• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская выступіла ў Камітэце па замежных справах Сената ЗША і данесла пазіцыю беларускіх дэмакратычных сіл перад самітам G7 і сустрэчай Байдэна і Пуціна

    09 чэрвеня, 2021

    Сёння Святлана Ціханоўская ў анлайн-фармаце звярнулася да Сената ЗША ў Камітэце па замежных справах. Яна распавяла пра ўгон самалёта Ryanair, пераслед актывістаў і журналістаў злачынным рэжымам Лукашэнкі, эскалацыю рэпрэсій у Беларусі і адказала на пытанні амерыканскіх сенатараў.

    Ціханоўская: «Рэакцыя міжнароднай супольнасці на падаўленне прадэмакратычных пратэстаў была прынцыповай, але паступовай і змяншальнай. Гэта дапамагло рэжыму адаптавацца. Ён адчуў беспакаранасць.

    Пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair міжнародная рэакцыя была хуткай і эфектыўнай. Аднак рэакцыя міжнароднай супольнасці не павінна абмяжоўвацца гэтым інцыдэнтам. Уся сітуацыя ў Беларусі заслугоўвае ўсёабдымнага адказу. У адваротным выпадку Лукашэнка ператворыць нашу краіну ў еўрапейскую Паўночную Карэю – непразрыстую, непрадказальную і небяспечную. Аднак ЗША разам са сваімі партнёрамі ў Еўропе могуць спыніць гэты шлях.

    Я настойліва заклікаю Злучаныя Штаты:

    • пашырыць санкцыі супраць саўдзельнікаў Лукашэнкі, якія фінансуюць рэжым, у тым ліку такія прадпрыемствы, як «Беларуськалій» і Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, выявіць крыніцы замежнага фінансавання рэжыму і нацэліць санкцыі на іх;
    • абмеркаваць крызіс у Беларусі падчас такіх важных міжнародных мерапрыемстваў, як саміт G7, саміт НАТА, саміт ЕС-ЗША, сустрэчы ЗША-Расія, а таксама запрасіць да ўдзелу беларускія дэмакратычныя сілы;
    • падтрымаць ЕС у арганізацыі міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўня па ўрэгуляванні крызісу ў Беларусі з удзелам асноўных зацікаўленых бакоў;
    • распрацаваць пакет дапамогі ЗША, заснаваны на Усёабдымным плане ЕС для дэмакратычнай Беларусі. Важна запэўніць беларусаў у тым, што яны атрымаюць дапамогу пасля пераменаў.

    Гэтыя дзеянні маглі б стаць штуршком для пачатку транзіту ўлады – менавіта гэтага патрабуюць беларусы. Інакш Лукашэнка і іншыя дыктатары па ўсім свеце будуць адчуваць сябе беспакаранымі і працягнуць свабодна парушаць міжнародныя нормы, каб знішчаць сваіх супернікаў».

    Поўны тэкст выступу Святланы Ціханоўскай:

    «Спадар Старшыня, паважаныя чальцы Камітэта,

    Дзякую Вам за прадастаўленую магчымасць выступіць перад вамі ад асобы мільёнаў беларусаў, якія імкнуцца да дэмакратыі і свабоды. Я тут для таго, каб падзяліцца сваёй гісторыяй і паказаць, што рэжым Лукашэнкі перайшоў усе межы і стаў міжнароднай пагрозай міру і бяспецы.

    Мая асабістая гісторыя пачалася год таму, калі мой муж, Сяргей Ціханоўскі, абвясціў пра намер балатавацца ў прэзідэнты, аспрэчваючы некампетэнтнае кіраванне дыктатара. З тых часоў сілавыя структуры трымаюць Сяргея пад арыштам.

    Каб адстаяць правы мужа, я ўступіла ў прэзідэнцкую гонку замест яго. Іншыя моцныя кандыдаты – Віктар Бабарыка і Валер Цапкала – былі або арыштаваныя, або вымушаныя бегчы з краіны. У рэшце рэшт, тры штабы аб'ядналі сілы, і я стала галоўным альтэрнатыўным кандыдатам, праводзячы кампанію разам з Веранікай Цапкала і Марыяй Калеснікавай.

    9 жніўня 2020 года дыктатар адкрыта сфальсіфікаваў галасаванне і паспрабаваў скрасці перамогу ў народа.

    З дапамогай запалохвання рэжым прымусіў маіх дзяцей, а потым і мяне, пакінуць Беларусь. Мая 5-гадовая дачка ўсё яшчэ думае, што «турма» – гэта нейкае цікавае месца, нешта падобнае на камандзіроўку. Яе 11-гадовы брат не спяшаецца тлумачыць, што гэта на самай справе значыць. Як і я.

    Ні адзін дзень не праходзіць без яе пытання, калі яе тата вернецца дадому. Ні адзін дзень не праходзіць без такога ж пытання ў маёй галаве. І дакладна гэтак жа цяпер жывуць па меншай меры 470 сем'яў палітычных вязняў.

    Гэты лік працягвае расці, бо беларусы кожны дзень пратэстуюць, не жадаючы здавацца, настойваючы на тым, што дыктатар павінен сысці і што павінны адбыцца новыя выбары. Народ масава адрэагаваў на спробу Лукашэнкі скрасці выбары. Але адзінай рэакцыяй рэжыму быў гвалт. 35000 затрыманняў, 3000 палітычна матываваных крымінальных пераследаў. Сярод тысяч выпадкаў збіцця і катаванняў – па меншай меры 10 выпадкаў смерці, звязаных з пратэстамі.

