• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Лістапад 2023 / Выпуск 20

    21 лістапада, 2023

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бясьпечны ананімны чат-бот: @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных формаў ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.

    Сачыце за навінамі Асветы на сайце, у Facebook і Instagram.

    • Міжнародныя магчымасці

    Стыпендыя факультэта славянскіх моваў і літаратуры ўніверсітэта Таронта

    Кафедра славянскіх моваў і літаратуры прымае заяўкі на магістарскія і доктарскія праграмы на восень 2024 года. Абедзве праграмы пакрываюць плату за навучанне і даюць стыпендыю на пражыванне.

    Прыём заявак: да 12 студзеня 2024. Падрабязнасці па спасылцы

    Стажыроўка ў Max Planck Institute for Infection Biology

    Інстытут прапануе трохмесячныя стажыроўкі са жніўня па кастрычнік 2024 для замежных студэнтаў бакалаўрыяту і магістратуры. Памер стыпендыі: 1300 эўра, што пакрывае выдаткі на пражыванне ў Берліне. Акрамя таго стыпендыя забяспечвае кампенсацыю транспартных выдаткаў і пражыванне побач з інстытутам. На стажыроўку могуць разлічваць студэнты бакалаўрыяту і магістратуры па такіх напрамках, як біялогія, медыцына, біяхімія, эпідэміялогія або сумежныя дысцыпліны. Для заяўкі неабходна падаць матывацыйны ліст, рэзюмэ, рэкамендацыю, дакументы аб адукацыі.

    Прыём заявак: да 26 лістапада 2023. Больш падрабязна пра стажыроўку

    Рэзідэнцыя Akademie Schloss Solitude

    Адна з найбуйнейшых рэзідэнцый Еўропы аб’яўляе набор на новую праграму для маладых вучоных і мастакоў. Рэзідэнцыя адбудзецца ў Штутгарце (Германія). Памер штомесячнай стыпендыі – 1200 еўра, таксама даецца бясплатнае пражыванне і магчымасць працаваць у студыі, пакрыццё выдаткаў на транспарт, медыцынскую страхоўку і працоўныя матэрыялы/інструменты. Мовы рэзідэнцыі: англійская, нямецкая, французская. Працягласць – 6, 9 ці 12 месяцаў, рэалізацыя  у 2024-2026 гадах. Адміністрацыйны збор пры падачы заяўкі – 15 еўра (для ўдзельнікаў з Беларусі).

    Дэдлайн першага раунда падачы: 30 лістапада 2023. Усе падрабязнасці па спасылцы. Запоўніць анлайн-заяўку

    Стыпендыя Фонду Абамы

    Стыпендыя на праходжанне стажыроўкі ў Калумбійскім універсітэце, ЗША.

    Дадзеная праграма адрасавана перспектыўным лідарам і лідаркам з усяго свету, якія дэманструюць прыхільнасць да вырашэння праблем у сваіх супольнасцях і краінах. Працягласць – 9 месяцаў. Стажоры пройдуць цалкам фінанасаваную рэзідэнцыю ў кампусе Columbia World Projects, паглыбляючы свае веды і навыкі, а таксама ствараючы новыя магчымасці і наладжваючы кантакты для свайго ўздзеяння. Стыпендыя пакрывае кошт навучання, транспартныя выдаткі, штомесячную стыпендыю, пражыванне, медыцынскую страхоўку. Для падачы заяўкі неабходныя: матывацыйны ліст, рэзюмэ, відэапрэзентацыя, моўны сертыфікат, 2 рэкамендацыі.

    Прыём заявак: да 12 снежня 2023. Падрабязней пра стыпендыю

    Стыпендыі для беларускіх выкладчыкаў, вучоных і аспірантаў у межах праграмы EU4Belarus – SALT

    Праграма дае магчымасць працягваць акадэмічную і/або педагагічную дзейнасць, павышаць узровень сваіх ведаў, наладжваць прафесійныя кантакты ў краінах ЕС. Гэта прамая падтрымка беларускіх заяўнікаў, якія жывуць у Беларусі альбо былі вымушаныя пераехаць з Беларусі ў ЕС праз палітычны крызіс у Беларусі, а таксама садзейнічанне акадэмічнай мабільнасці беларускіх выкладчыкаў, даследчыкаў, вучоных і аспірантаў. Заяўкі на ўдзел у конкурсе могуць быць пададзеныя па ўсіх абласцях навукі. Працягласць стажыроўкі – ад да 3 да 9 месяцаў.

