Паважаная Прэзідэнтка Санду,
Паважаная Прэзідэнтка Грыбаўскайце,
Шаноўная Данута Гюбнер,
Дарагія сябры,
Дазвольце мне павітаць арганізатарак і арганізатараў гэтага Форума. Мне прыемна бачыць у гэтай залі так шмат уплывовых жанчын. Падчас вайны становіцца зразумела, што чым больш у палітыцы будзе жанчын, тым больш будзе спагады, чалавечнасці і мудрасці ў нашых рашэннях. Гэта менавіта тое, што трэба свету – цяпер і ў любы іншы час.
Як вы ведаеце, гэта мой першы візіт у Малдову. Учора мне ўдалося ўбачыць Кішынёў, сустрэцца з парламентарыямі, у тым ліку з парламенцкай групай «За дэмакратычную Беларусь». І ведаеце што – абсалютная большасць удзельнікаў групы – жанчыны.
Не, мяне гэта не дзівіць. Я ведаю, што мы, жанчыны, значна лепш спраўляемся, калі патрэбныя салідарнасць і супрацоўніцтва.
Мяне захапляе тое, чаго Малдова дасягнула за апошнія гады. Я маю на ўвазе глабальныя змены ў грамадстве, удзел жанчынаў, эканамічнае развіццё, але таксама – уражлівы прагрэс у еўрапейскай інтэграцыі.
Я ведаю, што ў гэтым ёсць заслуга прэзідэнта Маі Санду і цудоўных жанчынаў Малдовы. Гэта ваш поспех. Вы можаце ганарыцца тым, што менавіта жанчыны звярнулі вашу краіну на еўрапейскі шлях развіцця. І гэты шлях незваротны. Вы падаеце прыклад і нам, беларусам.
Абедзве нашыя краіны моцна пацярпелі падчас савецкай акупацыі. Прыгнятальнікі ставілі доследы над нашай нацыянальнай ідэнтычнасцю, русіфікавалі нас і душылі любыя праявы самавызначэння.
Мы выраслі ў савецкім патрыярхальным грамадстве, дзе роля жанчыны шмат у чым зводзілася да ролі жонкі і маці. У палітыцы прысутнасць жанчын была даволі цырыманіяльнай, а ўсе рашэнні прымаліся мужчынамі.
Менавіта з-за гэтага савецкага ўспрымання жанчынаў дыктатар Лукашэнка ў 2020 годзе дапусціў смяротную памылку, дазволіўшы зарэгістраваць мяне ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта. «У нас Канстытуцыя не пад жанчыну», – казаў ён. Мяне зарэгістравалі толькі для таго, каб выставіць на пасмешышча.
Калі шчыра, я не збіралася ісці ў палітыку. Увесь свой час я прысвячала выхаванню дзяцей. Гэта было нялёгка, бо ў майго сына Карнея былі праблемы са слыхам. Я з усяе сілы старалася аднавіць яго здароўе.
Я вырашыла балатавацца на тых выбарах з кахання да свайго мужа. Калі ён аб'явіў, што будзе балатавацца на пасаду прэзідэнта, яго амаль адразу арыштавалі. Я не магла падвесці Сяргея і ўсіх тых людзей, якія яму даверыліся. Я адчула вялікую салідарнасць і падтрымку з боку беларускіх жанчын і ўсіх беларусаў.
І ведаеце што? Я перамагла. Мы ўсё перамаглі. Уявіце сабе страх і прыніжэнне дыктатара: на прэзідэнцкіх выбарах яго перамагла жанчына, хатняя гаспадыня.
А далей вы ўжо ведаеце. Гэта не столькі мая асабістая гісторыя, колькі гісторыя беларускага народа і яго мужнасці. Салідарнасці. Крэатыўнасці.
Наш пратэст сталі зваць рэвалюцыяй з жаночым тварам. Мы з Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкала аб'ядналіся ў жаночы трыумвірат. Нам спатрэбілася ўсяго 15 хвілін, каб дамовіцца аб аб'яднанні сіл.
Мы ездзілі па Беларусі, агітуючы за перамены. Гэта было неверагоднае адчуванне – бачыць, як на нашыя мітынгі прыходзяць тысячы людзей. Многім здавалася, што народ нарадзіўся нанова.
Мы зноўку адкрылі не толькі наш нацыянальны гонар. Мы таксама даведаліся, колькі смелых, яркіх, таленавітых жанчын усіх узростаў жыве ў нашай краіне.