    Апошнія смерці адбыліся ўсяго тры тыдні таму: Вітольд Ашурак, палітычны зняволены, ва ўзросце 50 гадоў памёр у турэмным лагеры ад меркаванай сардэчнай недастатковасці. Яго жонка сказала, што ў Вітольда ніколі не было праблем з сэрцам. 18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі, сірата, скончыў жыццё самагубствам, не вытрымаўшы бесперапыннага пераследу з боку Следчага камітэта.

    Рэжым таксама спрабуе схаваць праўду, душачы сродкі масавай інфармацыі. Толькі ў мінулым месяцы сілавыя структуры зачынілі TUT.by, самы папулярны медыя-партал у краіне, і арыштавалі яго 15 супрацоўнікаў па сфабрыкаваных абвінавачваннях ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. А наступныя мясцовыя выбары адкладзеныя да канца 2023 года.

    Рэакцыя міжнароднай супольнасці на падаўленне прадэмакратычных пратэстаў была прынцыповай, але паступовай, часта сімвалічнай і змяншальнай. Гэта дапамагло рэжыму адаптавацца і развіваць пачуццё беспакаранасці, якое ўсё расце.

    У выніку 23 траўня дыктатар дасягнуў паваротнага моманту: ён загадаў вайсковаму знішчальніку прымусіць прызямліцца ў Беларусі грамадзянскі рэйс Ryanair – каб арыштаваць журналіста Рамана Пратасевіча, які быў на борце. Гэтыя безразважныя дзеянні падверглі небяспецы жыцці 126 пасажыраў, абы задаволіць непахісны парыў дыктатара захапіць суперніка.

    Новыя паведамленні сведчаць пра тое, што шэсць іншых камерцыйных самалётаў, якія праляталі над Беларуссю ў той дзень, былі вымушаныя змяніць свае маршруты, што паставіла пад пагрозу жыццё яшчэ большай колькасці людзей.

    Гэты інцыдэнт і грэбаванне Лукашэнкі чалавечымі жыццямі шакуюць міжнародную грамадскасць. Аднак беларусы штодня зведваюць такое беззаконне на працягу апошніх 10 месяцаў, а ў больш шырокім маштабе – ужо 26 гадоў.

    Прыняўшы гэтае рашэнне, Лукашэнка перайшоў рысу і стаў пагрозай міжнароднаму міру і бяспецы. Такім чынам, міжнародная рэакцыя, нарэшце, стала хуткай і эфектыўнай: былі прынятыя практычныя меры і распачатае расследаванне Міжнароднай арганізацыяй грамадзянскай авіяцыі.

    Аднак рэакцыя міжнароднай супольнасці не павінна абмяжоўвацца інцыдэнтам з палётам Rynair. Уся сітуацыя ў Беларусі заслугоўвае ўсёабдымнага і нязменнага адказу. У адваротным выпадку мы ўсе сутыкнемся з такімі сітуацыямі ў будучыні, калі Лукашэнка ператворыць нашу краіну ў Паўночную Карэю Еўропы – непразрыстую, непрадказальную і небяспечную.

    Злучаныя Штаты, дзейнічаючы разам са сваімі партнёрамі ў Еўропе і з іншымі краінамі-аднадумцамі, маюць магчымасць спыніць гэты шлях.

    Я настойліва заклікаю Злучаныя Штаты:

    • пашырыць санкцыі супраць саўдзельнікаў Лукашэнкі, якія фінансуюць рэжым, у тым ліку такія прадпрыемствы, як Беларуськалій і Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, выявіць крыніцы замежнага фінансавання рэжыму і нацэліць санкцыі на іх;
    • абмеркаваць крызіс у Беларусі падчас такіх важных міжнародных мерапрыемстваў, як саміт G7, саміт НАТА, саміт ЕС-ЗША, сустрэчы ЗША-Расія, а таксама запрасіць да ўдзелу беларускія дэмакратычныя сілы;
    • падтрымаць ЕС у арганізацыі міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўня па ўрэгуляванні крызісу ў Беларусі з удзелам асноўных зацікаўленых бакоў;
    • распрацаваць пакет дапамогі ЗША, заснаваны на Усёабдымным плане ЕС для дэмакратычнай Беларусі. Важна запэўніць беларусаў у тым, што яны атрымаюць дапамогу пасля пераменаў, і падрыхтаваць крокі па стабілізацыі і рэфармаванні эканомікі. ЗША могуць таксама ўдзельнічаць у працы Форуму донараў і Нарады інвестараў, якія плануецца правесці ў межах ЕС.

    Ёсць і іншыя прапановы, і я хацела б папрасіць дадаць да справаздачы пашыраны пералік прапанаваных крокаў па сітуацыі ў Беларусі з боку ЗША і іншых краін.

    Гэтыя дзеянні маглі б стаць штуршком для пачатку транзіту ўлады – менавіта гэтага патрабуюць беларусы. У адваротным выпадку, Лукашэнка і іншыя дыктатары па ўсім свеце будуць адчуваць сябе беспакаранымі і працягнуць свабодна парушаць міжнародныя нормы, каб знішчаць сваіх супернікаў.

    Дзякуй за вашу ўвагу.

    З нецярпеннем чакаю вашых пытанняў».

    Апошнія навіны