    Прыём заявак: да 15 снежня 2023 года. Падрабязнасці

    Праграма Master of Arts in European Interdisciplinary Studies

    Даступная ў тым ліку для беларусаў. Міждысцыплінарная праграма дае ўдзельнікам унікальны досвед вывучэння ўнутраных і знешніх працэсаў ЕС, а таксама найважнейшых пытанняў XXI стагоддзя: геастратэгія, кліматычны і энергетычны пераход, медыя і лічбавыя трансфармацыі. У праграме могуць браць удзел выпускнікі ўніверсітэтаў з акадэмічнай адукацыяй у наступных сферах: права, эканоміка, палітычныя ці сацыяльныя навукі, гісторыя, філасофія, геаграфія, лінгвістыка ці журналістыка, і якія зацікаўленыя ў падыходзе да працэсу еўрапейскай інтэграцыі ў шырокай і міждысцыплінарнай перспектыве. Навучанне будзе праходзіць на базе кампуса Каледжа ў Наталіне (Польшча). Стыпендыі пакрываюць кошт навучання і пражывання ў кампусе.

    Прыём заявак: да 16 студзеня 2024. Падрабязней пра стыпендыю

    Магістарскія і аспіранцкія праграмы ў Каледжы Еўропы

    Еўрапейскі каледж адкрыў прыём анлайн-заявак на магістарскія праграмы на 2024-2025 навучальны год. Для студэнтаў з краін Усходняга партнёрства, у тым ліку грамадзян Беларусі, прадугледжаныя стыпендыі. Магістарскія праграмы: еўрапейская эканоміка, права, палітыка і кіраванне, міжнародныя адносіны і дыпламатыя ЕС. Рэалізуюцца на базе кампусаў у Бруге (Бельгія), Наталіне (Польшча) і ў Тыране (Албанія). Аспіранцкая праграма «European Interdisciplinary Studies» на 2024/2025 год, рэалізуецца на базе кампуса ў Наталіне.

    Прыём заявак: да 16 студзеня 2024 года. Падрабязней пра магістарскія стыпендыі. Падрабязней пра праграму для аспірантаў. Падаць анлайн-заяўку

    Стыпендыя The ONISILOS Marie Sklodowska-Curie

    Універсітэт Кіпра запрашае постдактарантаў падаваць заяўкі на пазіцыю даследчыка ў межах даследчай праграмы пад назвай: «ONISILOS – Суфінансаванне перадавых міжнародных, міждысцыплінарных і міжсектаральных даследаванняў ва Універсітэце Кіпра». Агульная колькасць даступных месцаў – 27. Праграма адкрытая для вядучых даследчыкаў з усяго свету і ў межах канкрэтных міжсектаральных і міждысцыплінарных дысцыплін і тым, якія можна знайсці тут.

    Прыём заявак: да 25 студзеня 2024. Кіраўніцтва для суіскальнікаў (PDF-файл). Пералік дысцыплін, уключаных у праграму

    На сайце АСВЕТА апублікаваны агляд 25+ праграм з падачай заявак у лiстападзе-снежні 2023 года. Ён даступны тут.

    Sviatlana Tsikhanouskaya Scholarship at MCI

    Promoting Freedom, Democracy & Good Governance

    Аўстрыйскі ўніверсітэт MCI Management Center Innsbruck запусціў стыпендыяльную праграму пад ганаровым патранажам Святланы Ціханоўскай. Праграма прызначана для беларусаў і грамадзян іншых Усходнееўрапейскіх краін, уцягнутых у актыўнасці, якія прасоўваюць каштоўнасці свабоды, дэмакратыі і добрага кіравання.

    Стыпендыя дасць магчымасць на льготнай аснове атрымаць ступень бакалаўра або магістра па наступных напрамках: «Бізнес і менеджмент», «Прадпрымальніцтва, турызм і адпачынак«, «Біятэхналогіі», «Бізнес-псіхалогія і менеджмент», «Экалагічная, тэхналагічная і энергетычная інжынерыя», «Міжнародны бізнес і права», «Міжнародны бізнес і менеджмент», «Міжнародны менеджмент аховы здароўя», «Менеджмент, камунікацыя і ІТ», «Мехатроніка і разумныя тэхналогіі», «Медыцынскія тэхналогіі», а таксама MBA «Агульнае кіраванне». Прыём заявак адкрыты да 31 сакавіка 2024 года. Падрабязней пра стыпендыю можна прачытаць у гэтым PDF-файле.

