• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Крысціна Рыхтэр: «Маскоўскі механізм – наступны крок у справе прыцягнення да адказнасці рэжыма Лукашэнкі»

    24 сакавіка, 2023

    23 сакавіка пастаянны прадстаўнік Канады пры АБСЕ выступіў з сумеснай заявай ад дэлегацый 38 краінаў аб увядзенні ў дачыненні да Беларусі Маскоўскага механізма. Дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр расказвае, што такое Маскоўскі механізм і на што ён уплывае.

    • Што такое Маскоўскі механізм?

    Маскоўскі механізм чалавечага вымярэння АБСЕ – гэта спецыяльны метад працы гэтай арганізацыі ў краінах, дзе адбываюцца грубыя і сістэматычныя парушэнні ў галіне правоў чалавека. Ён заключаецца ў тым, што па праблемнай сітуацыі фармулюецца місія або прызначаюцца дакладчыкі, якія вывучаюць дакументы, апытваюць сведкаў і магчымых ахвяраў парушэння правоў чалавека, а пасля збору матэрыялаў даюць рэкамендацыі як краіне, у якой адбываецца парушэнне, так і астатнім краінам-удзельніцам АБСЕ.

    Дагэтуль у дачыненні да Беларусі гэты механізм прымяняўся двойчы. Апошні раз – у верасні 2020 года. Тады рэжым адмовіўся ад супрацы з АБСЕ ў межах Маскоўскага механізма, аднак прызначаны дакладчык, прафесар, доктар Вольфганг Бенедэк, падрыхтаваў дастаткова шырокі даклад у межах свайго мандату.

    • Што гэта значыць для беларусаў і Беларусі?

    Увядзенне Маскоўскага механізма сведчыць пра тое, што краіны-ўдзельніцы АБСЕ занепакоеныя сістэматычным ігнараваннем Беларуссю сваіх міжнародных абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека. У прыватнасці, у сумеснай заяве зазначаецца, што Беларусь цалкам праігнаравала рэкамендацыі, якія былі дадзеныя папярэдняй місіяй больш як два гады таму. Наадварот, дзеянні рэжыму Лукашэнкі сталі яшчэ больш бязлітаснымі ў дачыненні да сваіх палітычных апанентаў, што зафіксавана ў тым ліку ў нядаўна апублікаваным дакладзе Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН.

    АБСЕ, увёўшы Маскоўскі механізм у дачыненні да Беларусі, вызначыла кола тэмаў, з якімі будзе працаваць місія.

    • Гэта такія тэмы, як:

    – затрыманне амаль 1500 палітычных зняволеных і павелічэнне іх колькасці;
    – запалохванне, пераслед, адвольныя ці незаконныя арышты, затрыманне і пазбаўленне волі праваабаронцаў, сябраў палітычнай апазіцыі, журналістаў і іншых прадстаўнікоў СМІ, адвакатаў, прафсаюзных актывістаў, асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасцяў і групаў грамадзянскай супольнасці;
    – абвяшчэнне тысячаў грамадзянаў і арганізацый экстрэмісцкімі і закрыццё амаль усіх незалежных няўрадавых арганізацый;
    – недастатковы доступ да юрыдычнай і медыцынскай дапамогі для арыштаваных і/ці затрыманых;
    – адсутнасць належнай прававой працэдуры і захавання права на справядлівае судовае разбіральніцтва, прадугледжанае Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта ўключае ў сябе адваротную сілу закона і завядзенне спецыяльнай крымінальнай справы (завочна) у дачыненні да асобаў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі;
    – катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя або прыніжаючыя годнасць віды абыходжання і пакарання асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, уключаючы сексуальны і гендарны гвалт;
    – празмернае прымяненне сілы супраць мірных дэманстрантаў, у тым ліку пратэстоўцаў супраць падтрымкі Беларуссю агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны;
    – выкараненне незалежных прафсаюзаў;
    – намаганні, накіраваныя на тое, каб прымусіць незалежныя СМІ замаўчаць і ўвесці жорсткія абмежаванні на доступ да інфармацыі, у тым ліку з дапамогай інтэрнет-сачэння і цэнзуры;
    – сістэматычнае ўзмацненне жорсткасці заканадаўства, якое абмяжоўвае палітычныя свабоды, і вынясенне прысудаў, якія супярэчаць нормам вяршэнства права і накіраваныя на стрымліванне і пакаранне іншадумцаў;
    – распаўсюджванне смяротнага пакарання на невыразна вызначаныя «спробы здзяйснення тэрарыстычных актаў і забойства дзяржаўных чыноўнікаў або грамадскіх дзеячаў»; 
    – і беспакаранасць за парушэнні правоў чалавека і злоўжыванні, апісаныя вышэй.

    Краіны-ўдзельніцы ў адпаведнасці з працэдурай далі магчымасць рэжыму прызначыць у місію судакладчыка. Аднак, зыходзячы з папярэдняй камунікацыі Беларусі з АБСЕ, рэжым хутчэй за ўсё праігнаруе гэтую магчымасць.

    «Даклад, падрыхтаваны місіяй – гэта не толькі дакумент, які будзе фіксаваць парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і змяшчаць рэкамендацыі для краіны. Ён будзе вызначаць далейшую палітыку краінаў-удзельніцаў АБСЕ ў дачыненні з рэжымам і ў далейшым стане яшчэ адным аргументам на карысць прыцягнення да адказнасці вінаватых у развязванні тэрору супраць мірных грамадзянаў. Высновы місіі можна будзе выкарыстоўваць як доказы ў трыбунале над Лукашэнкам за здзейсненыя ім і яго памагатымі злачынствы супраць чалавечнасці», – пракаментавала дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр. 

    Апошнія навіны