Жанчын, якія не баяліся ўзброеных мужчын на вуліцах. Калі свет убачыў нашых жанчын у белым, якія мірна пратэстуюць з кветкамі ў руках, гэта быў не проста сімвалічны акт. Гэта была дзёрзкая заява.
Жанчыны Беларусі паўсталі не толькі супраць дыктатуры. Для пачатку ім прыйшлося скінуць з сябе груз патрыярхальных забабонаў. Яны гэта зрабілі. І яны ўзначалілі пратэст.
Яны нашыя сапраўдныя гераіні. Сярод іх – Марыя Калеснікава, якая парвала свой пашпарт, каб яе не дэпартавалі з Беларусі. Сярод іх і Вольга Калацкая, якая дала аплявуху прапагандысту з лукашэнкаўскага тэлебачання. Сярод іх Наталля Хершэ, якая спрабавала сарваць маску з паліцэйскага, які напаў на яе. Сярод іх Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова, якія вялі прамы рэпартаж з пратэстнай акцыі, пакуль іх саміх не жорстка арыштавалі.
На жаль, шмат хто з гэтых жанчын сёння знаходзяцца ў турме. Лукашэнка ім не дараваў, таму што яны аказаліся храбрэйшымі і мацнейшымі за яго.
У Беларусі 1500 афіцыйна прызнаных палітвязняў. Каля двухсот з іх – жанчыны ўсіх узростаў, з усіх рэгіёнаў, з усіх слаёў грамадства. Іх утрымліваюць у такіх жа суровых, бесчалавечных умовах, як і мужчын. Але яны не здаюцца.
Праваабаронца Наста Лойка абараняла правы тых, хто падвергся незаконнаму затрыманню, катаванням і знявагам з боку ўладаў. Яна сама апынулася ў турме. Яе прыгаварылі да сямі гадоў пазбаўлення волі.
У зімовыя маразы адміністрацыя турмы прымусіла яе стаяць у двары без вопраткі 8 гадзін. Чаму? Таму што Наста заступілася за іншых зняволеных, якіх таксама мучылі холадам. Вядома, Наста пасля гэтага захварэла. Медыцычную дапамогу ёй пасля гэтага не аказалі.
Паліну Шарэнда-Панасюк, маці дваіх дзяцей, прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі. Толькі летась яна правяла больш за 200 дзён у штрафным ізалятары. Яе збілі, ёй зламалі рэбры. Ёй адмаўляюць у лячэнні і леках ад захворвання печані. Яе літаральна забіваюць. Пры росце 170 см Паліна зараз важыць усяго 47 кг. На мінулым тыдні Паліну прыгаварылі да новага – ужо трэцяга запар тэрміну зняволення.
Данута Пярэдня была адной з лепшых студэнтак свайго ўніверсітэта. Ёй было ўсяго 20 гадоў, калі яе арыштавалі і прыгаварылі да 6,5 гадоў пазбаўлення волі. Яе таксама ўнеслі ў спіс тэрарыстаў. Чаму? Таму што яна ўсяго толькі зрабіла рэпост паведамлення з крытыкай вайны ва Украіне і ролі ў ёй Лукашэнкі.
Сёння ёсць і добрая навіна: на волю выйшла Аксана Аляксеева. Яна правяла паўтары гады ў турме за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Аксана ўзначальвала мінскі філіял Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Рэжым нядаўна забараніў гэтую партыю, як і ўсе апазіцыйныя партыі.
Дарагія сябры,
Я ўпэўнена, што кожная жанчына ў гэтай зале хоць раз у жыцці сутыкалася з паблажлівым стаўленнем з боку мужчын. Але вы даказвалі, што вы не слабыя. Я таксама даказала дыктатару, што ён памыляўся.
У свеце няма пасад «не пад жанчыну»… А калі ёсць, то нешта не так з гэтымі пасадамі, а не з жанчынамі.
За гэтыя тры гады я сустрэла шмат уплывовых жанчын, якія сваёй паўсядзённай працай руйнуюць любыя стэрэатыпы аб жанчынах у палітыцы. Якія на сваім прыкладзе паказваюць, што жаночае лідарства – гэта тое, што цяпер трэба свету.
Я ў палітыцы не так даўно, і шмат чаму мне прыйшлося вучыцца на практыцы. І шмат чаму я навучылася ад жанчын-лідараў, з якімі сустракалася. З жанчынамі, як прэзідэнт Даля Грыбаўскайце. Я памятаю яе параду: ніколі не паказвай сваёй слабасці. Пакуль у мяне не заўсёды атрымліваецца, але я зразумела, наколькі важна быць устойлівай, калі не ведаеш, колькі яшчэ трэба будзе ваяваць.
