«Паважаныя прэзідэнт Бас,
Старшыня Мецола,
Паважаная міністарка Бербак,
Паважаны лорд-мэр Кёпэн,
Паважаны спадар Ліндэн,
Паважаныя сябры,
Учора адзін журналіст запытаўся ў мяне, што скажуць мае дзеці, калі я вярнуся з гэтым ордэнам. Мусіць, яны зададуць мне пытанне: мама, ты выйграла спаборніцтвы?
Дазвольце сказаць: гэтая прэмія Карла Вялікага належыць не мне і не нам траім – яна належыць усім беларусам. Беларусам, якія прыкладаюць вялізныя намаганні і праяўляюць самаадданасць, мірна і без гвалту, змагаючыся супраць тыраніі.
Гэтая прэмія належыць беларускім жанчынам, журналістам і бясстрашным валанцёрам. Яна належыць кожнаму дзіцяці, якое чакае маму ці тату з турмы. І тым, хто ўжо ніколі не зможа ўбачыць сваіх родных і блізкіх.
У 2020 годзе беларусы ўразілі ўсіх – і ў першую чаргу саміх сябе. Здавалася, быццам нацыя абудзілася пасля 26 гадоў комы. Патрабуючы свабодных выбараў, сотні тысячаў людзей выходзілі на маршы ў 40 гарадах. Мы выбралі свабоду, адкінуўшы тыранію.
Беларусы запалілі свой агонь свабоды. З таго часу наша супраціўленне ні на дзень не спынялася, а пайшло ў падполле. Вы можаце не бачыць масавых дэманстрацый – хіба магчымыя дэманстрацыі ў ГУЛАГу? Але кожны дзень мы даведваемся, што нехта правёў невялікую акцыю пратэсту, намаляваў графіці, здзейсніў дыверсію. Агонь нашага пратэсту не перастае гарэць.
Беларусы ўсвядомілі, што наш лёс знаходзіцца ў нашых руках і ніхто не даб'ецца зменаў за нас. І мы выпрацавалі імунітэт супраць дыктатуры. Мы зразумелі, што наш абавязак – зрабіць так, каб ён больш не вярнуўся.
Пры гэтым адвага беларусаў дорага абыходзіцца нашаму народу. Рэжым Лукашэнкі ўжо задзейнічаў усе інструменты з «метадычкі дыктатара». Калі б Оруэл пісаў пра Беларусь сёння, мы не лічылі б яго кнігі мастацкай літаратурай. Неправамерныя арышты. Катаванні. Выкраданні людзей. Допыты. Прымус да дачы ілжывых прызнанняў. Пагроза смерці… 4700 гадоў – такі сукупны тэрмін зняволення 1300 палітычных зняволеных. Толькі ўявіце: гэта 4700 гадоў скрадзенага жыцця.
Для гэтага рэжыма чалавечае жыццё не мае ніякай каштоўнасці. У лістападзе мінулага года я выступала з прамовай у Еўрапейскім парламенце і сказала, што ў нас няма яшчэ аднаго года. І мела рацыю: яго сапраўды не было.
Лукашэнка развязаў тэрор супраць уласных грамадзянаў, затым здзейсніў угон самалёта, паставіўшы пад пагрозу еўрапейскую бяспеку, арганізаваў міграцыйны крызіс. Якраз на мінулым тыдні ён падпісаў закон, якім увёў смяротнае пакаранне за «замах на здзяйсненне акта тэрарызму». Фактычна ён вырашыў узаконіць забойствы апанентаў. Новай ахвярай можа стаць беларускі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які абвінавачваецца ў тэрарызме.
Вам, магчыма, надакучыла слухаць пра жахі, якія перажывае наш народ. Надакучыла слухаць, як дзве суседнія з Расіяй краіны пакутуюць і ўвесь час кажуць вам, што вы робіце недастаткова. Я не заклікаю прыехаць і перамагчы за нас. Я заклікаю сканцэнтравацца зараз на Беларусі.
Я дзякую міжнароднай супольнасці за нябачаную раней салідарнасць. Наш голас пачулі ў Радзе Бяспекі ААН, Еўрапейскім парламенце, Бундэстагу – і па ўсім свеце. Мы зноў аб'ядноўваем Еўропу, як яе аб'ядноўваў Карл Вялікі 12 стагоддзяў таму. Я не магла сабе ўявіць, што калі-небудзь убачу такую салідарнасць з Беларуссю, якой не перашкода межы і палітычныя рознагалоссі.
Сёння гэтае адзінства важнае як ніколі. Імя адзінства важна, каб вярнуць мір ва Украіну. Вашая еднасць важная, каб дасягнуць дэмакратыі ў Беларусі. Дыктатары спрабуюць разбіць адзінства Захаду, пасеяць разлад паміж Злучанымі Штатамі і Еўропай. Яны спрабуюць убіць клін паміж краінамі ЕС. Яны шантажуюць увесь свет голадам, мігрантамі і ядзернай зброяй. Нельга адмяняць санкцыі супраць дыктатараў, паддаўшыся на іх шантаж. Пуцін і Лукашэнка падвышаюць стаўкі і спрабуюць стварыць уражанне, што яны меншае з двух злачынстваў. Галоўнай санкцыяй супраць Пуціна павінна быць свабодная Беларусь.
Часта кажуць, што тое, што адбываецца ў Беларусі і Украіне – гэта барацьба паміж Захадам і Усходам. Гэта не так. Гэта барацьба паміж дэмакратыяй і тыраніяй. Але гэта і барацьба паміж мінулым і будучыняй. Наш народ абраў свабоду і дэмакратыю, але мінулае працягвае цягнуць нас назад.
У цёмным мінулым хочуць, каб мы былі запалоханыя і прыгнечаныя. Але нам, паважаныя спадарыні і спадары, трэба прытрымлівацца прыкладаў з добрага мінулага. Прыкладам такіх вялікіх еўрапейцаў, як Роберт Шуман, Вацлаў Гавел і Ян Павел II, якія сапраўды прысвяцілі свае жыцці на карысць нашага кантынента.
Давайце натхняцца іх адвагай, адвагай беларусаў і ўкраінцаў. І давайце зробім так, каб у гісторыі больш не было дыктатараў. Гісторыя і будучыня павінны належаць нам, свабодным людзям Еўропы.
Дзякуй!»