    Ментарская праграма Global Thinkers Forum

    Анлайн-праграмы настаўніцтва «Telemachus» і «Athena» звязваюць падапечных з лідарамі меркаванняў і людзьмі, арыентаванымі на сацыяльнае ўздзеянне. Telemachus – праграма для ўдзельнікаў ва ўзросце 18 да 29 гадоў з усяго свету, Athena – праграма для жанчын старэйшых за 22 гады. Ментарская праграма – гэта магчымасць індывідуальнага развіцця для задавальнення індывідуальных запатрабаванняў у навучанні, развіцці асабістага і прафесійнага патэнцыялу. Працягласць праграмы – 8 месяцаў. Патрабаванні да суіскальнікаў: свабодная англійская, ступень бакалаўра, прафесійны вопыт не менш за 5 гадоў.

    Прыём заявак: да 30 лістапада. Падаць заяўку анлайн

    Стажыроўкі ў Max Planck Institute

    Праграма стажыровак прапануе магчымасць азнаёміцца з даследчымі і акадэмічнымі юрыдычнымі навыкамі ў асноўных сферах параўнальнага публічнага, еўрапейскага і міжнароднага права. Працягласць стажыровак – ад 4 да 12 тыдняў. Даступная студэнтам бакалаўрыяту і магістратуры па напрамках юрыспрудэнцыя, міжнародныя адносіны, філасофія, сацыяльныя і палітычныя навукі. Прадугледжаная стыпендыя ў памеры 300 еўра. Неабходна прадаставіць моўны сертыфікат (англійская С1, веданне нямецкай будзе перавагай), дакументы аб адукацыі і матывацыйны ліст.

    Падача заявак на перыяд травень-кастрычнік 2024: да 1 снежня 2023. На перыяд лістапад 2024-красавік 2025: да 1 чэрвеня 2024. Падрабязныя ўмовы

    Магістратура ў Дэлфцкім тэхнічным універсітэце

    Стыпендыя Юстуса і Луіза ван Эфен для замежных студэнтаў, якая пакрывае выдаткі на навучанне па адной з магістарскіх праграм універсітэта на працягу аднаго навучальнага года. Для атрымання стыпендыі трэба мець ступень бакалаўра, высокія балы і запрашэнне на магістарскую праграму ад Дэлфцкага ўніверсітэта. Акрамя гэтага неабходны матывацыйны ліст, 2 рэкамендацыі, моўны сертыфікат.

    Прыём заявак: да 1 снежня. Падрабязнасці па спасылцы

    Праграма Gates Cambridge

    Дадзеная стыпендыя адна з самых прэстыжных у свеце і пакрывае выдаткі на паслядыпломную адукацыю ў Кембрыджскім універсітэце. Распаўсюджваецца на навучанне па любой з праграм універсітэта. Для атрымання стыпендыі неабходна падаць дакументы па адукацыі, эсэ, рэкамендацыю, план даследавання (для PhD). У выпадку станоўчага рашэння ўдзельніку праграмы кампенсуецца кошт навучання, прадастаўляецца стыпендыя 20000 фунтаў на год на пражыванне, кампенсуюцца транспартныя выдаткі.

    Прыём заявак: да 5 снежня ці 4 студзеня (у залежнасці ад спецыяльнасці). Як падаць заяўку і крытэры адбору

    Стыпендыя Radboud University

    Магчымасць атрымаць ступень магістра і стаць членам акадэмічнай супольнасці для студэнтаў краін, якія не ўваходзяць у ЕС/ЕЭС. Фінансаванне ў межах стыпендыі пакрывае выдаткі на аплату навучання, пражывання, медыцынскай страхоўкі і візавых расходаў. Для падачы неабходны матывацыйны ліст, рэзюмэ, 2 рэкамендацыйныя лісты, моўны сертыфікат

    Прыём заявак: да 31 студзеня 2024. Падаць заяўку анлайн

    Школа культурнай антрапалогіі і гуманітарных навук на Мальце

    Летняя палявая школа арыентавана на маладых антраполагаў і культуролагаў, накіраваных на развіццё ўласных даследчых праектаў. Праграма будзе карысная як для спецыялістаў-пачаткоўцаў, так і для дасведчаных даследнікаў і аспірантаў. Кошт праграмы – 3550 еўра, прадугледжаны шэраг зніжак і стыпендый. Колькасць месцаў абмежаваная.

