• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прамова Святланы Ціханоўскай на канферэнцыі «Хельсінкскі дыялог», 2024

    11 студзеня, 2024

    «Паважаная Міністарка Эліна Валтанен,

    Паважаная Генеральная секратарка,

    Паважаны Кіма,

    Дарагія сябры з Беларусі і іншых краін,

    Для мяне вялікі гонар і прывілей выступаць на адкрытым Хельсінкскім дыялогу.

    Вельмі сімвалічна, што канферэнцыя аб будучыні Беларусі праходзіць у Фінляндыі.

    Шлях Фінляндыі дае нам надзею і натхненне. Шлях Фінляндыі – гэта сведчанне стойкасці і рашучасці народа, які адданы свайму суверэнітэту.

    Тэрмін «фінляндызацыя», які некалі азначаў стратэгічны нейтралітэт, зараз адлюстроўвае гордую гісторыю краіны, якая ўпэўнена заявіла аб сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці і выбрала свой шлях да свабоды.

    Досвед Фінляндыі паказвае нам, што змены магчымыя – што краіна можа выйсці з ценю буйнейшай дзяржавы і заззяць яркім святлом як самастойная нацыя.

    Свабодная, дэмакратычная і квітнеючая Беларусь – гэта не проста мара, гэта будучыня, якую мы маем намер рэалізаваць.

    Тры гады таму беларусы аддалі перавагу дэмакратыі над тыраніяй. Правам чалавека над беззаконнем. Наш пратэст быў мірным і рашучым.

    З тых часоў нашая мэта не змянілася: мы па-ранейшаму адданыя пошуку мірнага вырашэння сітуацыі.

    Мы хочам, каб пераход да дэмакратыі быў не толькі мірным, але і ўстойлівым. Таму мы распрацоўваем канстытуцыю і новае выбарчае заканадаўства. Нам трэба зрабіць так, каб тыранія ніколі больш не з’явілася ў Беларусі.

    Мы цвёрда верым у прынцыпы дэмакратыі. А дэмакратыя – гэта ў першую чаргу дыялог. Таму мы ўжо фарміруем інстытуты, якія празрыстыя, адкрытыя і інклюзіўныя. Дзе чутны голас кожнага і кожнай.

    Мы хочам пабудаваць Беларусь, дзе ёсць правы чалавека, плюралізм палітычных меркаванняў, вяршэнства закона і дзе ёсць месца кожнаму і кожнай. Такія каштоўнасці ляжаць у аснове сучасных дэмакратычных дзяржаваў, такіх як Фінляндыя, і з’яўляюцца асноўнымі прынцыпамі Савета Еўропы.

    Савет Еўропы заснаваны на гэтых каштоўнасцях, і нам трэба пачынаць прымаць, рэалізоўваць і прасоўваць яго ідэалы ўжо сёння. Вось чаму так важна наша цесная праца з Саветам Еўропы.

    Калі адкрыецца акно магчымасцяў, гэта будзе ўнікальны шанец для нашай краіны. Шанец, які выпадае раз у пакаленне ці нават радзей. Мы не можам упусціць гэты шанец. Мы павінны быць гатовыя да яго.

    Мы гатовы працаваць, і я ўпэўненая, што ў нас ёсць патрэбны для гэтага досвед. Там, дзе досведу нам не хапае, будзе карысным нашае супрацоўніцтва з Саветам Еўропы.

    Шлях да дэмакратыі можа быць доўгім і цяжкім. Каб прайсці яго, нам патрэбныя салідарнасць і падтрымка. Мы жадаем адчуваць падтрымку як асобных краінаў, так і цэлых кантынентаў. Людзі ў Беларусі не павінныя адчуваць сябе кінутымі ці абдзеленымі ўвагай.

    Нельга забываць і пра больш за 1 500 палітычных зняволеных у Беларусі. Многія з іх знаходзяцца ў цяжкім стане і тэрмінова маюць патрэбу ў нашай дапамозе. Мы іх адзіная надзея на выратаванне, і нам трэба працягваць змагацца за іх вызваленне.

    Салідарнасць, якая патрэбная народу Беларусі, таксама павінна быць адчувальнай і канкрэтнай. Трэба знайсці дзейсныя спосабы дапамагчы людзям. Я спадзяюся, што менавіта такія спосабы ўдасца знайсці падчас сённяшніх і заўтрашніх экспертных дыскусій.

    І нарэшце, гэты дыялог дасць нам, дэмакратычным сілам Беларусі, магчымасць абмеркаваць, як выбудаваць нашую працу, каб яна прыносіла вынік.

    У заключэнне дазвольце мне падзякаваць Кіму Кільюнену за арганізацыю сённяшняга мерапрыемства. Дзякуй Парламенту Фінляндыі, Міністэрству замежных справаў і ПАСЕ за нязменную падтрымку Беларусі на яе шляху да дэмакратычнай еўрапейскай будучыні.

    Гэта больш, чым жэст сяброўства, гэта рука дапамогі, якая дапамагае нашаму народу не губляць надзею.

    Давайце працаваць поплеч, каб хутчэй надышоў дзень, калі Беларусь, як і Фінляндыя, стане сімвалам трыумфу дэмакратыі і духу свабоднага народа.

    Дзякуй!»

    Апошнія навіны