• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Люты 2022 / Выпуск 2

    15 лютага, 2022

    Спампаваць дайджэст па пытаннях адукацыі і навукі можна па спасылцы.

    • Рэпрэсіі

    – 4 лютага філосаф Уладзімір Мацкевіч, які больш за паўгода знаходзіцца ў СІЗА (абвінавачваецца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ч. 1 арт. 342 КК РБ), пачаў галадоўку ў знак пратэсту супраць беззаконнага працяглага ўтрымання пад вартай і адсутнасці якіх-небудзь следчых дзеянняў у дачыненні да яго. Прадстаўнікі офіса Святланы Ціханоўскай Таццяна Шчытцова, Валер Кавалеўскі і Аляксандр Дабравольскі запісалі відэазварот у падтрымку беларускага інтэлектуала, а Міжнародная Асацыяцыя Гуманітарыяў заклікае падпісаць ліст у Генпракуратуру РБ ​​з патрабаваннем захавання законнасці ў дачыненні да яго.

    Старонка У. Мацкевіча ў фэйсбуку: https://www.facebook.com/philosopher.in.prison

    – З'явіліся падрабязнасці пра палітычныя звальненні на юрыдычным факультэце БДУ: акрамя доктара юрыдычных навук, прафесара Юліі Гаўрыльчанка, «па спісах» таксама былі звольненыя: доктар юрыдычных навук, прафесар Кірыл Тамашэўскі, старшая выкладчыца, дацэнт Таццяна Аўдзеева, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Сяргей Пратасавіцкі.

    – Вымушана пакінуў пасаду ў БДУ выкладчык фізкультуры Даўгарукаў Кірыл Андрэевіч, якога раней асуджалі на 13 сутак за тое, што ён «у думках падтрымліваў пратэстоўцаў».

    – Студэнтаў БДУ (пацверджана інфармацыя адносна юрфака, ФМА, геафака, філфака, фізфака) выклікаюць у адміністрацыю на «прафілактычную гутарку» напярэдадні рэферэндуму. У гутарцы прадстаўнікі адміністрацыі згадваюць пра ўжо адлічаных за пратэсты студэнтаў, каб цяперашнія студэнты «не высоўваліся» у лютым. Некаторых студэнтаў прымушаюць падпісваць дакумент аб тым, што тыя папярэджаныя аб адміністратыўнай і крымінальнай адказнасці за ўдзел у масавых мерапрыемствах.

    – У Мастах выкладчыцу сальфеджыа Галіну Цярэнцьеву аштрафавалі за рэпост запісу «Белсата» трохгадовай даўніны. У кватэры Цярэнцьевай сілавікі правялі ператрус і канфіскацыю тэхнікі.

    – Тэлеграм-канал «Рупор БГМУ» і «Светя другим БГМУ чат» прызнаныя экстрэмісцкімі па заяве пракуратуры Маскоўскага раёна г. Мінска.

    – «Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў» сумесна з «Грамадскім Балонскім камітэтам» выпусціла гадавую справаздачу пра рэпрэсіі ў беларускіх ВНУ.

    • Палітыка рэжыму

    – У Беларусі прынятая новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі. Сярод новаўвядзенняў: сярэдняя адукацыя становіцца абавязковай для ўсіх; мяняюцца правілы паступлення ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі; у ВНУ павялічыцца колькасць месцаў для «мэтавікаў», некаторым з якіх не давядзецца здаваць ЦТ; з'явіцца магчымасць навучання дзяцей у СІЗА.

    – На думку экспертаў, з прыняццем новай рэдакцыі Кодэкса сістэма адукацыі становіцца яшчэ менш практычнай і эфектыўнай, і ўтрымлівае ў сабе «схаваную форму сацыяльнага рабства».

    – 10 лютага прызначаны новы міністр адукацыі. Ім стаў доктар хімічных навук, дацэнт Андрэй Іванец, які з 2019 года ўваходзіць у Савет Рэспублікі, займаючы пасаду намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. Вядома таксама, што А. Іванец быў даверанай асобай А. Лукашэнкі на выбарах 2020 г.

    – Дзяржава масава задзейнічала студэнтаў-медыкаў з БДМУ для папаўнення недахопу кадраў ва ўмовах чарговай хвалі пандэміі. На працу ў паліклінікі закліканыя інтэрны ўсіх спецыяльнасцяў акрамя стаматолагаў, студэнты 5-6 курсаў лячфака, будучыя стаматолагі і фармацэўты некаторых курсаў. Некаторым студэнтам прапануюць валанцёрства ў паліклініках замест пар, якія потым трэба адпрацаваць.

    – Адукацыйныя ўстановы працягваюць ігнараваць правілы эпідэміялагічнай бяспекі: масавыя мерапрыемствы, як правіла, без масачнага рэжыму і сацыяльнай дыстанцыі прайшлі ў школах Мінска, Гродна, Гомеля, Мазыра.

    – У Беларусі пры Адміністрацыі прэзідэнта ствараецца Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы – пастаянна дзейны орган, які будзе «даваць рэкамендацыі па папярэджанні і спыненні парушэнняў у галіне захавання гістарычнай памяці».

    – Згодна з пастановай Савета Міністраў № 29 ад 17.01.2022 у дашкольных і школьных установах Беларусі павысяцца кошты на харчаванне для дзяцей. У сярэднім кошт абедаў і двухразовага харчавання вырасце на 13%.