    Падрабязней пра праграму. Падаць заяўку анлайн

    • Дапамога палітзняволным

    Офіс па адукацыі для новай Беларусі

    Офіс прымае заяўкі на кампенсацыю расходаў ад былых палітзняволеных студэнтаў_ак/вучняў_ніц з Беларусі, якія маюць патрэбу ў фінансавай дапамозе. Якія выдаткі могуць быць кампенсаваныя ў межах праграмы: набыццё тэхнікі для штодзённага выкарыстання і вучобы, кароткатэрміновая арэнда жылля ў краіне навучання, аплата медыцынскіх паслуг, у тым ліку псіхатэрапію, не прадугледжаных іншымі праграмамі, ды інш. Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праграмы Orange Scholarships Каралеўства Нідэрландаў.

    Падаць заяўку

    Еўрапейскі Саюз у рамках праграмы «EU4Belarus – SALT-II» (Support for Advanced learning and training) абвяшчае прыём заявак на атрыманне фінансавай падтрымкі ў памеры да 1450 еўра на вывучэнне адной з еўрапейскіх моў (на выбар суіскальніка) і здачы па ім іспыту. Праграма прызначана для беларускіх студэнтаў-палітвязняў.

    Умовы праграмы і падача заяўкі

    • Грамадзянская супольнасць і адукацыя

    25 лістапада ў Варшаве адбудзецца гібрыднае мерапрыемства (афлайн + анлайн) аб адукацыйных магчымасцях для беларусаў у ЕС. Як паступіць у замежную ВНУ, знайсці фінансавую падтрымку для навучання ў ЕС, пабудаваць прафесійную кар’еру ці стаць валанцёрам у Еўропе? Як абраць траекторыю вучобы ці пабудаваць кар’еру? Дата правядзення: 25 лістапада. Удзельнікі і эксперты: праекты EU4Belarus, EU4Youth і Social Camp;  Каледж Еўропы, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт і Вольны беларускі ўніверсітэт; а таксама adu.place і Паслы еўрапейскай моладзі. Зарэгістравацца на імпрэзу можна тут.

    На сайце Банка Ідэй апублікаваныя матэрыялы даследавання «Сучасныя тэндэнцыі ў распрацоўцы стратэгій Навучання Цягам Усяго Жыцця: агляд і агульныя прынцыпы». Канцэпцыя навучання цягам ўсяго жыцця (НЦУЖ) стала папулярнай у пачатку 1970-х гадоў. Якія новыя сэнсы і ідэі ўключае стратэгія НЦУЖ сёння, і як яе могуць прымяніць беларусы – пра гэта і не толькі чытайце ў канспекце даследавання на сайце Банка Ідэй.

    Праект «Васьміног» прадставіў грунтоўнае даследаванне стану беларускай адукацыі пасля 2020 года. Якія тэндэнцыі выяўленыя, на што ёсць запыт сёння, як адбываецца мілітарызацыя і ідэалагізацыя беларускай адукацыі – кароткі агляд даследавання можна прачытаць тут.

    Філолаг Ірына Казачэнка стварыла анлайн-курс па арфаграфіі беларускай мовы для ўсіх, хто рыхтуецца да цэнтралізаванага іспыту. Гэты курс могуць прайсці і тыя, хто проста хоча праверыць свае веды. На платформе таксама даступна мноства навучальных відэа, якія будуць карысныя і дзецям, і дарослым.

    Гісторык і даследчыца Таццяна Астроўская атрымала прэмію Францыска Багушэвіча за манаграфію «Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968-1988)». Беларускі ПЭН-цэнтр уручае гэтую прэмію штогод, пачынаючы з 1995 года, за выбітную гістарычную прозу, якая садзейнічае абуджэнню гістарычнай свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў. Сайт BUDZMA апублікаваў вялікае інтэрв’ю з Таццянай, прачытаць якое можна тут.

