдзе пры падтрымцы фестываля дакументальных фільмаў NEPATOGUS KINAS. Уваход вольны. Падзея ў Facebook.
- 10 ліпеня а 15:00 у Genys Garden Vilnius (вул. Руднінку, 14) і 11 ліпеня аб 11:00 у S. Moniuškos skveras, Vilniaus g. (вул. Віленская) пройдзе мастацкі майстар-клас «Паштоўкі палітвязням». Рэгістрацыя на майстар-клас тут.
- Завершыцца тыдзень 11 ліпеня а 19:00 вялікім канцэртам «КУЛЬТУРА МАЦНЕЙ ЗА ДЫКТАТУРУ» ва ўнутраным дворыку ЕГУ, у мерапрыемстве бяруць удзел Лявон Вольскі (акустыка), дуэт Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука, а таксама Сяргей Kosmas. Уваход вольны.
Партнёры тыдня ў Вільні: Міністэрства культуры Літвы, Міністэрства замежных спраў Літвы, мэрыя Вільні, Freedom House, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, BY_SOL, Рускі драматычны тэатр Літвы.
Што будзе адбывацца ў іншых краінах падчас тыдня?
Аўстрыя – Дзень беларускай культуры (падрабязней).
Бразылія – Тыдзень беларускай культуры ў Бразыліі (падрабязней).
Нідэрлянды – Тыдзень беларускай культуры ў Нідэрландах (падрабязней).
Украіна – День білоруського мистецтва в Києві (падрабязней).
Таксама да тыдня далучацца Польшча, Германія, Партугалія, Вялікабрытанія, Швейцарыя, Чэхія, Францыя, Грузія.