Я таксама шмат чаму навучылася ў Прэзідэнткі Маі Санду. Я захапляюся яе лідарствам і настойлівасцю. Яна так старанна працуе, каб дапамагчы Малдове і яе народу здабыць квітнеючую і бяспечную будучыню. Я ведаю, як гэта цяжка. Гэта патрабуе вялікай працы і цярпення. Я захапляюся сілай Маі. Яна адна з самых смелых жанчын, якіх я сустракала.
Я вучуся стойкасці і ў сваіх дзяцей. Яны ўжо разумеюць, дзе іх тата. А мая дачка рэгулярна піша яму лісты, хаця адказаў з турмы так і не атрымлівае.
Дарагія сябры,
Нашая барацьба за свабоду не скончаная. Ведаеце, свабода – гэта не проста палітычнае паняцце. Гэта глыбокае асабістае і эмацыйнае адчуванне.
Гэта мара кожнай маці, якая жадае лепшай будучыні для сваіх дзяцей. Мара моладзі, якая хоча без страху выказваць свае ідэі. Мара старых, якія жадаюць пакінуць пасля сябе спадчыну мужнасці і стойкасці.
Сёння мы ў Беларусі змагаемся не толькі за свабоду, але і за самое існаванне нашай краіны. Расія з дапамогай Лукашэнкі спрабуе разбурыць нашу нацыянальную ідэнтычнасць і сцерці нас з карты свету. Але Беларусь – не Расія, а беларусы – не рэжым.
Як і малдаване ці ўкраінцы, мы бачым будучыню Беларусі ў Еўрапейскім саюзе. Толькі ў Еўрапейскім саюзе Беларусь можа быць па-сапраўднаму бяспечнай, свабоднай і квітнеючай.
Я ведаю, што шлях да ЕС будзе доўгі, але ён адзіна правільны. Вядома, перамены ў Беларусі – гэта задача саміх беларусаў, але з вашай падтрымкай мы дасягнем сваёй мэты хутчэй.
Я прашу вас падтрымаць свабодную Беларусь на гэтым шляху. Дапамажыце нам вырваць нашу краіну з кіпцюроў Расіі і зрынуць дыктатуру. Нам трэба ізаляваць рэжым, з аднаго боку, але падтрымліваць беларусаў – з другога.
Падтрымайце рэпрэсаваных, незалежныя СМІ і нашых актывістаў. Дапамажыце былым палітвязням рэабілітавацца, арганізуйце стажыроўкі для беларускіх палітыкаў, стыпендыі для студэнтаў і навукоўцаў і рэзідэнцыі для рэпрэсаваных культурных дзеячаў.
Зусім нядаўна рэжым спыніў працягваць пашпарты і іншыя дакументы беларусам у выгнанні. Гэта спосаб помсты ўсім, хто адважыўся кінуць выклік дыктатару. Паўмільёна беларусаў у выгнанні рызыкуюць стаць дэ-факта асобамі без грамадзянства.
Цяпер мы працуем над пашпартам новай Беларусі, які вырашыць гэтую праблему. Мы чарговы раз бяром на сябе задачу, якую павінна выконваць дзяржава. Але яно занадта занятае паляваннем на сваіх ворагаў. Іх вораг – свабодалюбівыя людзі Беларусі.
Дарагія сябры,
Наша барацьба ў Беларусі не ўнікальная. Ва ўсім свеце, у многіх краінах дух дэмакратыі сутыкаецца з выклікамі. І хаця ў нас розныя сітуацыі, нашы імкненні аднолькавыя.
Мы змагаемся за асноўныя правы чалавека, за магчымасць размаўляць, думаць і жыць без страху.
Я часта думаю пра жанчын і мужчын у Беларусі, якія рызыкуюць усім, што ў іх ёсць, дзеля светлай будучыні. Іх сіла натхняе мяне. Іх дух, іх надзея нават у самыя змрочныя часы – вось дзякуючы чаму мы працягваем нашу барацьбу.
Я прашу кожную і кожнага з вас: не заставайцеся ў баку, не назірайце, а дапамагайце. Падтрымлівайце нас, дзяліцеся інфармацыяй і дапамагайце ўсім, чым можаце.
У рэшце рэшт, мы ўсё жадаем аднаго і таго ж: каб нашы дзеці жылі ў бяспечным і вольным свеце, дзе ніхто не душыць іх мар і не заглушае іх галасы.
Дзякуй, што падтрымліваеце Беларусь. Дзякуй, што верыце ў нашу мару.