    OSUN Science Shop у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня, Літва) адкрывае праграму супрацоўніцтва на сезон 2023/2024. Прымаюцца заяўкі ад грамадскіх і культурніцкіх арганізацый на сумесныя праекты са студэнтамі і выкладчыкамі ЕГУ. Праекты могуць быць рэалізаваныя ў межах навучальных курсаў і дыпломных работ ва ўніверсітэце, а таксама як навучальныя практыкі ці стажыроўкі. Мэта ініцыятывы – дапамагчы розным арганізацыям знаходзіць рашэнні з улікам іх рэальных патрэбаў і запытаў. Больш падрабязная інфармацыя і форма заяўкі даступны тут.

    На YouTube-канале кандыдата гістарычных навук Яўгена Красуліна апублікаваны курс лекцый «Дыктатура ў тэорыі і на практыцы». Курс складаецца з 9 відэа, у якіх эксперт закранае як базавыя пытанні (сутнасць тэрміна «дыктатура» і тыпы дыктатур), так і вузейшыя тэмы: ці магчымая «добрая дыктатура», якія наступствы для грамадства нясе дыктатура і іншыя. У цыкл лекцый таксама ўключаны аналіз дыктатарскіх рэжымаў Лацінскай Амерыкі XIX-XX стагоддзяў.

    Выкладчык Сяргей Альшэўскі даў інтэрв’ю YouTube-каналу «Беларуская мара». Ці дастаткова адзін раз адвучыцца і атрымаць адну прафесію на ўсё жыццё, што такое «вольны ўніверсітэт», што не так з уступнымі кампаніямі ва ўніверсітэты і чаму размеркаванне студэнтаў-выпускнікоў усё ж павінна застацца?

    • Рэпрэсіі

    Праект Students4student (створаны пры ўдзеле актывістаў Вольнага прафсаюза Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта) апублікаваў статыстыку па затрыманых студэнтах і студэнтках. Паводле гэтых звестак, па стане на пачатак лістапада 2023 года сама меней 77 студэнтаў і навучэнцаў розных навучальных устаноў адбываюць пакаранне ў Беларусі. 54 з іх знаходзяцца ў турмах, 49 – прызнаныя экстрэмістамі, 9 – тэрарыстамі.

    31 кастрычніка суд Фрунзенскага раёна горада Мінска вынес прысуд дацэнту кафедры беларускай і рускай моваў БДУФК (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры) Наталлі Сівіцкай і кандыдату філалагічных навук, выкладчыцы Надзеі Старавойтавай, а таксама загадчыцы студэнцкага інтэрната Алене Драбудзька. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе і падпісцы на «дэструктыўныя» каналы. Справу разглядала суддзя Алена Бушава. Наталля Сівіцкая і Надзея Старавойтава прыгавораныя да 3 гадоў «хатняй хіміі», Алена Драбудзька – да 2,5 гадоў «хатняй хіміі».

    13 лiстапада стала вядома пра затрыманне выпускніка гістфака і ягонай дзяўчыны за тое, што перасылалі адно аднаму навіны з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. Затрыманыя – 24-гадовы выпускнік гістфака БДУ Мікіта Сіўкоў і 22-гадовая Марына Васілёнак (раней выкладала ангельскую мову). Мяркуючы з інфармацыі з канала сілавікоў, абаім пагражаюць адміністрацыйныя справы.

    • Палiтыка рэжыму

    23 кастрычніка Лідскі раённы суд прызнаў «экстрэмісцкім» тэлеграм-канал Беларускай бібліятэкі і музея імя Францыска Скарыны ў Лондане, а таксама яго лагатып. Бібліятэка была заснаваная ў 1971 годзе, і гэта адзіная бібліятэка па-за межамі Беларусі, якая спецыялізуецца выключна на беларускай тэматыцы. Яе збор налічвае больш за 30 000 тамоў, уключна з матэрыяламі перыяду Беларускай Народнай Рэспублікі (1918 год), архівы беларускіх арганізацый і дзеячаў у выгнанні.