    • Незалежныя грамадзянскія ініцыятывы

    – Пачаўся прыём заявак на арганізацыю панэляў 10-га Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, які пройдзе ў Коўне (Літва). Панэлі могуць быць прысвечаныя абмеркаванню асобных даследчых праблемаў ці прэзентацыі вынікаў навуковай дзейнасці. Заяўка можа быць як калектыўнай, так і індывідуальнай. Прыём заявак – да 20 сакавіка 2022 г. Падрабязней: https://www.icbs.by/post/10th-icbs-call-for-panels-deadline-march-20-2022-4

    – «Freedom House» прапануе падтрымку грамадзянскім ініцыятывам, скіраваным на вырашэнне праблемных пытанняў беларускага грамадства на мясцовым і нацыянальным узроўнях, а таксама на прасоўванне дэмакратычных пераменаў у краіне. Заяўкі будуць прымацца ад беларускіх грамадзянскіх груп унутры Беларусі і за яе межамі, калі яны аб'ядноўваюць актывістаў, якія знаходзяцца ў Беларусі і тых, хто быў вымушаны з'ехаць. Заяўкі, адпраўленыя да 15 лютага 2022 года, будуць разгледжаныя да канца лютага. Больш падрабязна тут.

    – Лятучы ўніверсітэт апублікаваў на сваёй платформе відэакурс «PR: як наладжваць камунікацыю ў публічнай прасторы». Аўтар курса – Ірына Сідорская, доктар філалагічных навук, выкладчыца, эксперт ў галіне стратэгічных камунікацый. Курс накіраваны на тое, каб дапамагчы людзям прасоўваць свае ідэі і праекты, рабіць іх даступнымі для аўдыторыі, СМІ, партнёраў і спонсараў.

    – 18-19 лютага адбудуцца штогадовыя Лонданскія чытанні па беларускіх даследаваннях. Чытанні прапануюць беларускім навукоўцам унікальную мультыдысцыплінарную пляцоўку для зносінаў. Мерапрыемства пройдзе ў гібрыдным фармаце. Працоўная мова – англійская. Прыём заявак – да 16 лютага. Больш падрабязна тут.

    Пачалася падпіска на выданне «Кароткая гісторыя Беларусі» доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча. «Галоўная мэта кнігі ў тым, каб <…> кожны беларус мог выразна і лагічна за 10 хвілінаў пераказаць нашую вялікую і слаўную гісторыю», – адзначае адзін з ініцыятараў падпіскі Глеб Лабадзенка.

    – «Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў» і «Моладзевы Блок» арганізуюць курс зум-лекцый па беларускай мове для ўсіх ахвотны «8 крокаў ды беларушчыны!». Іх правядуць выпускнікі філфака БДУ Алесь Мінаў і Лілія Гусарава.

    • Падрыхтоўка да рэформы адукацыі

    – 10 лютага Офіс Святланы Ціханоўскай сумесна з платформай беларускай экспертнай супольнасці «Банк Ідэй» правялі ў Вільні на пляцоўцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта дыскусію на тэму постсавецкай сістэмы адукацыі і яе магчымых альтэрнатыў. Кіраўнік аддзела Міністэрства адукацыі і навукі Літвы Рычардас Алішаускас і кансультантка па адукацыі, даследчыца, педагог Эгле Пранцкунене падзяліліся вопытам сваёй краіны па рэфармаванні вышэйшай і сярэдняй школы.

    – Каманда праекта «Беларуская адукацыя на шляху зменаў» правяла дыскусію «Бізнес-адукацыя» з удзелам бізнесмена Аляксандра Кныровіча і эксперта ў галіне кіравання адукацыяй Святланы Мацкевіч.

    • Міжнародныя магчымасці

    – Варшаўскі ўніверсітэт адкрыў набор у магістратуру для вывучэння гісторыі краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Каўказа і постсавецкіх краінаў. Праграма разлічаная на перыяд з 1 кастрычніка 2022 года да 30 чэрвеня 2024 года. Падача заявак – да 20 сакавіка 2022 г. Больш падрабязна тут.

    – «Беларуская акадэмія» адкрыла набор для беларускіх студэнтаў на анлайн-навучанне па спецыяльнасці «Менеджмент і медыяцыя». Навучанне праходзіць на беларускай і рускай мовах. Выпускнікі атрымліваюць дыплом еўрапейскага ўзору. Больш падрабязна тут.

    – Інстытут перспектыўных даследаванняў у галіне гуманітарных навук у Эсэне (Германія) з кастрычніка 2022 г. запрашае на навуковыя стажыроўкі са стыпендыямі для даследчыкаў у галіне гуманітарных, культуралагічных і сацыяльных навук. Кандыдаты на атрыманне стыпендыі павінны мець доктарскую ступень (PhD). Прыём заявак – да 28 лютага 2022 г. Больш падрабязна тут.

    – Інстытут Кенана (ЗША) вядзе прыём заявак на стыпендыяльны конкурс для даследчыкаў і практыкаў, якія вывучаюць палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя, культурныя і гістарычныя пытанні, звязаныя з Расіяй і/або іншымі краінамі рэгіёна. Абмежаванняў па грамадзянстве няма. Прымаюцца як індывідуальныя, так і групавыя заяўкі. Прыём заявак – да 1 сакавіка 2022 г. Больш падрабязна тут.

    – Аддзяленне нямецкай і рускай мовы Універсітэта Нотр Дам (ЗША, Індыяна) прымае заяўкі на пасаду выкладчыка рускай мовы з магчымасцю далейшага кар'ернага росту ў гэтай навучальнай установе. Асаблівая ўвага будзе нададзеная суіскальнікам з неакадэмічнага асяроддзя. Прыём заявак да 4 сакавіка 2022 г. Падрабязней: https://apply.interfolio.com/102086

    Апошнія навіны