    7 лістапада ў Беларусі адзначаюць Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Напярэдадні «свята» ў школах і ВНУ прайшла серыя ідэалагічных мерапрыемстваў з прасавецкай прапагандай. Як паведамляе сайт motolko.help, такія мерапрыемствы прайшлі ў навучальных установах Брэста, Гродна, Гомеля, Лоева, Ляхавіч, Мінска, Мазыра і ў іншых гарадах. Так, у Беларускім дзяржаўным універсітэце і Магілёўскім агралесатэхнічным каледжы адбыліся ўрачыстыя лінейкі, навучэнцы і супрацоўнікі Мазырскага музычнага каледжа наведалі тэматычны канцэрт. Усе мерапрыемствы былі аформленыя вялікай колькасцю савецкай сімволікі, сцягамі і плакатамі.

    Міністэрства адукацыі і Генеральная пракуратура выпусцілі школьныя падручнікі «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». 16 лiстапада адбылася iх прэзентацыя. У падручніках расказваюць пра «карныя аперацыі нацыстаў, лагеры смерці, якія дзейнічалі на тэрыторыі БССР, дзейнасць калабарацыянісцкіх фарміраванняў, а таксама пра подзвіг і гераізм беларускага народа, уключаючы дзяцей, якія аддалі жыццё за нашу свабоду і незалежнасць». Кнігі выдадзеныя ў трох варыянтах – для 1-4, 5-9 і 10-11 класаў.

    Як стала вядома, ініцыятарам выключэння рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» са школьнай праграмы стаў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін. Да гэтага года твор вывучалі ўсе адзінаццацікласнікі. У ім расказваецца пра час перад паўстаннем 1863 года, а сярод гістарычных персанажаў згадваюцца Кастусь Каліноўскі і Тарас Шаўчэнка. На думку Гігіна, у рамане «шмат выдуманага, розныя гістарычныя персанажы паказаныя ва ўспрыманні нашага выдатнага пісьменніка, але не так, як яны паўстаюць з гістарычных дакументаў». Беларускае медыя Plan B звярнулася па каментар да літаратурнага крытыка. Чаму, на яго думку, Гігін не разбіраецца ў літаратуры, а выключэнне рамана са школьнай праграмы – ганьба? Чытайце аб гэтым у поўнай версіі тэксту.

    Міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што ў прамысловым сектары беларускай эканомікі занята трэць моладзі краіны (больш за 560 000 чалавек). Чыноўнік адзначыў, што дзяржава сур’ёзна падыходзіць да пытанняў рэалізацыі «дзяржаўнай моладзевай палітыкі сярод навучэнцаў», а таксама адзначыў, што «менавіта працоўная моладзь з’яўляецца важным суб’ектам рэалізацыі нашых дзяржаўных падыходаў».

    Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон аб ахове здароўя. Згодна з дакументам, урачам, якія паступаюць у ардынатуру, цяпер неабходна будзе адпрацоўваць пасля навучання не менш як пяць гадоў (да прыняцця паправак – два гады) або, у выпадку адмовы, кампенсаваць поўны кошт вучобы. Міністр аховы здароўя Дзмітры Піневіч заявіў, што гэта справядлівае рашэнне і адзначыў, што атрымліваць некаторыя спецыялізацыі зараз можна будзе толькі праз ардынатуру. Што пра медыцынскую адукацыю і будучыню для ўрачоў думаюць самі медыкі – можна прачытаць тут.

    Міністэрства адукацыі Беларусі плануе пашырыць пералік спецыяльнасцяў у вышэйшых навучальных установах, куды пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд сярод 11-класнікаў змогуць паступаць без экзаменаў. Спіс яшчэ не зацверджаны, але вядома, што ў яго плануюць уключыць шэраг педагагічных і IT-спецыяльнасцяў.

    Услед за школьнікамі і навучэнцамі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, студэнтаў універсітэтаў абавязалі наведваць прагляды дакументальнага фільма пра супрацоўніка КДБ, які загінуў пры штурме кватэры Андрэя Зельцэра. Прагляды арганізаваныя з мэтай «патрыятычнага выхавання навучэнцаў і фарміравання грамадзянскай пазіцыі». Згодна з метадычкай Міністэрства адукацыі, пасля прагляду неабходна правесці абмеркаванне фільма, паразважаць пра тое, ці ёсць розніца паміж гераізмам у мірны і ў ваенны час, абмеркаваць учынак супрацоўніка КДБ.

    Апошнія навіны